16 жніўня а 15-й на сайце «Тузін гітоў» падведзеныя вынікі гадавога гіт-параду. Найлепшыя песьні вызначаліся галасаваньнем слухачоў у інтэрнэце. Найбольш галасоў (1154) набрала песьня N.R.M. «Менск і Мінск».
Цікава, што і на трэцім месьце — песьня пра Менск. Гэта «Схаванае сэрца»гурту «IQ48» на словы Міхала Анэмпадыстава. Дванаццаць найлепшых песень году, вызначаных слухачамі «Тузіну», выйдуць асобным дыскам.
«Менск і Мінск»
- Дарагія мінчане і госьці сталіцы,
Я хачу з вамі болем сваім падзяліцца.
Карацей, гэта брыдка, але сэ ля ві,
Мы ў сталіцы жывем нібы на дзьве сям’і.
- Мы жывем адначасова ў двух гарадах,
Падваеньне асобы зрывае нам дах,
Гэты факт паступова зрывае нам дах,
Дык няўжо ж нам ніколі ня склеіць, ня сшыць
Менск і Мінск – дзьве паловы сталічнай душы.
- Першы горад, які называецца Менск,
Не убачыш на мапах, у гэтым і сэнс,
Ён у сэрцы жыве, ён жыве ў галаве,
Шмат таго, хто у горадзе Мінску жыве,
А ў Мінску прапіска і гарвыканкам,
І Лядовы палац, і бэтонны паркан,
І дзяцінства майго прамільгнулыя дні,
Зруйнаваных дамоў сьцены прывідныя.
- Ёсьць у Мінску назовы бязрадасныя,
Ёсьць Калектарная, а ёсьць Базісная
Там народ забясьпечвае, правільны наш,
Выкананьне задачы пастаўленае.
А па Менску прыемна шпацыраваць,
Дробных крамак вітрыны ўтульна гараць,
Там сьпічастыя вежы касьцёлаў старых,
І дахоўка на стрэхах, двары і муры.
- Усё блытаецца ў Мінску: хлеб і маца,
І Вялікі Кастрычнік, і Радаўніца,
І п'яная сьляза, і такая папса,
Што ратунку ня дасьць ні “Мізім”, ні “Упса” .
Ну а зь Менскам нічога ня можна зрабіць,
Немагчыма яго зруйнаваць, захапіць,
Ён ніколі, твой Менск, не памрэ, не згарыць,
Будзе мовай тваёю з табой гаварыць.
- Мы жывем адначасова ў двух гарадах,
Падваеньне асобы зрывае нам дах,
Гэты факт паступова зрывае нам дах,
Дык няўжо ж нам ніколі ня склеіць, ня сшыць
Менск і Мінск — дзьве паловы сталічнай душы.