(Карэспандэнтка: ) «Толькі што байцы пад камандаваньнем палкоўніка Зьміцера Паўлючэнкі пайшлі ў атаку. Яны пачалі зьбіваць людзей. Яны б’юць іх дубінкамі, накідваюцца па 6 чалавек на аднаго, зьбіваюць дзяцей. Пачалі ўзрываць. Толькі што разьбілі чалавеку галаву ў мяне на вачах. Яны апранутыя ў чорныя, у іх адгазьнікі.

Яны пачалі выстрэльваць – я ня ведаю што гэта – вялізарны выбух, дым, зьбіваюць усіх, хто трапляе пад руку. (Гук выбуху.) Вы чуеце? Гэта нейкія гранаты. Спачатку яны страляюць, потым нешта сьвеціцца – дым страляніна. Шмат зьбітых. Вы чуеце гэта? Кроў... Палкоўнік Паўлючэнка камандуе гэтым разгонам, людзей загналі на гору – усё гэта адбываецца насупраць тэатра Апэрэты».

(Вядоўца: ) «Ці ёсьць там хтосьці зь лідэраў апазыцыі?»

(Карэспандэнтка: ) «Тут ёсьць Казулін, ён заклікаў людзей ісьці на Акрэсьціна. Ідзе дым, за дымавой завесай нічога не відаць. Магчыма, гэта нейкія дымавыя шашкі. Шмат зьбітых – людзі ляжаць удоўж дарогі, некаторыя зь іх у непрытомнасьці. Гэта выглядае вельмі страшна. Тут на мосьце электрычка – яна запаволіла хаду, усе людзі кінуліся да вокнаў, людзі крычалі: «Ня трэба, ня біце!» Білі страшна – мужчын, хлопцаў. Адну жанчыну двое вялізных мужчын схапілі за ногі, павалаклі, пачалі яе зьбіваць па нырках, пра жываце. (Крык: «З дарогі!») Вось вы чуеце, як яны кідаюцца на журналістаў. Зараз пачнецца другая частка гэтай апэрацыі. Людзі ў масках, у бронекамізэльках з газам – у яго вялізны балён чырвонага колеру, на ім нейкая абрэвіятура, што гэта нейкі газ небясьпечны, яны пачынаюць зрываць зь яго плёмбу.

Казулін пакуль што не арыштаваны – ён пайшоў размаўляць з Паўлючэнкам. Пасьля гэтага адразу пайшлі гэтыя ягоныя людзі. Зараз яны абкружылі тых, хто засталіся побач. Побач са мной – польскі журналіст, ён таксама зьбіты. (Скандаваньне: «Жыве Беларусь!») Вось вы чуеце – усё роўна, нягледзячы на тое, што такі жорсткі разгон, на тое, што тут былі такія выбухі – спачатку людзі думалі, што гэта баявыя гранаты – вы чуеце, што людзі ўсё роўна скандуюць «Жыве Беларусь!» – людзі вельмі абураныя такім брутальным зьбіцьцём. Тут яшчэ ёсьць такая хімічная рота, яны ў чорным, у іх адгазьнікі, нейкі балёны з газам – я ня ведаю, што гэта за газ, але вельмі шчыплюць вочы. Магчыма, гэта тая самая «чаромха».

Зьбітыя некалькі сьвятароў, якія ішлі разам з Казуліным на перамовы. Тут і Акаловіч, і яшчэ адзін сьвятар, яго таксама зьбілі. Адзін чалавек намагаўся ня даць прайсьці вайскоўцам, калі выбухнула граната – ён лёг на асфальт, на праежджую частку, і яго вельмі моцна зьбілі. Ён дагэтуль ляжыць без прытомнасьці, жанчыны намагаюцца выклікаць яму хуткую дапамогу, але як яна сюды прыедзе, калі тут усё ачэплена».

(Вядоўца: ) «Паводле ацэнак міліцыі, колькі людзей выйшла сёньня на вуліцы Менску пратэставаць?»

(Карэспандэнтка: ) «Калі мы ішлі, стаяла група дакумэнтаваньня на прыступках каля гандлёвага дому на Нямізе – яны казалі, што гэтая калёна, якая ішла – спачатку давалі 10 000 чалавек, але літаральна празь 15 хвілінаў людзі выходзілі з тралейбусаў, далучаліся да калёны, але калі яны прыйшлі сюды, калі іх тут сустрэў Паўлючэнка, іх ужо было каля 18 000 чалавек».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0