Гэты невысокі каржакаваты мужчына глядзеў на ўсіх нібы спадылба. Можа, таму яго не надта і любілі, бо быў ён не такі, як усе — нямы і нават нейкі дзікаваты. Жыў ён, што праўда, у самым людным месцы пасярод вёскі, ля выганчыка, дзе заўсёды спынялася ў чацвяргі аўталаўка, але да людзей не асабліва гарнуўся. Жыў усё жыццё бабылём, без сям’і, з суседзямі не надта трымаў сувязь і толькі зрэдку калегаваўся з такімі ж, як сам, вясковымі пенсіянерамі, каб кульнуць чарку гідкага на смак, але найтаннейшага «амалясу».

У вёсцы нават прызабылі як ён зваўся. Казалі проста «Нямы», ды і ўсё. Ніхто дакладна не ведаў, колькі яму гадоў. Здавалася, Нямы не змяняўся і не старэў, а колішнія дзеці, што павырасталі ўжо і пажаніліся, казалі, што ў часы іх маленства Нямы выглядаў гэтаксама — бліскучая лысіна, зарослы твар ды вялізныя пляскатыя рукі, нібы пераціснутыя ціскамі, з крывымі ды чорнымі ад працы пальцамі. У яго была невялікая сівая барада, якую Нямы ніколі не галіў, а стрыг вялікімі нажніцамі, якімі звычайна гаспадары стрыгуць на вясну авечак. Ад іншых вясковых стары адрозніваўся яшчэ і тым, што зімой і летам хадзіў «адным цветам» у цыраваным злінялым пінжаку. Мясцовыя смяяліся з яго часам: «Глядзіце, які францік шыбуе ў спінжачку, як дырэктар мясакамбіната». Нямы ж не зважаў на кпіны пустабрэхаў, а калі суседзі прасілі яго памагчы ў касавіцы, складанні сена, бульбакапанні ці паставіць курнік, мужчына заўсёды прыходзіў і ў сваім старым пінжаку ўвішна спраўляўся з любою працаю. У вёсцы казалі нават: Нямко нават спаць кладзецца ў сваім спінжаку.

Стары дзівак жыў з невялікай пенсіі, якую заслужыў за шматгадовую язду трактарам па калгасных палях. Трымаў адну рабую кароўку і пару курэй. Быў ён чалавекам ціхім, сціплым, рахманым. Ніколі не сварыўся, не злаваў, зрэшты, і не мог, бо ягоны рот за ўсё жыццё мужыка не зрадзіў ніводнага зразумелага слоўца — адно нейкае мычэнне, мармытанне, неразборлівы шэпт, часам енкі ды стагнанне на падпітую галаву. Што гэта значыла — ніводзін у свеце перакладчык не змог бы растлумачыць. Адны прабавалі разгадаць ды казалі, што Нямы гэтак спявае, стогнучы, а другія ж, больш шанаваныя на вёсцы, меркавалі, што ён гэтак бацькоў кляне, якія на свет яго, бяздольнага, пусцілі. «Гэта ж у яго горыч збіраецца, а потым так з енкам выходзіць, — казалі найбольш чуллівыя жанчыны. — Цяжка яму аднаму век векаваці, што і слова нават няма каму сказаць, у сабе ўсё трэба трымаць. Гэтак яго Бог праз бацькоў пакараў, што надта паганыя людзі, пэўне, былі». Жанчыны зіркалі заўсёды на Нямога са шкадаваннем, калі чакалі аўталаўку на выганчыку і рабіць асабліва не было чаго.

Нямы вельмі любіў аўталаўку, якая была для вясковых нібы «белым голубам» з весткамі вялікага свету, што хаваўся за сасновым борам наўкол вёскі. Нямы ўжо з рана ў чацвер не мог спаць, праз вокны выглядаючы аўталаўку і звычайна не выходзячы адразу да людзей, што збіраліся на выганчыку з заціснутымі ў спатнелых руках тысячамі. Аўталаўка заўсёды ўязджала ва ўрачыстым воблаку пылу і, тройчы прасігналіўшы баўдзілаватым, якія забываліся пра час прыезду крамы на колах, затрымлівалася. З кабіны, крэкчучы і войкаючы, лянотна, нібы цюлень з лежбішча, і неахвотна, як на той свет, памалу вылазіла тоўстая прадаўшчыца. Яе сіні халат — парваны пад пахамі — заўсёды расшпілены, бо не сыходзіўся на сытым целе. Прадаўшчыца па невялічкай драбінцы ўзлазіла да кузава, лаючыся пад нос і мацюкаючы вясковых алкаголікаў: «Што стаіцё, ламы? Патрымайце драбінку!.." З горам яна неяк усцягвалася вышэй, адмыкала буду кузава, і, выставіўшы наперад драўляныя лічыдлы-«шчоты», пытала незычлівым голасам: «Што вам?» Чарга ўтваралася аўтаматычна: кожны ведаў, хто і пасля каго. Большасць старалася застацца на канец, каб іншыя не бачылі, колькі той купляе пладова-ягаднага ці колькі бярэ ў рудую торбу «паўтарачак» піва. Нямы таксама стараўся быць на канцы чаргі. Калі апошняя кульгавешка-бабуля з кіем сыходзіла з-пад цяжкавіка, Нямы падыходзіў да машыны, даставаў з кішэні склееныя паперкі ды пальцам паказваў у нутро аўталаўкі на тое, што хацеў купіць. Ён не быў шапаголікам, не купляў шмат, але амаль заўсёды браў цукеркі-смактулькі. Ён любіў смактаць тыя ляндрынкі ўначы, калі прачынаўся ад горычы ў роце. Тады ён уставаў з ложка, укідаў у рот смактульку і толькі пасля гэтага рытуалу, схаваўшы галаву пад коўдру, мог зноў спакойна заснуць як немаўля.

У тым годзе надвор’е някепска пажартавала з людзей. Калі ў траўні напоўніцу квітнелі яблыні ды слівы, а ўвесь стары калгасны сад, пасярод якога раней у вёсцы стаяла школа, бялеў ад кветак, нібы маладая на вяселлі, нечакана ляснуў мароз. Раніцай уся зямля была белая ад інею ды далікатных пялёсткаў яблычных кветак. «Што ж гэта нарабілася, што нарабілася…» — бядоліла на ўсю вёску рудая кучаравая калгасніца Стася, маці траіх дзяцей. «Гэта ж ані яблычка, ані ягадкі сёлета не будзе. А мае ж дзеткі так любяць варэнне. Гэтай зімой маляўкі, пэўне, будуць пальцы смактаць», — казала яна пры аўталаўцы. Нямы тады пільна паглядзеў на яе, як заўсёды, спадылба, а потым яшчэ некалькі разоў яго глыбокі позірк затрымаўся на рудых кудзерах Стасі.

Неяк у пачатку ўжо ліпеня Нямы неспадзявана завітаў да Стасі на падворак з 5-літровым вядром, поўным, аж з каптуром, чарніцаў. «О-о, Божа! — Стася пляснула ў далоні, убачыўшы ягады. — Дзе гэта ты столькі набраў? Гэта ж усё памерзшы было. Мусіць, месцы нейкія ведаеш?» — «Угу», — кіўнуў галавою мужчына і паказаў чорныя ад ягадаў рукі. «Бачу, бачу, малайчына, сабраў сваімі рукамі. Герой…» — пахваліла Стася старога ў пінжаку-равесніку. «Хадзі, сядай», — жанчына паклікала Нямога да стала, дзе груба парэзала жаўтаватае сала і хлеб. «Пачакай, зараз», — заўвіхалася яна, узяўшы вялізны зялёны кубак ды выйшаўшы ў камору. Адтуль яна вярнулася з брагаю, рэзкі пах якой хутка напоўніў усю кухню. «Выбачай, яшчэ не выгналі. З цукру паставіўшы самагонку хадзіць. Прыйдзі праз пару дзён, то налью першаку», — сказала Стася, паставіўшы перад старым паўлітровы зялёны кубак брагі. Нямы, згаджаючыся, кіўнуў галавою і ў сонечным святле з акна, у якім акрамя старога была яшчэ безліч дробненькіх часцінак пылу, кульнуў змесціва кубка ў сябе. «Гу-гу», — загукаў Нямко, не закусваючы, а паказваючы пальцам на чарніцы і за акно, дзе на вуліцы ў жоўтым пяску гулялі Стасіны дзеці. «Так, так, — згодна кіўнула Стася, у рудых валасах якой пестрыла сонца. — Будзе варэнне для дзяцей на зіму». Нямко ўзняўся з крэсла, схапіў павешаную на спінцы шапку з брылём і надпісам «American Boy» ды скіраваўся да выхаду. «Пачакай! — зачапіла яго за плячо Стася. — Прыходзь пазней, у нядзелю, то я табе вядро аддам ды самагонкі налью». Мужчына паслухмяна ўсміхнуўся.

Стася хацела адразу ж сесці за перабіранне ягад ды зварыць дарагое сёлета чарнічнае варэнне, але за акном завуркатаў трактар. Юзюк, яе муж, прыехаў, каб забраць сям’ю на соткі грабіць сена. Стася схавала вядро з ягадамі ў шафку на кухні ды, начапіўшы светлую хустку на рудыя валасы, паляцела ў паветку па загадзя падрыхтаваныя граблі ды вілы. На другі дзень, аднак, часу таксама не было, бо вазілі з нанятым суседам Янкам і складалі на гарышча сухое сена. Яно пыліла, мала ляжаўшы ў капе, лезла ў нос і горла. Сенавальнікі часта кашлялі, адхаркваючы пыл, смаркалі чорную і густую цеч, што рабілася ў носе ад пылу і не давала дыхаць. Найспякотней было на самым гарышчы, дзе зусім не даходзіла паветра, а ад нагрэтага сонцам шыферу духата нібы агаломшвала і выціскала з потам душу.

Увечары ўжо ні на што не хапала сілаў, і Стася паспела забыцца, што ў шафцы схаваныя чарніцы. У нядзелю раніцай на кухні Стася ўбачыла рой маленькіх чорных мушак. «Нешта кісне», — падумала яна і, адкрыўшы шафку, паморшчылася ад спецыфічнага паху браджэння — чарніцы сапсаваліся. «Эх, як шкода», — падумала жанчына, дастаўшы вядро з шафкі. На газавай пліце падгараў блін на сняданне для дзяцей. «Паўлік! — паклікала яна васьмігадовага сына. — Вазьмі вядро з чарніцамі ды запры на гной. Віламі яшчэ накладзі наверх гною, каб бацька не пазнаў, што ягады выкінулі, бо будзе пазней мазгі кампасціраваць». Хлопчык схапіў абедзвюма рукамі за ручку вядра і не панёс, а хутчэй пацягнуў яго на двор. Выйшаўшы на ганак, Паўлік пастаяў, адпачыў. Да купы гною далёка, вядро цяжкое, а пад хлявом яшчэ наважаны на ланцуг вялізны сабака Азор, які, напэўна, будзе лезці да Паўліка лізацца і, стаўшы на заднія лапы, пэўне, захоча падужацца. «Учора перакуліў мяне», — падумаў хлопчык, заленаваўшыся соўгацца з вядром каля Азора. Паўлік зірнуў направа ад ганка і, заўважыўшы куст парэчак, не думаючы вываліў туды сапсаваныя чарніцы. Змесціва вядра шлёпнулася пад куст комам, што прыняў форму вядра. Паўлік нагой пабурыў камяк, патрывожыўшы рой чорных мухаў, сыпануў на сапсаваныя чарніцы дзве жмені зямлі, пастаяў яшчэ хвілю на ганку і, размахваючы пустым вядром, пабег дадому, дзе яго ўжо чакаў гарачы блін з растопленым маслам і цукрам.

Нямы быў з самай раніцы ў нядзельку ў добрым настроі, што нячаста здаралася. Надвор’е было выдатным, і ягоная душа радавалася гасцяванню ў Стасі, яе пачастункам і міламу таварыству. Рады быў Нямы і сабе, што зрабіў добрую справу, набраўшы па адной ягадзе вядро чарніцаў, з чаго Стасіным дзецям будзе радасць зімою.

На ганку Стасінага дома Нямы пачухаў сівую бараду, вырашыўшы не спяшацца, і прысеў на сходах. Стары засунуў руку ў кішэнь, дастаў газетны аркуш, насыпаў туды тытуню з іншай кішэні, шчодра вязкаю слінаю змачыў газетны край. Запаліўшы самакрутку, ён чмыхаў ад задавальнення і пускаў велізарныя клубы дыму. Выпаліў, паглядзеў па баках, куды выкінуць недапалак. Падышоўшы да куста парэчак, вясковец нахіліўся да купкі чорных ягадаў, акружаных арэолам мушак. Нямко дакрануўся да кучкі рукою ды памацаў аслізлы ад пушчанага соку ягадны горбік, быццам не верачы вачам. Затым выпрастаўся і, крыху задуменна пастаяўшы, рэзка павярнуўся і рашуча пакрочыў у бок брамкі, што вяла на вуліцу. Толькі ля выганчыку, не данёсшы некалькі метраў да дому, ён пусціў слязу, засоп і застагнаў, зацягнуўшы сваю таямнічую песню-скавытанне, нібы скаргу, нібы стоены спрадвечны жаль сваёй зямлі ды вёскі. Ніхто аж дагэтуль не ведае, чым было слёзнае скуголенне Нямога, але яшчэ доўга пасля той нядзелі ён хадзіў нібы сам не свой, толькі зрэдку азіраючыся згаслымі вачыма направа і налева, быццам шукаючы некага ці нечага, што, здаецца, вельмі рэальнае, але адначасова няўлоўнае і невымоўнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?