posterНоч жывых мерцьвякоў 3D (Night of the Living Dead 3D)
ЗША, 2006, каляровы, стэрэа, 80 хв.
Рэжысэр: Джэф Бродстрыт
Ролі выконваюць: Браяна Браўн, Джошуа ДэРош, Сід Хэйг, Грэг Трэвіс, Джаана Блэк, Адам Чамбэрз, Кен Ўард, Алінія Філіпс, Макс Ўільямз, Крыстын Мішэль, Марсіа Энн Барз, Робэрт ДыТыліё
Жанр: Зомбі-фільм жахаў
Мастацтва / Страх: 3,5 / 3,5 (зь іх па 3 балы - за бяздарнасьць)

Брат і сястра едуць на хаўтуры нялюбай цёткі. На могілках іх чакае выстаўленая дамавіна і зграя галодных зомбі. Брат уцякае. Сястрычка ў шоку. Пасьля прыгодаў у суседзкім пахавальным бюро, гераіня з дапамогаю (белага) матацыкліста Бэна трапляе на фэрму гіпушнага (!) Купэра, які разам зь сям’ёй вырошчвае траўку – і любіць глядзець па тэліку “Ноч жывых мерцьвякоў” Джорджа Рамэра. Але гэта не дапаможа Купэру ўцяміць, што ён і ягоны дом у сьмяротнае небясьпецы…

Вольны стэрэа-паўтор клясычнае стужкі Джорджа Рамэра 1968 году. У адрозьненьні ад зомбі-клясыкі, і ад рэмэйку Тома Савіні 1990 году ў карціне Джэфа Бродстрыта цалкам адсутнічаюць сацыяльныя, расавыя й чалавечыя канфлікты. Фільм, увогуле, ня можа пахваліцца хоць нейкім сюжэтам, а фразы, якія прамаўляюць аслупянелыя героі, панатасканыя адкуль ні прыйдзецца.

Новаўведзены дырэктар пахавальнага бюро (Сід Хэйг) пазычаны з “Дому 1000 трупаў” Роба Зомбі, але ў гэнай карціне актор нагадвае блазна, якога месяц трымалі ў лядоўні (астатнія яшчэ горш).

Адмысловыя эфэкты надзіва халтурныя, і натоўп “страшных” зомбі выклікае рогат. У традыцыях найгнюсьнейшага трэшу голая дзявуля носіцца сярод замбакоў і вішчыць дурным голасам. Зомбі-братуля шле СМС-ку, пахавальны агент вярзе лухту пра вогнебоязь, а ўдары кулаком (якія не далятаюць да твару) выглядаюць наўмыснай імітацыяй.

Але фільму далёка да бадзёрасьці “Тромы” і чорнага гумару хорар-камэдый.

Самае прыкрае, што за выняткам некалькіх (штампаваных) кадраў, рэжысэр ніяк не абыгрывае стэрэаэфэкты.

Прагляд карціны – марнаваньне грошай і стома для вачэй.

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?