Камісія па пытаннях памілавання пры прэзідэнце Украіны рэкамендавала Віктару Януковічу адхіліць хадайніцтва аб вызваленні Юліі Цімашэнкі. Пра гэта ў суботу заявіў намеснік генеральнага пракурора Міхаіл Гаўрылюк, які ўваходзіць у камісію.

Па словах Гаўрылюка, згодна з заканадаўствам падстаў для памілавання няма.

Прашэнне аб памілаванні былога прэм'ера, якая адбывае сямігадовы тэрмін за перавышэнне паўнамоцтваў пры падпісанні газавага пагаднення з РФ, было перададзена Януковічу групай жанчын з ліку апазіцыйных дэпутатаў Вярхоўнай Рады 18 красавіка. Вядома, што гэта прашэнне не адзінае, якое паступіла прэзідэнту. Так, з аналагічнымі просьбамі раней выступалі грамадскія актывісты з Запарожжа, Закарпацця, Данецкай і Львоўскай абласцей.

***

Юлія Цімашэнка была арыштаваная пасля таго, як да ўлады ва Украіне прыйшлі яе палітычныя апаненты: Віктар Януковіч і яго Партыя рэгіёнаў.
Былога кіраўніка ўрада абвінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў пры заключэнні газавых пагадненняў з Расіяй. Суд прызнаў яе вінаватай і прысудзіў да сямі гадоў турмы. У дачыненні да экс-прэм'ера былі распачатыя яшчэ дзве крымінальныя справы: ёй ставяцца ў віну фінансавыя махінацыі падчас кіраўніцтва «Адзінай энергетычнай сістэмы Украіны», а таксама дачыненне да забойства дэпутата Яўгена Шчэрбаня ў 1990-я гады.

Сама Цімашэнка усе абвінавачванні ў свой адрас адмаўляе, заяўляючы, што ўлады пераследуюць яе па палітычных матывах. Пры гэтым экс-прэм'ер неаднаразова падкрэслівала, што прасіць прэзідэнта аб памілаванні (што азначала б прызнанне віны з яе боку) не збіраецца...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?