У ліпені ў чэcкім горадзе Брно праходзіў фэстываль аўтарскага чытаньня, ганаровым госьцем якога сёлета была Беларусь. Гэта самы вялікі літаратурны фэстываль у Чэхіі. На працягу месяца кожны вечар у памяшканьні аднаго з самых папулярных у Брно тэатраў «Гуса на провазку» («Гусь на канаце») выступалі чэскія і беларускія аўтары з чытаньнем сваіх твораў. На працягу месяца над тэатрам лунаў беларускі нацыянальны сьцяг.

Фэстываль існуе ўжо восем гадoў. Мінулы год у якасьці ганаровага госьця арганізатары запрасілі пісьменьнікаў з Бэрліну. Дык вось пасьля выступу гледачы гаварылі мне — а мне пашчасьціла прыняць удзел у фэстывалі, — што беларускія літаратары сёлета сваімі творамі зрабілі большае ўражаньне, чым нямецкія летась.

А на мяне — як, думаю, і на астатніх беларускіх удзельнікаў — найбольшае ўражаньне зрабілі гледачы — яны ж чытачы. Штовечар на працягу месяца на выступы беларускіх аўтараў у Брно зьбіралася па 20—70 чалавек. Ці была б такой самай «яўка» беларускіх чытачоў у Менску, які большы за Брно разы ў чатыры, на выступы чэскіх аўтараў? А колькі людзей прыходзіла б на выступы беларускіх аўтараў у сталіцы Беларусі? У Брно штовечар паслухаць «туземскіх» літаратараў прыходзіла чалавек пад 200…

Сымпатычныя маладыя пары, дзяўчаты студэнцкага выгляду, вядомая журналістка, вядомы тэатральны дзяяч, грамадзкі актывіст — прыхільнік аўтаноміі Маравіі, людзі задуменна‑філязофскага выгляду сярэдняга веку — такой была аўдыторыя падчас майго выступу. А як выдатна яны слухалі! Час ад часу паглядаючы ў залю, я проста радавалася: вочы, прыкаваныя да экрану, на якім сынхронна з чытаньнем ішоў пераклад на чэскую, цішыня — муха не праляціць незаўважна; было відаць, што людзям са¬праўды цікавы гэты тэкст, што іх захапляе гісторыя, якая расказваецца…

Мяркуючы па сардэчнай абстаноўцы, па цікавых пытаньнях, па тым, як пасьля выступу гледачы падыходзілі за аўтографамі і проста дзеля таго, каб падзякаваць, — тое, што яны шукалі, яны ўсё ж такі знайшлі.

Мая сяброўка Марыя Вайцяшонак неяк прыпячатала: «Калі ў цябе ёсьць хаця б адзін чытач — ты пісьменьнік». Цікавыя і зацікаўленыя, добразычлівыя чэскія чытачы дапамаглі адчуць сябе пісьменьнікамі трыццаці беларускім літаратарам — каму, можа, у тысячны, а каму і ў першы раз…

Хацелася б падзякаваць арганізатарам гэтага фэстывалю — агенцтву і выдавецтву «Ветрнэ млыны» ў асобах Петра Мінаржыка, Паўла Ржэгаржыка і Любаміра Сувы і, канечне, Сяргею Сматрычэнку, на якога лёг цяжар арганізацыі беларускай часткі фэстывалю. Цяжар немалы: за фэстывальны месяц спадар Сяргей, падалося, нават заўважна схуднеў. Тым ня менш, яго праца была на вышыні: ён — асноўнае — разам зь іншымі якасна пераклаў на чэскую вялікія кавалкі з твораў, ён сустракаў, разьмяшчаў у акуратнай і стылёвай двухпавярховай кватэры (якая сама па сабе магла служыць крыніцай натхненьня дзякуючы сваёй аўры — беленыя зводы, цёмныя драўляныя бэлькі, вінтавыя сходы, сухацьветы і плеценыя старасьвецкія скрыні са скуранымі боцікамі), суправаджаў і праваджаў беларускіх гасьцей…

Ня ведаю, ці задаволеныя арганізатары фэстывалю яго вынікамі. Але, пэўная, для беллітаратуры нейкі плён ён дасьць. Бо, канечне, хаця ніякі фэстываль не дапаможа пісаць лепш, чым ты пішаш, але нейкае новае ўражаньне — ад польскіх дзетак, якія машуць цягніку, да зламаных дамскіх абцасікаў, якімі поўняцца шчалюбіны брукоўкі на Карлавым мосьце, — пэўна, прарасьце нечаканымі і невядомымі кветкамі ў новых тэкстах.

І, у любым выпадку, матэрыялы фэстывалю будуць на працягу году даступныя ў інтэрнэце па адрасе www.autorskecteni.cz.

Наталка Бабііна

***

1—31 ліпеня ў горадзе Брно прайшоў «Месяц аўтарскага чытаньня», найбуйнейшы літаратурны фэст у Чэхіі. Штодня на сцэне славутага тэатру «Husa na provбzku» праходзіла сустрэча з адным беларускім госьцем і адным чэскім. За месяц сваю творчасьць прадставілі 30 беларускіх пісьменьнікаў. Сярод іх былі Ўладзімер Арлоў, Алесь Разанаў, Уладзімер Някляеў, Наталка Бабіна, Пятро Васючэнка, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Альгерд Бахарэвіч. Бралі ўдзел аўтары зь Беласточчыны Надзея Артымовіч, Міра Лукша, праскія беларусы Макс Шчур, Аляксандар Лукашук, Ян Максімюк. Сьпявалі Лявон Вольскі ды Віктар Шалкевіч. Вечарыны трансьляваліся ў рэжыме он‑лайн. Фэст стаў першай аж такой буйной прэзэнтацыяй сучаснай беларускай літаратуры ў Эўропе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0