«Урад будзе рабіць больш жорсткімі патрабаванні да арганізацыі і правядзення агульнарэспубліканскага суботніка, каб ён не ператвараўся ў марнае бадзянне чыноўнікаў і работнікаў арганізацый»,
— заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 20 красавіка падчас суботніка. Як паведамляе прэс-служба ўрада, ён працаваў на будаўнічай пляцоўцы фізкультурна-аздараўленчага комплексу з аквазонай і інфраструктурай сацыяльнага абслугоўвання каля вадасховішча Дразды.
«Суботнік — добрая традыцыя, але мне здаецца, мы крыху аслабілі арганізацыйны пачатак у правядзенні суботніка, — заявіў журналістам кіраўнік урада. — Суботнік — гэта паўнавартасны працоўны дзень. На жаль, усё часцей суботнікі ператвараюцца ў прагулку з мятлой па тэрыторыі».
На думку Мясніковіча, прыбіранне населеных пунктаў павінна ажыццяўляцца па-за суботнікам.
«Нашы гарады і пасёлкі — гэта фактычна наш дом, і мы абавязаны яго ўтрымліваць у належным парадку, — працягнуў прэм’ер-міністр. — Што тычыцца суботніка, то працаваць трэба на сацыяльных аб’ектах ці сваіх працоўных месцах поўны дзень, заробленыя грошы пералічваць у фонд суботніка».
Прэм’ер таксама выказаўся пра ўдзел ў суботніку моладзі.
«Мне здаецца, моладзь не сканцэнтравала намаганні, энтузіязм на патрэбныя краіне і людзям справы, — падкрэсліў кіраўнік урада. — Я мяркую, БРСМ і іншыя маладзёжныя фарміраванні павінны паставіць перад сабой задачу ў найбліжэйшыя некалькі тыдняў ачысціць усе прыгарадныя лясы, зоны адпачынку. Бо хто ў асноўным адпачывае? Моладзь. Хто там пакідае смецце? Таксама моладзь. Значыць, трэба за сабой прыбраць, усё прывесці ў парадак. І гэта таксама па-за суботнікам. У вольны ад вучобы і працы час».
Мясніковіч зазначыў, што «ўсе аб’екты, дзе працуе сёння кіраўніцтва краіны, чыноўнікі міністэрстваў і ведамстваў, — сацыяльна значныя».
«Што тычыцца аб’екта „Аква-Мінск“, на якім працуе наша група, то пасля ўводу ў эксплуатацыю ён будзе, несумненна, цікавы жыхарам і гасцям сталіцы. Пакуль у Мінску яшчэ няма сучаснага аквапарку еўрапейскага ўзроўню, таму з’яўленне гэтага аб’екта на карце горада — доўгачаканая падзея. Упэўнены, што аквапарк з развітай інфраструктурай будзе запатрабаваны і дзецьмі, і дарослымі», — заявіў прэм’ер.

Мяркуецца, што прапускная здольнасць аквапарку летам складзе 7,8 тыс. чалавек на суткі і 6,7 тыс. зімой. Агульная колькасць наведванняў аквапарку ў 2018 годзе дасягне прыкладна 1 млн. 375 тыс. Тут прадугледжваецца стаянка аўтатранспарту на 365 месцаў, велапаркоўка на 44 месцы і іншыя аб’екты інфраструктуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?