Камеры «амерыканкі» падобныя да трунаў. Турма круглая, памяшканні па коле, шырэй да акна, вузей да жалезных дзвярэй, і калі дранцвееш на нарах, гледзячы ў столь, нагамі на выхад, слухаеш глухое рэха і чуеш, як памірае чарговы дзень — раптоўны голас суседа вырывае цябе з містычнага одуму з сілаю ўваскрасення.

— Слухай, вось Пасха, Біблія, — гэта раскацісты барытон палкоўніка Ягоравіча, — узяўся за Евангелле і адразу ўпёрся… Што значыць убогія духам?

З дамавіны «амерыканкі» трапляеш на дно Пружаншчыны, у край забытай і занядбанай велічы, у колішнюю медсанчасць, а цяпер каменду, поўную няшчасных асуджаных і іх змучаных ахоўнікаў з сумнымі вачыма, а пытанне пра «ўбогіх духам» аддаецца і аддаецца рэзам увушшу ўжо трэці Вялікі пост — і робіцца зразумела, што аднойчы пра гэта з беларусамі трэба пагаварыць усур'ёз.

«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае».

Хвілінку. Тут трэба ўчытацца яшчэ раз. «Шчаслівыя ўбогія духам…» Калі вы не імкняцеся хутчэй прабегчы вачыма і пракаўтнуць паміж салодкімі «шчаслівымі» і «Валадарствам Нябесным» у залацістым ззянні няёмкіх, недарэчных і ўрэшце проста абуральных «убогіх духам», калі вы запаволіце перахопленае сэрца і з намаганнем правернеце ў галаве менавіта гэтыя два ключавыя словы — вы здзейсніце самае глыбокае пагружэнне і ў сутнасць хрысціянства, і ў змест беларускасці.

Хочацца ж быць «духоўна багатым», ці не так? Ці не гэтага ад нас вымагаюць гісторыя, цывілізацыя, школа, бацькі… і, напэўна, Бог?

«Шчаслівыя ўбогія духам, — першае, што кажарацянк Ісус у Нагорнай казані, сэрцы Евангелля, — бо іх ёсць Валадарства Нябеснае».

Беларуская ўбогасць — найрадчэйшы феномен у Еўропе. Агледземся вакол. Расейцы — шырокія душы, але ганарлівыя. Украінцы — эх, казакі, ды ганарлівыя! Палякі — чаго і казаць — шляхта. Нават балты, нетаропкія, павольныя — поўныя ўнутранага гонару.

А беларусы… гэта беларусы.

Нежыццёвасць нацыянальнай пыхі, крайняя кволасць адасабленчых рэфлексаў кругом у свеце тоесны дыягназу: народ не жылец.

Але Ісус кажа: шчаслівыя…

Насамрэч у сённяшнім разгубленым, сырым, паўмёртвым стане беларускай нацыянальнай свядомасці нічога самакаштоўнага няма. Галоўнае — пад рабскай падбітасцю, халуйствам, ніякавасцю ўгледзець першапачатковы евангельскі падмурак, глыбокі, асноватворны дар Бога беларусам.

Убогасць духу.

Адсутнасць ганарлівай крыклівасці, ціхая моц прыстойнасці, пакора перад Богам, прыроджаная сціпласць, здольнасць з любоўю аддаваць сваё бліжняму, простая праўдзівасць і чысціня, унутраная, а не паказная, свабода, ахвярная міласэрнасць — вось якой убогасцю дыхае Нагорная казань у Беларусі.

Таму сённяшні беларус баіцца быць беларусам. Куды прасцей рвануць на гру-дзях славянскія карані — «ну ты чё как нерусский!» — або спаслацца на бабку-каталічку ды атрымаць карту паляка, ды хоць выкалупаць нямецкае гучанне ў беларуска-габрэйскіх, праз ідыш, прозвішчах, каб быць як усе.

