15.08.2007 / 15:35

Паляк праектуе найбуйнейшы ў гісторыі парусьнік 1

Па замове расейскага бізнэсоўца.

Польскі інжынэр Зыгмунт Хорэнь, праектуе гіганцкі парусьнік — найбуйнейшы, што калі‑небудзь плаваў па марах і акіянах сусьвету. Яго замовіў расейскі мільярдэр‑эколяг Сяргей Зыранаў.

«Маленькі прынц» будзе мець 210 мэтраў даўжыні, 22 мэтры шырыні і пяць мачтаў. Даўжыня самай высокай мачты складзе 53 мэтры. Ветразі будуць падымацца і апускацца аўтаматычна, абслугоўваць іх зможа адзін чалавек. Пад ветразямі парусьнік будзе разьвіваць хуткасьць да 18 вузлоў (33 км/г), а з двума рухавікамі, кожны зь якіх мае магутнасьць 1600 КВ, будзе ў стане дасягнуць 14 вузлоў (25,9 км/г).

Гіганцкая яхта, аднак, ня будзе прызначаная для Зыранава. Паводле яго задумкі, уладальнікамі яе будуць усе жыхары Зямлі. Расеец мае намэр пусьціць у абарот 6 млрд. акцыяў, кожная з каторых мела б сымбалічны кошт (напрыклад, у Польшчы — 1 злоты). У далейшым акцыянэры будуць выбіраць сябраў экалягічнай рады плянэты. У свой першы рэйс парусьнік выправіцца вакол сьвету. На палубе апынуцца прадстаўнікі ўсіх краінаў Зямлі. У партах будуць адбывацца спатканьні эколягаў, палітыкаў, кіраўнікоў дзяржаваў.

Зыранаў ужо колькі год заангажаваны ў розных экалягічных і дабрачынных акцыях. Некалі ён выплочваў пэнсіі расейскім вэтэранам з Аўганістану, а ў цяжкія 90‑я гг. у сетцы сваіх крамаў прадаваў пэнсыянэрам малако і хлеб за паўцаны. Яго апошнім захапленьнем ёсьць «ратаваньне Зямлі ад чалавечай дурноты». Ён зьяўляецца ініцыятарам праграмы NEO, што прадугледжвае стварэньне ў кожнай дзяржаве, у кожным рэгіёне тэрыторыяў, выключаных з прамысловай актыўнасьці.

Вольга Данішэвіч паводле польскае прэсы

0
Шыцік / Адказаць
15.08.2007 / 16:26
...ад слова "парус"
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру