Ну ўсё, дачакаліся. «Эксперты» і Ашмянскі суд прызналі-такі альбом «Прэс-фота Беларусі» экстрэмісцкім. Цяпер валодаць ім можна, але распаўсюджваць забаронена. Дарэчы, тое ж, згодна з заканадаўствам, датычыць і парнаграфіі.

Смешна?

Будзе яшчэ смяшней. Бо што там, у тым альбоме? Крыўда? Што ж, добра, давайце не звяртаць увагі на «збітага амапаўцам хлопца». Тым больш што нармальны пацан на плошчу не пойдзе. Яму і дома някепска. Таму калі і атрымаў — значыць, было за што. У, пятая калона!

Глядзім далей. Во, сцяг ля сметніцы. Дык сам фатограф яго туды й падкінуў. А што? Фатографы — яны такія. Могуць.

Яшчэ фотачка. «Чалавек стаіць на партрэце Лукашэнкі», — паведамляе нам подпіс. Ізноў падман, канечне. Які ж ён пасля гэтага чалавек? Пачвара, вядома. Ды і здымалі, напэўна, недзе ў Варшаве, нашыя людзі на такое не здольныя. Адным словам, пастаноўка. Ці, можа, фаташоп?

Але калі трохі задумацца, смяяцца зусім не хочацца. І не толькі таму, што парушаюцца гарантаваныя Канстытуцыяй правы чалавека — Бог з імі, з гэтымі правамі. Вядома ж, што не першы і не апошні раз. Не смешна таму, што забараняюць абсалютна звычайныя і штодзённыя здымкі і рэчы. Хіба ж ніхто не бачыў, як бамжы капелюшы мераюць, ці не ведаў пра існаванне жаночага кікбоксінгу? Бачылі, канечне. Ведалі. І эксперты тыя, я ўпэўнены, і бачылі і ведалі таксама. Але атрымліваецца, што ведаць можна і бачыць можна. «А фатаграфаваць?» — спытаем мы. Тут выразнага адказу хутчэй за ўсё ніхто не дасць. Пачнецца звычайнае: «Ну, а на што яно вам?» ці «Не рэкамендуецца». А калі ўсё ж сфатаграфаваў?

Вось тут адказ нам зразумелы — не паказвай нікому. Лепш і сам на тыя здымкі не глядзі. Ці ты экстрэміст?

Бо спартоўцы не ў тым ракурсе «негатыўна дэманструюць паказаную сферу жыцця беларускага грамадства». Спартовец павінен быць, па-першае, прыгожы, а па-другое, пераможца. Калі на здымках ён і не такі, і не гэткі, то тут ужо адно з двух: ці не наш спартовец, ці здымаў фатограф-экстрэміст.

Ізноў жарты. Даруйце. Я апошні раз. Проста сітуацыя атрымалася трагікамічная, інакш не скажаш. Замест таго каб займацца праблемай, пра яе забараняецца гаварыць (у дадзеным выпадку — фатаграфаваць). Бо калі вам не падабаецца здымак вайскоўцаў, якія глядзяць «Панараму», то адмяніце гэтыя дурныя прагляды. Няўжо ж нашыя «эксперты» не ведаюць пра гэтую армейскую «традыцыю»? Ведаюць, безумоўна. Аднак іх абражае не прагляд «Панарамы», а здымак з гэтым праглядам. І не сам жаночы кікбоксінг, а, ізноў жа, здымак. Бо там дзяўчаты нешта няўдала атрымаліся, не дай Божа хто ўбачыць. Я ўжо не кажу пра фота прэзідэнта з нейкай там кропкай на носе, якое «змяншае яго аўтарытэт і падрывае давер да яго з боку замежных дзяржаў і жыхароў Рэспублікі Беларусь». Да гэтага моманту я быў перакананы, што калі ты дарослы і адэкватны чалавек і грамадзянін, давер да прэзідэнта падрывае не фотаздымак, а дэвальвацыя і бясконцыя палітычныя рэпрэсіі. І ніякія ракурсы тут не маюць значэння. Зусім.

Аднак паводле экспертаў, атрымліваецца, што трэба не разважаць, а вучыцца глядзець правільна. Разважаць яны калі і будуць, то пасля. І думаць таксама. Што, недзе там ёсць людзі, якія збіраюць у забруджанай радыяцыяй зоне грыбы ці, што яшчэ горш, камусьці тыя грыбы прадаюць? Пфф! Не, такія дробязі не вельмі цікавяць экспертаў. Іх цікавіць тое, што нехта там за мяжой пра Беларусь дрэнна падумае, пабачыўшы гэтыя здымкі. А як падумаюць пра Беларусь пасля трыумфальнага рашэння знішчыць фотаальбомы, спадары эксперты у разлік не бяруць. Чаму? Хацелася б і мне ведаць.

Ну што, запахла Кафкам? Па-мойму, яшчэ як!

І пад канец: усім зразумела, што злашчасныя альбомы былі забароненыя без усякіх думак пра дзяржаву, бяспеку, экстрэмізм і гэтак далей. Іх забаранілі проста на ўсякі выпадак. Каб, не дай Божа, потым не ўляцела, што своечасова не былі прынятыя меры. І пры ўсёй абсурднасці рашэнняў суда і «экспертаў», смяяцца з якіх ці абурацца якімі можна бясконца, не трэба забываць пра стары выраз: «караля грае світа». Калі прасцей — ты ў адказе не толькі за тых, каго прыручыў, але і за сваіх падначаленых. І кожны іх промах — твой промах. Нават тады, калі падстава для яго — жаданне табе дагадзіць.

Асабліва тады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?