Думаў, што свет круціцца вакол мяне

У дзяцінстве мне падавалася, што свет круціцца вакол мяне. Бо я быў першым дзіцём у сям’і і ўсе сваякі мне «дупу цалавалі», насіліся вакол мяне, падаруначкі розныя рабілі. Я не толькі быў эгаістам, я ім і застаўся. Жонка мая часта папракае, што я эгаіст. Але я перакананы, што калі ты не любіш сябе, дык нікога навокал любіць не будзеш. Усе нашыя беларускія штучкі кшталту «Сам пад лаву лягу, а госця на ложак пакладу» я не разумею і дужа не люблю, бо годнасць чалавечая пачынаецца з павагі да сябе.

У 13 гадоў я пачаў пісаць артыкулы

Я быў паслухмяным хлопчыкам у дзяцінстве. Да пятага класа нават не піў з хлопцамі ў вёсцы нічога. Цягаліся ў лес, што быў побач, палілі там вогнішча. У 13 гадоў пачаў пісаць артыкулы, але спачатку былі вершы. Мой першы верш напісаны па сацыяльнай замове. У школу павінны былі прыехаць з РАА, і настаўніца сказала, што трэба нешта напісаць. Мяне замкнулі ў музеі Янкі Маўра, што быў у нашай школе, і я там два урокі сядзеў пісаў. Потым, як надрукаваў вершы ў газеце, рэдактарка сказала, каб я паспрабаваў напісаць артыкул. Ну я і паспрабаваў, першым артыкулам было інтэрв’ю з апошнім жыхаром Хатыні. Ён спачатку адмаўляўся, але я сказаў: «Ну, спадар Віктар, гэта будзе мой першы артыкул». Гэта яго кранула, і ён пагадзіўся.

Да мяне не ліпла ідэалагічнае смецце

Тата з пачатку 1990-х на мітынгі хадзіў, Пазняка фоткаў і выпісваў газету «Свабода». І да мяне ніколі не ліпла ідэалагічнае смецце.

Дзед не мог зразумець, як дзіця назвалі

У школе я быў адзіным Глебам, што прыцягвала вялікую ўвагу. Калі ездзілі ў вёску, дык нават наш сваяк дзед Васіль не мог зразумець, як дзіця назвалі, і тры разы перапытваў. Але бацька мне патлумачыў, што ён назваў мяне ў гонар першага мінскага князя. Мне было заўсёды прыемна.

Сябры ў Турцыю ездзілі, а я ў бульбе сядзеў

Я нарадзіўся ў Мінску, і бацькі мае з Мінска. Бабуля, пасля таго як памёр Сталін, паехала скараць Мінск. Яна была з-пад Слуцка. І кожнае лета я ездзіў да яе ў вёску. У школу я пайшоў у 1993, тады маіх аднакласнікаў ужо пачалі па Турцыях і Егіптах вазіць, а мяне нікуды. Было крыўдна, бо аднакласнікі 1 верасня паказвалі фоткі з курортаў, а ў мяне ўсе фоткі былі, як я ў бульбе сяджу. Пазней я зразумеў, што вёска была сапраўдным шчасцем, дзе я спасцігнуў мову не па падручніках, бо бабуля размаўляла на беларускай мове.

Не зважаць на тое, што кажуць іншыя

Тата з дзяцінства казаў мне, каб я не зважаў на тое, што гавораць іншыя. З часам я гэты пастулат удасканаліў: зразумеў, што для мяне істотна думка толькі тых людзей, якіх я люблю і паважаю. Усім падабаецца толькі даляр, сэнсу падабацца ўсім у журналістыцы я не бачу. Тым больш сёння, у эпоху інтэрнэт­троляў. Які б артыкул ні быў выстаўлены — адразу знаходзяцца тыя, хто пачынае троліць і зневажаць. Але хто ты такі і што ты такога зрабіў? Мерацца чымсьці можна толькі з тымі, хто ўжо нешта зрабіў. Я заўважыў, што чым больш чалавек зрабіў, тым менш ён хваліцца.

Кніга — не крыніца інфармацыі, а прадукт

У наш час кніга ўжо не крыніца інфармацыі — гэта прадукт. Я перакананы, што найперш кніга павінна быць артэфактам. Не разумею неахайна зробленыя кнігі ці кнігі, зробленыя на «туалетнай паперы». Заўсёды вершы ці малюнкі можна знайсці ў інтэрнэце, дык навошта людзям казаць: «купіце тое, што вы ўжо бачылі». Таму выхад кнігі «Дзіцячая заМова» зацягнуўся на некалькі месяцаў, бо мэтай было стварыць адметную і непаўторную кнігу.

Фуфло тое, што Чаргінец выдае

Зайшоў нядаўна ў кнігарню і пабачыў цэлую паліцу таго фуфла, што Чаргінец выдае, гэтыя «труны» зялёныя з залатымі пёрамі. Я запытаўся ў прадавачкі, ці купляюць тыя кнігі, дык яна адказала, што ніхто не пытае, ніхто нават у рукі не бярэ яго кніг. Сярод маіх сяброў няма гуманоідаў, якія б гэта чыталі. Аўтары гэтых кніг — непрыгожыя людзі, таму вокладкі ў іх непрыгожыя, яны пішуць непрыгожыя вершы, яны пішуць непрыгожую прозу, яны выдаюць непрыгожыя часопісы, яны робяць непрыгожыя ўчынкі. Іх вокладкі іншымі быць не могуць.

