Спачуванне ад імя «Экамедсэрвісу» выказаў старшыня Савета заснавальнікаў кампаніі Уладзімір Каява, размясціўшы яго на сайце otzyvy.by.

«Калектыў медыцынскага цэнтра «Экамедсэрвіс» шчыра выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім нашага пацыента, і смуткуе разам з імі, — гаворыцца ў спачуванні, якое было апублікавана 27 красавіка. — Цяпер праводзіцца разбор здарэння, да завяршэння якога канчатковыя высновы аб прычынах, што прывялі да трагедыі, рабіць дачасна. З мэтай выканання заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе пытанні медыцынскай тайны, каментаваць у СМІ гэта пытанне нам не ўяўляецца магчымым».

Як паведамлялася раней, у канцы сакавіка ў медыцынскім цэнтры была зроблена аперацыя па рынапластыцы 23-гадовай жыхарцы Гродна.

Пасля аперацыі пацыентка ўпала ў кому і не выходзіла з гэтага стану прыкладна месяц. Так і не прыйшоўшы ў прытомнасць, дзяўчына памерла 23 красавіка ў 4-й клінічнай бальніцы Мінска. Праваахоўныя органы праводзяць праверку па факце смерці.

«Экамедсэрвіс» — адна з самых прэстыжных прыватных клінік у Мінску. Яна месціцца на вуліцы Талстога, каля вакзала. Спецыялізуецца на паслугах пластычнай хірургіі, стаматалогіі, дыягностыкі. У інтэрнэце сцвярджалася, што ўдзел у гэтым бізнэсе мае Уладзімір Пефціеў, былы ўласнік «Белтэхэкспарта» і чалавек, які трапіў пад санкцыі Еўрасаюза як магчымы фінансіст Аляксандра Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?