Перад адлётам у Стакгольм на чарговы чэмпіянат свету па хакеі нацыянальная зборная Беларусі знаходзіцца ў выдатным маральным стане. Пра гэта заявіў яе галоўны трэнер Андрэй Скабелка 30 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Для многіх гульцоў цяперашняга складу, якія ўпершыню едуць на турнір такога высокага рангу, гэты чэмпіянат свету — шанц праявіць сябе. Таму ўсе хакеісты працуюць у зборнай з вялікім жаданнем, настрой у каманды добры. Не магу сказаць, што нехта прыехаў у зборную без жадання», — падкрэсліў спецыяліст.

Склад зборнай Беларусі:

варатары — Дзмітрый Мільчакоў (1986 года нараджэння, «Металург», Жлобін), Віталь Бялінскі (1989, «Юнацтва-Мінск», ВХЛ), Сцяпан Гарачэўскіх (1985, «Данбас», Данецк, Украіна, КХЛ);

абаронцы — Алег Гарошка (1989, «Дынама-Мінск», КХЛ), Павел Чарнавок (1986, «Дынама-Мінск», КХЛ), Андрэй Філічкін (1987, «Гомель»), Яраслаў Масленікаў (1982, «Гомель»), Ілья Шынкевіч (1989, «Металург», Жлобін), Ілья Казнадзей (1989, «Металург», Жлобін), Раман Грабарэнка (1992, «Олбані Дэвілз», Амерыканская хакейная ліга), Аляксандр Яронаў (1989, «Шахцёр», Салігорск);

нападнікі — Канстанцін Кальцоў (1981, «Атлант», Мыцішчы, Расія, КХЛ), Яўген Кавыршын (1986, «Северсталь», Чарапавец, Расія, КХЛ), Аляксандр Кітараў (1987, «Дынама-Мінск», КХЛ), Аляксандр Кулакоў (1983, «Дынама-Мінск», КХЛ), Дзмітрый Мялешка (1982, «Дынама-Мінск», КХЛ), Андрэй Стась (1988, «Дынама-Мінск», КХЛ), Арцём Кіслы (1989, «Нёман», Гродна), Вячаслаў Андрушчанка (1989, «Металург», Жлобін), Міхаіл Стэфановіч (1989, «Гомель»), Яўген Саламонаў (1990, «Гомель»), Аляксей Яфіменка (1985, «Шахцёр», Салігорск), Артур Гаўрус (1994, «Оўэн Саўнд Атак», юніёрская хакейная ліга канадскай правінцыі Антарыа), Аляксей Угараў (1985, «Тарпеда», Ніжні Ноўгарад, Расія, КХЛ), Арцём Дзямкоў (1989, «Гамбург», Германія).

У рэзерве застаецца нападнік Сяргей Дрозд (1990, «Дынама-Мінск», КХЛ), які будзе падтрымліваць форму ў Мінску.

Усе матчы групавой стадыі беларусы правядуць у Стакгольме.
3 мая ў стартавым матчы на турніры беларусы згуляюць з чэхамі, 5 мая — са славенцамі, 6 мая — са шведамі, 10 мая — з канадцамі, 11 мая — з нарвежцамі, 13 мая — з датчанамі, 14 мая — са швейцарцамі.
Беларусы не могуць вылецець з элітнага дывізіёна, бо з'яўляюцца гаспадарамі наступнага чэмпіянату свету, які адбудзецца ў Мінску. Для выхаду ў чвэрцьфінал неабходна заняць 1—4-е месцы ў сваёй групе.

Нагадаем, перад беларускай камандай пастаўлена задача заняць 8—10-е месцы па выніках чэмпіянату свету.

«Мы прыкладзём усе намаганні, каб выканаць задачу, а ці хопіць у нас сіл і майстэрства, пакажа толькі сам чэмпіянат свету.
Наколькі аб'ектыўныя такія задачы для беларускага хакея ў яго цяперашнім стане? Ну, на першым этапе ўсе каманды ставяць задачу трапіць у чацвёрку, каб выйсці ў плей-оф, зразумела, што і ў нас такая ж мэта. Аб невыкананні задач і магчымых наступствах я зараз не думаю», — падкрэсліў Андрэй Скабелка.

Галоўны трэнер не змог адказаць, за якую з ліній у камандзе перажывае больш за ўсё. «Спадзяюся, праблем не будзе ні ў якой, але асабліва хацелася б, каб праблем не было ў абароне», — падсумаваў спецыяліст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?