У школе я думаў, што ўсе беларускія літаратары даўно памерлі

У мяне ў школе беларускую літаратуру выкладалі так, што я думаў, што ўсе беларускія літаратары даўно памерлі. У 7 класе я пазнаёміўся з Барадуліным. Я патэлефанаваў яму і папрасіў пазнаёміцца. Гэта чалавек маштабу Купалы і Багдановіча. Мы часта стэлефаноўваемся і бачымся, я дагэтуль цаню кожны момант, калі выпадае магчымасць гутарыць з ім і быць побач. Сам ён кажа, што з маладымі ён і сам адчувае сябе маладзейшым. Нягледзячы на ўзрост, ён вельмі іранічны і хуліганісты чалавек. Але я не хацеў бы займацца панібрацтвам і казаць: «ведаеце, а мы дружбаны». Знаёмства з ім было для мяне культурнай рэвалюцыяй.

Свет чорна­-белы

Ад дзядзькі Рыгора я навучыўся таму, што свет чорна-­белы. Заявы кшталту таго, што свет мае шмат колераў і адценняў, я чую ад людзей, якія імкнуцца гэтым апраўдаць нейкую подласць. Калі я кажу, што ўсе мянты — жывёлы, то людзі пачынаюць казаць, што я мудзіла і ўсё мае шмат адценняў, то гэта апраўданне подласці. Калі вам не падабаецца тое, што я кажу, калі ласка, выдаляйце мяне з «фрэндаў», пішыце ў камісію па этыцы БАЖ, на пошту пішыце, што я казёл, не чытайце мае артыкулы і не набывайце маю кнігу, я нікому не навязваюся. Для мяне заўсёды больш істотна быць шчырым, чым талерантным. Я шмат у чым кансерватыўны чалавек.

Хутка будуць фоткаць унітазы і свае какашкі

У нашай інтэрнэт­тусоўцы ёсць некалькі камічных персанажаў, такія дурні і дурніцы, якія пішуць пустую фігню. Я проста прыбіраю са стужкі тых людзей, якія актыўна пішуць пра тое, што ты з’еў, як ты па…аў, куды пайшоў і хто ў цябе пад вокнамі двор мяце. У сацыяльных сетках пішуць так мала разумных рэчаў. Хутка, пэўна, будуць фоткаць унітазы і свае какашкі.

Рады, што ўдалося прывезці Радзівілаў у Беларусь

Што тычыцца гісторыі з Радзівіламі, то ўсё пачалося з любові да гісторыі, гэтая тэма стала для мяне шалёна цікавай, і я паехаў спачатку у Варшаву рабіць з Радзівіламі інтэрв’ю. Дагэтуль ад 1993 з Беларусі ніхто не выходзіў з імі на сувязь, хоць якраз адбывалася рэстаўрацыя Нясвіжскага замка і было б разумна звярнуцца да пані Альжбеты, якая жыла ў замку і памятае, як усё было. Потым, калі яна прыехала ў Нясвіж, я зразумеў, чаму не звярнуліся. Якраз таму, што яна памятае, ЯК было. Я мэтанакіравана працаваў над тым, каб прывезці Радзівілаў у Беларусь, і я іх прывёз. І калі быў першы іх візіт сюды, я вельмі ганаруся, што дзяржава палец аб палец не ўдарыла. У гэтай справе нешта рабіў я і польскае пасольства ў Мінску. Я чуў, што пасля Латушка расказваў. Ну хай ужо, ты ж міністр, трэба ж хвост павіны распусціць. Калі Радзівілы ехалі сюды першы раз, ім выдалі візу толькі з трэцяга разу і за грошы. А вось другі раз, калі ў гэтым удзельнічаў Латушка, то візу ім ужо выдалі хутка і бясплатна. Я вельмі захапляюся Альжбетай Радзівіл і на будучыню рыхтую кнігу радзівілаўскіх фотаздымкаў. Я змог сабраць больш за 600 даваенных фотаздымкаў Радзівілаў і апісаць іх, пры дапамозе саміх Радзівілаў.

Мне ўдалося перавесці «Камунарку» на беларускую мову

Я раблю тое, што магу. Напрыклад, вяду і падтрымліваю рубрыку пра беларускую рэкламу ў блогу ці пішу лісты на прадпрыемствы. Мова, нават на ўзроўні шыльдаў, вельмі істотная. Калі людзі, якія гавораць па-расейску, устаўляюць беларускія словы з шыльдаў, то нават гэта шмат каштуе. Зразумела, што мы як жабракі чапляемся за тое, што засталося, але лепш так, чым казаць: «Гары яно гарам!» Калісьці ўдалося такім чынам перавесці «Камунарку» на беларускую мову, усе надпісы на цукерках і шакаладках былі па-беларуску. Але потым прыйшла дырэктарка з прозвішчам Кот і пачала ўсё гэта знішчаць. Цяпер мала што засталося.

Першае слова майго дзіцяці — «тата», а не «папа»

Цяпер маё дзіця практычна не чуе расейскай мовы. Наколькі будзе магчыма, я буду рабіць гэта далей. Бо я хачу, каб беларушчына прышчапілася да яму на генетычным узроўні. Але ў інкубатары я гадаваць яго не буду, рускай мове яго навучаць і так. Першым словам майго дзіцяці было «тата», а не «папа», і гэта вельмі важна.

***

Глеб Лабадзенка нарадзіўся ў 1986 у Мінску. Паэт, журналіст. Вучыўся ў Коласаўскім ліцэі. Працаваў у «Комсомольской правде в Беларуси», «Звяздзе». Аўтар кніг «Pager-вершы», «Дзіцячая заМова».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?