І як жа прыемна бывае, хай сабе і тут, на сметніку чалавечым, смачна схаркнуць, плюнуць на ўсіх і ўсё, расправіць плечы ды адчуць сябе гаспадаром жыцця…

Хай грамадзянін начальнік дастане вантробы адным позіркам, хай прадавачка скрывіць вусны, быццам твае зашмальцаваныя грошы даводзіцца каштаваць на смак, хай бывалы зэк уваліць выспятка новенькаму і ржэ ўся хата — затое пры выпадку ты сам, змерыўшы якога-небудзь мужычка вачыма, грэбліва тыцкаеш пальцам: чуеш, ты…

І вось мы гніем і гінем ад задушлівасці ўласнага духу, што распірае знутры. А можа, яшчэ і пашкадаваць сябе? Беларусы, бедненькія…

Нам так часта шкада сябе — хоць плач, вакол так цяжка, нам так дасталося, як было балюча, мы столькі пацярпелі... Яшчэ адна з праяваў бяздоннага, невынішчальнага сябелюбства, енк параненай пыхі, якой палудзенны бес закусвае на абед.

Не, убогасць духу не ў гэтым. Глыбей.

Адчай актывістаў, што прыязджаюць спустошаныя ў госці і разводзяць рукамі — нічога не ўдаецца, людзі… Затурканасць калгаснікаў, асуджаных за п’янкі і няшчасныя выпадкі на працы, з якіх кпяць нават у камендзе… Маўчанне жанчынак, каторыя гадамі, зранку да вечара, уручную перабіраюць бульбу… Нешта такое роднае, але нераскрытае, недагаворанае, безнадзейнае…

Сённяшняя наша ўбогасць самасвядомасці захавала ад хрысціянскай убогасці духу толькі форму. Пад беларускай пакорай і маўклівасцю 2013 года цэлае балота на сем смяротных грахоў углыб.

Дык што — склаўшы ручкі, тонем? Не. Але што рабіць, калі рабіць і як рабіць, можна ясна зразумець толькі тады, калі прызнацца самому сабе ў сваёй нішчымнасці перад Богам.

Яна тут жа, побач: непрыкметная соль тутэйшых вернікаў, ціхае святло настаўнікаў беларускай, сарамлівая сумленнасць тэхнароў, нечаканая дапамога людзей, якія ўзнікаюць у тваім жыцці на гадзіну-дзве і якім ты ніколі не зможаш адплаціць за дабрыню; пранізлівыя лісты падтрымкі без зваротнага адрасу; грошы, перададзеныя з рук у рукі ў каменду — «каму-небудзь, хто там мае патрэбу», і лёгкае, быццам ветрыкам здзьмула, прабачэнне тваёй уласнай рэзкасці і раздражнення — усё гэта сапраўднае беларускае багацце дзеля Хрыста.

Дык што ж аддаць беларусу, каб увайсці ў Валадарства Нябеснае? Адчуванне, выпушчанае ў свет яшчэ немаўлём, з першым крыкам нашага ўлюбёнага якання: Я самы галоўны, і гэта іншыя павінныя, а Я — хачу.
Паміраючы для сябе, сваіх страхаў, прагненняў, разлікаў, грахоў — ажываеш для Бога, і раптам ачомваешся: жыве Беларусь.

Беларускі асабісты эгаізм, звыродлівы, скурчаны, скончаны, і наша нацыянальнае бяссілле — два бакі аднаго медаля. Беларуская супольная моц, свядомасць і салідарнасць зробяцца маналітам толькі тады, калі беларус адмовіцца ад надзімання сябе, любімага, і адкрыецца Убогаму, Які палюбіў яго больш за ўсіх.

Найвялікшы парадокс беларускай нацыянальнай ідэі: выракацца сябе, каб атрымаць паўнату ўсяго. Пазбавіцца пыхі і даць выявіцца Хрысту — каб усвядоміць сябе нацыяй.

Кожны, каму кідае выклік свет з ягоным багаццем, гонарам, сілаю, раскошай, гвалтам ды абыякавасцю, не можа супрацьпаставіць свету самога сябе і не пацярпець паразы. Тут патрэбны Нехта большы за свет.

Часам даводзіцца патраціць цэлае жыццё, каб нарэшце праняло да дрыжыкаў: як голымі і ўбогімі прыйшлі мы на гэтую зямлю — так голымі і ўбогімі з яе пойдзем.
І шчаслівы, сапраўды шчаслівы той, хто зразумее: няма ў беларуса, вандроўніка і жабрака ў вечнасці, нікога і нічога, акрамя Усёмагутнага і Усёдаравальнага Збаўцы, Чый белы з крывавым следам сцяг успыхвае з труны як запрашэнне ў Валадарства Нябеснае:

— Хрыстос уваскрос!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?