Сезон актыўнасці кляшчоў пачаўся, з іх пакусамі па дапамогу медыкаў у Баранавічах звярнуліся ўжо чатыры чалавекі, сярод іх ёсць як дарослыя, так і дзеці, — паведаміла Intex-press доктар-энтамолаг Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Раіса Беразюк.

Па словах баранавіцкіх медыкаў, сёлета людзі найчасцей цярпелі ад нападу кляшчоў падчас збірання бярозавіку.

Кляшчы любяць месцы, дзе дастаткова ценю і вільгаці — гэта змяшаныя лясы з падлескам і высокай травою, лясныя сцежкі, берагі рэк і паплавы. Сезон актыўнасці гэтых паразітаў у Беларусі — з сакавіка па лістапад, хаця адзінкавыя выпадкі пакусаў кляшчамі рэгістраваліся і ў зімовыя месяцы падчас адлігаў.

Штогод лік пакусаных кляшчамі людзей у Баранавіцкім рэгіёне ідзе на сотні і рэгулярна павялічваецца. Рост колькасці гэтых паразітаў і іх актыўнасці звязваюць з пацяпленнем клімату.

Кляшчы асабліва шкодныя тым, што пераносяць небяспечныя захворванні — лайм-барэліёз і энцэфаліт, якія з пакусамі перадаюцца людзям. У Баранавіцкім рэгіёне прыкладна кожны пяты клешч з’яўляецца пераносчыкам лайм-барэліёзу. Штогод ім захворвае каля двух дзясяткаў баранавіцкіх жыхароў.

Кляшчы з вірусам энцэфаліту часцей сустракаецца на поўдні Беларусі, хаця ўжо некалькі гадоў запар рэгіструюцца і на тэрыторыі Баранавіцкага раёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?