Пайшоў асабіста паглядзеў фільм, што рэкламаваўся як той, што ўзніме беларускае пытанне ў Еўропе. Сёння нават перагледзеў яшчэ раз, бо баяўся, што першае ўражанне моцна тэндэнцыйнае.

Мне асабіста кіно нават спадабалася. Месцамі, калі быць шчырым. Нягледзячы на тое, што я не лічу Беларусь, нават афіцыйную, такім шэрым і пахмурным краем, прыгнечаным варожымі сіламі.

Добрая музыка — вялікі плюс. Але бадай што плюсам на гэтым канец.

Фільм — зусім не прарыў альтэрнатыўнай Беларусі ў Еўропу. Нашая краіна досыць нядужая, мала знаёмая еўрапейцам і не моцна ім цікавая. І наўрад ці вобраз маей Айчыны з фільму здольны іх зацікавіць больш.
Беларусь ў сённяшнім абліччы можа толькі двойчы знайсціся на першых палосах газет: у момант усталявання аўтакратыі (што ўжо адбылося), ды ў момант яе падзення. (Яшчэ, праўда, калі Акадэмія Навук вынайдзе лекі ад СНІДу, або хаця б раку). Усё, што паміж — можа выклікаць толькі спагаду, і нічога больш. А што пасля — невядома, ды і фільм не здольны адказаць на такое пытанне.
Склалася моцнае ўражанне, што «Жыве Беларусь» — гэта ў нечым спосаб ідэалагічнай помсты тым, хто не дагадзіў рэальным прататыпам галоўнага героя.

Варта ж зразумець, што тое, што мы маем — не бяда беларускага народа. Пасля 1991 года гэта бяда, узгадаваная самімі беларусамі. І калі Беларусь паказваецца, як нейкая Паўночная Карэя, у гледача звонку адразу ўзнікаюць пытанні: што не так з беларусамі? Ці няма ў іх ва ўсіх хібнасці?

Калі ўмоўна прыняць, што кожны еўрапеец паглядзіць «Жыве Беларусь», можна чакаць толькі такую рэакцыю: спагаду, а пасля — адчуджэнне. Такі чалавек нават пасля падзення Лукашэнкі будзе насцярожана і досыць грэбліва ставіцца да той, новай Беларусі. Ці гэта ёсць добрая рэч — паказаць беларусаў недарэкамі?

Мне асабіста абрыдла даказваць у Еўропе, што я — не вярблюд, а ў цэлым адэкватны, у меру адукаваны і зусім не страшны, не супрацоўнічаю з КДБ, не працую на крывавы рэжым і пры тым здольны не бачыць толькі чорнае. Што акрамя Лукашэнкі ў Беларусі ёсць іншыя рэчы, і перадусім жывуць цалкам някепскія людзі, ажно дзевяць з паловай мільёнаў іх.

На вялікае шчасце, здаецца, масавай істэрыі фільм не выклікаў. Нягледзячы на тое, што лёс галоўнага героя нібы меў паказаць сітуацыю шмат каго з па-грамадску актыўных маладых беларусаў, галоўная лінія абапіраецца пераважна на пакутах аднаго ўсім вядомага персанажа.
Фільм атрымаўся ізноў у не найлепшай беларускай традыцыі «для сваіх». Для ўзгаданага «чалавека звонку» незразумелы ані кантэкст, ані высновы. Усе, каму сюжэт можа быць цікавы — тыя, хто і так усё добра ведае.
Я асабіста параўноўваю «Жыве Беларусь» з «Плошчай» Хашчавацкага, не на карысць першага. Хоць яны і розных гатункаў, «Плошча» зусім па-іншаму паказвае сітуацыю, бо робіць гэта з розных бакоў і шматгранна, неадназначна.

***

Гледзячы на Польшчу, на найбольш блізкую культурна пасля Беларусі асабіста для мяне, можна сказаць наступнае: так, шмат хто пазітыўна адгукнуўся на фільм. З'явілася мноства станоўчых рэцэнзій. Групе палякаў, што маюць такія погляды здаецца, што драма, якую Польшча перажывала фактычна пад замежнай акупацыяй у 1945-89 гг., падобная да па-калгаснаму смешнай, прасцяцкай, але ўласнай беларускай аўтакратыі. Адсюль і добрыя водгукі: рэцэнзенты ацэньвалі не мастацкія якасці, а ідэалагічныя.

Даруйце. Тое, што сёння адбываецца ў Беларусі ніяк не адносіцца да Польшчы.

Беларуская сістэма, як ні прыкра такое канстатаваць, бальшыні маіх суграмадзянаў падабаецца, і гэтую недарэчную сістэму яны, у адрозненне ад палякаў, ахвотна ўваскрэшаюць і рэпрадукуюць. Перад намі агромністы шлях атаясамлення сябе з іншым спосабам быцця. Ніякія спачуванні Еўропы ў гэтым не дапамогуць беларусам, якія ў большасці не адчуваюць з ёй цывілізацыйнай повязі. Не так было ў палякаў.

Цалкам палітычная выснова, бо і фільм палітычны, і толькі крыху мастацкі.

Галоўнае, што патрэбна беларусам — знайсці агульны погляд на супольную справу — на сваю дзяржаву.
Тыя, хто з намі, і тыя, хто супраць нас, грамадзяне адной Беларусі. Калі мы хочам збудаваць паўнавартасную, устойлівую дэмакратыю — трэба дамаўляцца, палемізаваць, шукаць падабенства, а не адрозненні, калі з'явіцца няхай самая мінімальная магчымасць. Інакш мы далей будзем будаваць лукашэнкаўскую Беларусь, нават калі Лукашэнкі там не будзе.

Адзін з аўтараў сюжэту, па сумяшчальніцтве таксама нібы палітык, на мой такі каментар моцна абразіўся ды вырашыў «парваць кантакты». Што хутчэй стала пацверджаннем усяго вышэйнапісанага, чым абвяржэннем. Хочацца толькі спытаць: калі такая рэакцыя ўзнікае на крытыку кагосьці з аднаго з гэтым маладым чалавекам боку барыкад, то што ён плануе казаць сваім суайчыннікам, хто мае супрацьлеглыя перакананні, або, як большасць беларусаў, знаходзіцца «паміж»? З такімі будзе адназначна цяжэй.

А фільм — о'кей, калі яго перанесці з катэгорыі «драма» ў «жахі», цвёрдыя сем балаў на дзесяць я асабіста б паставіў. За музыку, і яшчэ за Караліну Грушку.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?