Клешч. Фота medical-enc.ru.

Клешч. Фота medical-enc.ru.

Клімат цяплее — кляшчоў более

Сёлета сезон актыўнасці кляшчоў пачаўся на месяц пазней, але ў Беларусі ўжо зарэгістравана каля 20 укусаў кляшчоў. Найбольшую актыўнасць насякомыя праяўляюць у паўднёвых рэгіёнах.

Такую інфармацыю паведамілі спецыялісты падчас прэс-канферэнцыі «Кляшчавыя інфекцыі ў Рэспубліцы Беларусь і захады па іх прафілактыцы».

«У Беларусі налічваецца некалькі відаў кляшчоў, але толькі два пераносяць небяспечныя для чалавека захворванні — энцэфаліт і Лайм-барэліоз.
Насамрэч, у Беларусі рэгіструецца нашмат менш выпадкаў захварэлых пасля ўкусаў кляшчоў, чым у краінах Балтыі, ЗША, Аўстрыі, Швейцарыі», — паведаміў урач-эпідэміолаг ДУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміалогіі і грамадскага здароўя» Андрэй Ведзянкоў.

Паводле экспертаў, летась было зафіксавана 1 096 выпадкаў захворваннняў на Лайм-барэліоз і 118 выпадкаў клешчавага энцэфаліту. У параўнанні з 2011 годам, захворванне ўзрасло на 2,6% і 11,3% адпаведна.

«Гэта адбылося на фоне агульнага прыросту папуляцыі кляшчоў на 37%. Прычынай таму стала анамальна ранняя вясна і позні надыход халоднага надвор’я.
Сёлета праз познюю вясну мы чакаем спаду папуляцыі кляшчоў. У апошнія гады перыяд актыўнасці кляшчоў значна падоўжыўся: калі раней ён цягнуўся з красавіка па кастрычнік, зараз ён пачынаецца ў сакавіку, а заканчваецца ў лістападзе. Летась асобныя выпадкі ўкусаў кляшча рэгістравалі нават у снежні», — расказала энтамолаг Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Яшкава.

«Добра апранайцеся і не рабіце прышчэпак»

Андрэй Ведзянкоў нагадаў, што з надыходам сезону актыўнасці кляшчоў неабходна прымаць адпаведныя захады для паніжэння рызыкі ўкусаў

«Па-першае, трэба шчыльна адзявацца і пакідаць як мага меней участкаў адкрытай скуры — кляшчы не кусаюць праз адзенне. Па-другое, абавязкова карыстайцеся рэпелентамі. Самы ж эфектыўны захад — самаагляд праз кожныя дзве-тры гадзіны», — нагадаў ён.

А вось прышчэпкі варта рабіць толькі тым, хто летам збіраецца ў Сібір і на Далёкі Усход. Такія прышчэпкі абавязкова рабіць супрацоўнікам, якія сезон актыўнасці кляшчоў выязджаюць у гэтыя рэгіёны — у параўнанні з Беларуссю кляшчы там пераносяць цяжкія формы захворванняў.

«У Беларусі сустракаюцца асобныя выпадкі летальнага выніку ад энцэфаліту і Лайм-барэліозу— калі хвароба ўскладняецца іншымі цяжкімі захворваннямі пацыента. На Далёкім Усходзе смяротнасць ад гэтых інфекцый дасягае 15%, інвалідызацыя — 30%. У Беларусі ж сустракаюцца толькі вострыя формы хваробаў, якія пераносяцца кляшчамі і ўсе яны добра вылечваюцца, а заражаны каля 30% кляшчоў. Таму не трэба моцна нагружаць сваю імунную сістэму комплексам прышчэпак супраць кляшчавых інфекцый», — паведаміў Ведзянкоў.

«Здыміце кляшча як мага хутчэй»

Калі вы ўсё ж знайшлі на сабе кляшча, трэба як мага хутчэй зняць яго: гэта значна паменшыць рызыку заражэння, нагадалі спецыялісты. Зняць кляшча можна з дапамогай пятлі са звычайнай ніткі ці пінцэтам. Таксама можна звярнуцца ў бліжэйшы траўмпункт.

Аднак тое, што кожны прынесены ў бальніцу клешч і кожны ўкушаны пацыент будзе абследаваны — гэта памылковая думка.
Намеснік галоўнага ўрача інфекцыйнай бальніцы г. Мінска Алег Вельгін растлумачыў «Нашай Ніве», чаму аналізы назначаюць не кожнаму.

«Гэта эканамічна немэтазгодна, а таксама патрабуе шмат часу і чалавечых рэсурсаў. Рашэне аб накіраванні кляшча і крыві пацыента на аналіз прымае ўрач на аснове дадзеных пра колькасць захворванняў у мясцовасці, дзе адбыўся ўкус, часе знаходжання насякомых на пацыенце.

Такі алгарытм быў выпрацаваны ў ЗША, дзе актыўна даследавалі кляшчавыя інфекцыі. Пры гэтым аналіз крыві займае працяглы час, а чаканне можа наадварот нашкодзіць пацыенту. Таму звычайна пацыенту прызначаецца прафілактыка ў выглядзе прыёму дзвюх таблетак даксіцыкліну. Не падыходзіць такі метад толькі для дзяцей да 7 гадоў, цяжарным і кормячым маці, а таксама людзям з захворванням печані», — сказаў Вельгін.

Спецыяліст таксама нагадаў пра першыя праяўленні інфекцый, якія можна падчапіць ад кляшча.

«Пры Лайм-барэліозе ў 60% выпадкаў першы сімптом — пачырваненне скуры вакол месца ўкуса. Г.зн. чырвоныя плямы, якія ўзнікаюць пасля ўкусу. Энцэфаліт жа праяўляецца грыпападобнымі сімптомамі.

Калі вас укусіў клешч і вы заўважылі нейкае адхіленне здароўя ад нормы — неадкладна звярніцеся да доктара», — папярэдзіў ён.

А Святлана Яшкова нагадала, што таксама вельмі небяспечным з’яўляецца негатаванае казінае малако ад маладых жывёлаў. Летась праз яго энцэфалітам заразіліся 30 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?