У дэльце Нарачанкі завёўся бабёр, які ў водных падарожнікаў і рыбакоў стаў адбіраць грошы.
Паставіў пад вадою ладную хатку і фірмовы плот, правёў ад найбліжэйшых слупоў электрычнасць, а з рэшты абгрызенага бярвення згламэздаў нешта накшталт мініятурнага маяка. Маяк стаў трансляваць фальшывую надзею – каб чоўны, зможаныя прарываннем праз чаротавы расцяроб, не збіваліся з курсу ды не сплывалі назад у тугія воды Нарачы.
Спачатку ў цэнтры на трывожныя сігналы аб бабровых рабунках увагі не звярнулі. Бо як можна сур’ёзна ставіцца да паказанняў ашалелых браканьераў?
Выглядала гэта далібог дзіўна: браканьеры самі прыбягалі ў мядзелскую міліцыю. Скарлючанымі ад шоку пальцамі выводзілі ў графе “Месца працы” – “азёрныя гладзі”, насупраць “Займанай пасады” – “пазазаконны лавец рэспубліканскага дабра”.
Сваю заяву пачыналі чыстасардэчным прызнаннем: “…Нападзенне бабра здарылася, калі я займаўся дэстабілізацыяй экалагічнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь”.

А ўжо байдарачнікі-інтэлектуалы, што маладушна ўцякалі на азёры ад эстэтычных жахаў сталіцы, ці іншыя гарадскія, якія далі драла з вясковага вяселля, – усе гэтыя рэнегаты ўвогуле не лічыліся. Іх незагарэлыя целы праціналі дрыжыкі, яны павярталі да дзяржурнага лейтэнанта свае перакошаныя твары і паволі бляялі: “Па-пёр-ба-бёр…”

Дзіва, але былі і такія, каму бабровае абслугоўванне (у двукоссі, вядома) прыйшлося даспадобы. Звяруга, можа, і спаганяў грошы, але, у адрозненне ад абрыдлівых суседзяў і дапытлівых падаткавікоў, не спрабаваў пацікавіцца крыніцамі прыбытку і родам занятку абрабаваных.
У яго няўмольнай, але максімальна маўклівай манеры вымагаць грошы было нешта выкшталцонае, прыязнае. Была нейкая велічнасць паўзаў, пад якой некаторыя ўгадвалі шляхетную далікатнасць і ліберальнасць нораву. Гэтага так не хапала стурбаваным падаткаплатнікам і кватэраздымнікам па іх месцы пражывання.

Пасля звяршэння акту рабавання бабёр ніколі не казаў ідыёцкіх фразаў кшталту: “А пагаварыць?”, ад якіх кроў стыне і істотна скарачаюцца дні жыцця. Як мы ўжо сказалі, акуратны бабровы сервіс і свежае паветра Мядзельшчыны рабілі сваю справу. Што яшчэ трэба шараговаму ўцекачу ад рэспубліканскай рэальнасці?

Можа, таму, развітваючыся з грашыма тут, у дэльце, некаторыя нават адчувалі палёгку.

Калі бабёр знікаў пад вадой, такая публіка змахвала слязу шкадавання.
А некаторыя аж нагэтулькі апазіцыйна настроеныя спадары вярталіся на месца вымагальніцтва зноў і зноў з кішэнямі, поўнымі старых савецкіх асігнацый.
Не падаў заяваў на вымагальніка і дырэктар нарачанскага рыбзавода.
Гэты трапіў у бабровыя лапы, калі ў выходны паехаў на шчупака. Абапал чалавека, які ўсё сваё жыццё заганяў або даваў загад заганяць падводных жывуноў у цесны палон кансаровак, нямым дакорам высіліся берагі Нарачанкі. Назад ходу не было – яго надзіманы човен мог напароцца на спічастае бярвенне хаткі. Знізу – непраглядная водная тоўсць, зверху – цынкавыя хмары. На маленечкую хвілю дырэктар зазнаў, што адчувае на ўласнай лусцы злоўленая прамысловым нератам рыба. Зведаў, як гэта быць грузам-200: замураваным між чатырох сценак кансаровай труны (хай сабе і палітым таматным соўсам).
Вярнуўшыся з дэльты, ён кінуў сям’ю і абклееныя грашыма сценкі катэджу і з’ехаў у тыбецкім напрамку.

Па нейкім часе бабра паспрабавалі схапіць. Аператыўнікі ўзброіліся вёсламі, у тронкі якіх паўстаўлялі стрэльбы. Начапілі на свае вожыкі доўгавалосыя парыкі і закінулі ў байдарку адзін на ўсіх томік нейкага чагосьці там...

Нягледзячы на захады канспірацыі, бабёр заспеў усю пажондную кампанію знянацку. Спрытным рухам караткаватых лап абяззбробіў аператыўнікаў.
Звыкла абшнарыў кішэні. Выкінуў “ляльку” -- звязаны гумкай пук дэнамінаваных купюр. На купюрах былі выяўленыя вавёркі і зайчыкі. Потым адным позіркам змусіў работнікаў органаў дастаць заначкі са шкарпэтак, адкуль уласнымі кіпцямі вычапіў купюры з выявамі будынкаў горада Мінска і іншых абласных цэнтраў. Пагрозліва сцыркнуўшы праз свае два выбітныя зубы сліну пад ногі, штурмануўся ў воду. Аператыўніку адно назіралі, як хвастаты монструм няспешна раставаў у каламутных прадоннях Нарачанкі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0