Па колькасьці зьмешчаных партрэтаў Лукашэнкі «Звязда» намнога апярэджвае «Советскую Белоруссию».

Газэта «Звязда» у пачатку 90-х выглядала даволі дэмакратычна. Тут бывалі і Шушкевіч, і Пазьняк, і нават спадар Лукашэнка. Пасьля прыходу апошняга да ўлады ў рэдакцыю завітваў і спадар Фядута, які прапаноўваў газэце стаць прэзыдэнцкай. «Параімся з калектывам», — быў яму тады адказ галоўнага рэдактара Ул. Наркевіча.

Калектыў зьвяздоўцаў выказаўся супраць. І тады грошы і «бацькава» падтрымка паплылі ў «Советскую Белоруссию», а «Звязда» трапіла ў апалу.

Але ці была тая апала? І ці ёсьць яна цяпер?

Маладыя журналісты не паднялі ў газэце ніводнай праблемы з тых, якімі жыве грамадзтва, б’юць чалом Лукашэнку (хаця й пад псэўданімамі). Беларускага духу ў газэце няма. Гэта бачна і па старонках «Звязды», якія поўняцца элемэнтарнымі факталягічнымі ды граматычнымі памылкамі. Зьніклі зь іх праблемы культуры, захаваньня спадчыны, мовы. Падлічана, што па колькасьці зьмешчаных партрэтаў Лукашэнкі газэта намнога апярэджвае «Советскую Белоруссию». (Дарэчы, галоўны рэдактар «СБ» Павел Якубовіч павіншаваў калег з 90-годзьдзем зь вялікім спазьненьнем.)

Свой юбілей калектыў, як і належыць журналістам абслугі, адзначыў п’янкай за прафсаюзны кошт. Кажуць, перад тым былі падзеленыя ўзнагароды, якія кіраўнік дзяржавы, Палата прадстаўнікоў і ўрадавыя ўстановы будуць уручаць толькі празь месяц. Якія фармулёўкі будуць гучаць пры ўручэньні ўзнагародаў — цяжка сказаць. Наклад газэты за апошнія гады зьнізіўся да непрыстойнасьці, фінансавы стан — крытычны. Калі ўлічыць зьнікненьне беларускамоўнай газэты «Чырвоная змена» і практычнае спыненьне выхаду часопісу «Беларуская думка», дык, магчыма, ліквідацыя чакае і «Звязду». Кваліфікаванае вынішчэньне беларускасьці працягваецца.

Сяргей Бовін, газэта «Свабода»

Меркаваньне аўтараў матэрыялаў, якія перадрукоўваюцца на сайце nn.by, не канечне супадае зь меркаваньнем Рэдакцыі нашага сайту.