Упраўленнем Следчага камітэта па Мінску распачаты крымінальныя справы ў дачыненні да дзвюх службовых асоб УП "Мінскі мясакамбінат" 1985 і 1990 гадоў нараджэння.

Яны падазраюцца ў падбухторванні да давання хабару, атрыманні хабару і даванні хабару ў буйным памеры. Крымінальныя справы распачаты паводле матэрыялаў упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама.

Устаноўлена, што падазраваныя, з'яўляючыся службовымі асобамі, у кампетэнцыю якіх уваходзіла вырашэнне пытанняў, звязаных з тэхнічным забеспячэннем вытворчай дзейнасці камбіната,
доўгі час падбухторвалі прадстаўнікоў шэрагу камерцыйных структур да перадачы ім незаконнага ўзнагароджання за спрыяльнае вырашэнне пытанняў аб заключэнні дамоваў на пастаўкі рознай прадукцыі, і рэгулярна атрымлівалі гэтыя фінансавыя сродкі.
Абодва падазраваныя былі затрыманы 23 красавіка ў момант перадачы хабару ў 2.900 даляраў ЗША.
Паводле папярэдніх падлікаў, сума атрыманага падазронымі незаконнага ўзнагароджання складае прыкладна 60 млн. рублёў. 26 красавіка ў дачыненні да падазроных абрана мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту.

Нагадаем, у сярэдзіне красавіка ўпраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці было выстаўлена абвінавачанне генеральнаму дырэктару Мінскага мясакамбіната Уладзіміру Лазоўскаму. Яму інкрымінуюць злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару). Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?