«У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў па супрацьдзеянні карупцыі і абароне эканамічных інтарэсаў дзяржавы Камітэтам дзяржаўнай бяспекі затрыманы намеснік Міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Нерад С.М.», паведамляецца на сайце КДБ.
На затрыманага завялі крымінальную справу па ч.3, арт.430 КК РБ (атрыманне хабару службовай асобай, якая займае адказную пасаду), праводзяцца следчыя дзеянні.
***
Сяргей Нерад нарадзіўся 16 чэрвеня 1968 г. у пас. Калодзішчы Мінскага раёна. У 1991 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры па спецыяльнасці «Фізічная культура і спорт». Працоўную дзейнасць пачаў у 1991 з пасады трэнера-выкладчыка спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па фехтаванні Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Працаваў старэйшым інструктарам-метадыстам Мінскага вучылішча алімпійскага рэзерву № 2, намеснікам дырэктара, дырэктарам Мінскага абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву.
З 2003 па 2010 — намеснік, першы намеснік, начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінскага аблвыканкама.
Cфера дзейнасці намесніка міністра:
правядзенне аналізу, падрыхтоўка прапаноў і рэалізацыя практычных мерапрыемстваў па фарміраванні і правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне спорту; распрацоўка канцэпцый развіцця спорту ў краіне і метадаў іх рэалізацыі, дзяржаўных праграм развіцця спорту, міжгаліновая каардынацыя іх выканання;
стварэнне навукова абгрунтаванай сістэмы развіцця дзіцячага і юнацкага спорту, спорту вышэйшых дасягненняў, фізічнага выхавання і аздараўлення насельніцтва, каардынацыя фізкультурна-спартыўнай працы сярод інвалідаў;
удасканаленне сістэмы спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў ды інш.