На беларускай мове ў Беларусі навучаюцца 21,5% школьнікаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай школы» (ТБШ) Алесь Лозка.

Паводле яго слоў, колькасць беларускамоўных школ і класаў змяншаецца. Напрыклад, калі у 1993/1994 навучальным годзе на беларускай мове навучаліся 76% першакласнікаў, то у мінулым — толькі 18,6%. Адпаведныя паказчыкі па Мінскай вобласці — 92,6% і 31,9%, па Мінску — 58,6% і 2,2%. «Штогод мы губляем больш за 100 беларускамоўных школ па ўсёй рэспубліцы, асабліва падае іх колькасць у вёсцы», — зазначыў А.Лозка. Вёска, паводле яго слоў, пачынае русіфікавацца, бо закрываюцца малакамплектныя беларускамоўныя школы і дзяцей пераводзяць ў больш буйныя, навучанне ў якіх вядзецца на рускай мове.

На сягодняшні момант найгоршая сітуацыя з беларускамоўнымі школамі і класамі — ва ўсходніх Магілеўскай і Гомельскай абласцях, найлепшая — у Мінскай вобласці, паведаміў А.Лозка. Пры гэтым у самім Мінску працуе толькі чатыры беларускамоўныя школы, колькасць беларускамоўных класаў змяншаецца. Па словах старшыні ТБШ, канкрэтныя лічбы на наступны навучальны год назваць пакуль немагчыма, яны будуць вядомыя пазней, але А.Лозка лічыць, у Мінску такіх класаў будзе яшчэ менш, чым ў мінулым годзе.

Старшыня ТБШ назваў і аптымістычныя паказчыкі. Так, зазначыў ён, у апошнія гады адбываецца так званы «неафіцыйны рэферэндум»: усё большая колькасць абітурыентаў жадае здаваць тэсты па беларускай мове. У гэтым годзе іх было 87 тыс., пры тым, што толькі 20 тыс. заканчвалі школы з беларускай мовай навучання. У 2006 годзе тэсты па беларускай мове абралі 75 тыс. абітурыентаў ВНУ, а школы з беларускай мовай навучання закончылі больш за 20 тыс. чалавек.

Настасься Янушэўская, БелаПАН