Цырымонія ўганаравання прайшла 29 красавіка ва Улан-Батары. Мангольская сталіца прымала сустрэчу міністраў замежных справаў краін Супольнасці. У форуме бралі ўдзел дэлегацыі 104 краін свету.

«Я прапусціў Беларусь праз сваё сэрца, — сказаў Эрыксан на цырымоніі ўганаравання. —
Мяне радуе гэтае прызнанне працы, якую я рабіў у Беларусі. Я спадзяюся, што гэтая прэмія натхніць калег і далей давяраць свайму сумленню. На жаль, у некаторых краінах глядзяць на працу дыпламата, які становіцца на абарону дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека, як на правакацыю. Але гэта рэальнасць, з якой усе аўтарытарныя рэжымы павінны навучыцца жыць», — сказаў Эрыксан.
Ён узгадаў сваіх «сяброў і калег», якія застаюцца ў Беларусі. Успомніў тых, хто ў Беларусі застаецца за кратамі, у прыватнасці, праваабаронцу Алеся Бяляцкага.

Стэфан Эрыксан быў заўважна ўзрушаны ўзнагародай, хваляваўся.

Адначасова з ім прэміяй пасмяротна быў уганараваны пасол ЗША ў Лівіі Крыстафэр Стывенс, якога забілі ісламскія тэрарысты.
Фактычна, працу ў Беларусі па ступені рызыкі заходнія дыпламаты прыраўноўваюць да працы ў арабскіх краінах.
Прэмія імя Марка Палмера прысуджаецца Супольнасцю дэмакратычных дзяржаваў за распаўсюд дэмакратычных прынцыпаў і ўзмацненне дэмакратычных нормаў і інстытутаў у свеце. У Супольнасць уваходзяць больш як 100 краін свету. Гэтая нефармальная арганізацыя была створаная ў 2000 годзе па ініцыятыве Польшчы і ЗША. Папярэдні форум арганізацыі прайшоў у Літве. Наступным эстафету пераняў Сальвадор.

Стэфан Эрыксан працаваў у Беларусі з 2005 да 2012 гадоў. Ён актыўна падтрымліваў грамадзянскую супольнасць краіны, сустракаўся з сем'ямі рэпрэсаваных, прысутнічаў на судах. Адначасова ён усяляк дапамагаў нацыянальнай культуры беларусаў. Ён дасканала авалодаў беларускай мовай і прынцыпова гаварыў на ёй.

Афіцыйны Мінск успрымаў дзейнасць пасля з раздражненнем. І ў 2012 годзе ўлады Беларусі апавясцілі Швецыю аб непадаўжэнні акрэдытацыі Эрыксана. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці.

«У Мінск мяне, вядома, не вернуць, — сказаў пасля цырымоніі амб. Эрыксан прысутным на форуме беларусам.
— Але прэмія гэта прызнанне таго, што я не вінаваты ў тым, што адбылося».

У якасці гасцей форума ва Улан-Батары, сярод іншых, прысутнічалі дырэктарка Беларускага дома правоў чалавека Ганна Герасімава, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Уладзімір Кобец, кіраўніца Бюро салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве Юлія Слуцкая.

Прэмію Эрыксану ўручаў міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус, які сам перад гэтым быў амбасадарам у Мінску.

У форуме ўдзельнічалі прэзідэнт Манголіі, а таксама нобелеўскія лаўрэаты, у тым ліку лідарка бірманскай апазіцыі Аўнг Сан Су Чжы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?