...Нас было двое ля барнай стойкі ў чаканні кавы — я і малады, каротка стрыжаны, усмешлівы хлопец у стракатай спартовай куртцы, які нецярпліва пагульваў бірулькай з ключом ад аўто. Нешта здарылася з кававаркай, праз яе пыханне і шыпенне пары даносілася з тэлевізара навіна аб стварэнні ў Беларусі расійскай авіябазы. «Вось пабачыце, яшчэ і ракеты вернуць!» — з нейкім азартам раптам усклікнуў хлопец. «Што ж тут радавацца? — не стрымаўся я. — Вы хочаце, каб краіна ізноў стала мішэнню?» — «А што, плакаць? Трэба будзе — паваюем!» — і хлопец напружана сціснуў бірульку...

Мастак Мікалай Апіёк.

Мастак Мікалай Апіёк.

З усяго, што было напісана і прамоўлена ў апошнія дні пра расійскую авіябазу — ад акупацыі да скрупулёзных падлікаў разнастайных выгод, — гэты нязначны эпізод чамусьці вяртаўся да мяне зноў і зноў.
Зноў і зноў я пытаўся ў сябе: чаму ў краіне, якую стагоддзямі ўздоўж і ўпоперак прасавалі крывавыя нашэсці, так лёгка стала вымаўляцца слова «вайна»?! Не толькі ж таму, што галоўнакамандуючы шчыра верыць у гатоўнасць беларусаў «легчы пад танкі», для чаго яму так не хапае двух дзясяткаў расійскіх знішчальнікаў...

Тут нешта яшчэ.

Успомнілася вёсачка Бармуты, што прытулілася да старадаўняга шляху на Брэст, цётка Зося, яе сумныя вочы, пасма валасоў з-пад старой хусткі, зморшчаныя кулачкі, прыціснутыя да грудзей, і раптоўны ўскрык: «Дзетачкі вы мае даражэнькія, я б усіх вас ад вайны засланіла...»

У Бармуты я паехаў у сярэдзіне 1980-х, калі пачуў, што жывуць там адны ўдовы загінулых падчас вайны — хто на чужыне, хто на радзіме... «18 пулек у яго папала, 18 дзірачак, — лямантавала цётка Зося. — І галава ўся пабіта. Як везла на могілкі, усё тыя дзірачкі лічыла... І цяпер, як вочы заплюшчу, чую: ідзе мой Алёшанька, снедаць просіць. Паліцаі ж нават даснедаць яму не далі... А ён мне: не хвалюйся, Зося, вярнуся — даснедаю...»

Дваццаць гадоў таму, калі Станіслаў Шушкевіч адмаўляўся падпісваць дамову аб далучэнні да АДКБ і пагражаў рэферэндумам, яшчэ было ў каго пытацца аб нейтралітэце. Бо жыла памяць.
Не тая памяць, што бразгае зброяй, а тая, што намагалася засланіць жывых чаканнем загінулых ад вайны. Каб даць ім даснедаць...

Рэферэндум не адбыўся, кампрамісны, так бы мовіць, запіс у Канстытуцыі пра імкненне да нейтралітэту ператварыўся ў пустую паперку, а здраджаная памяць згінула разам з удовамі вайны, саступіўшы месца празе падлікаў.

І ў каго цяпер пытацца пра нейтралітэт — сапраўдную, на ўсе часы, заслону ад вайны?

Нейтралітэт як магчымасць і гарантыя сапраўды незалежнага існавання, засвойвання новай гістарычнай практыкі самастойнага будавання жыцця.

Не, лепш уцягнуцца ў згаданыя падлікі выгод. Дзіўна, але нават незалежная газета пытаецца ў сваіх чытачоў: ці патрэбна Беларусі расійская авіябаза? Неяк не змяшчаецца ў свядомасці, што сама пастаноўка такога пытання азначае магчымасць станоўчага адказу там, дзе і пытання быць не павінна...

Чаму звычка жыць чужым розумам, чужымі ваяўнічымі інтарэсамі аказалася мацнейшай за памяць, сумленне, пачуццё нацыянальнай годнасці і доўгу перад будучымі пакаленнямі?

Чаму страта незалежнасці хвалюе менш, чым салодкая залежнасць ад нібыта танных энерганосьбітаў, ад замоваў расійскага ВПК — чым пагроза таго, што замест Рэспублікі Беларусь зноўку з’явіцца, у лепшым выпадку, тэрыторыя, у найгоршым — плацдарм?!

А што яшчэ можа чакаць нашу краіну і наш народ ў цёмных завулках імперскай палітыкі?

Ці ж не тэрыторыяй і плацдармам была Беларусь звыш двух стагоддзяў расійска-савецкай імперскай гісторыі, перажыўшы ў яе сутаргавым заканчэнні ядзерную катастрофу?!

Дык то ж не вайна, запярэчыце вы, проста вецер так няўдала для Беларусі дзьмуў. Але чарнобыльскі вецер — гэта вецер вайны. Бо савецкі атам мірным ніколі не быў. Што ў Чарнобылі, што на ракетных базах, колькасць якіх на душу беларускага насельніцтва была найбольшай у СССР. Хто-небудзь лічыў, колькі заўчасна вымерла тых душ, што жылі наўкол прыхаваных у беларускіх лясах агнядышных шматгаловых страшыдлаў?!

Не, падлікі рабіліся з іншай мэтай.

Памятаю, гадоў дваццаць таму «вядучыя расійскія палітыкі і эканамісты» падлічвалі «плюсы і мінусы» ад уваходу Беларусі ў расійскую рублёвую зону.
Сярод плюсаў была «магчымасць захаваць у ранейшым выглядзе вайсковыя аб’екты, узаемаадносіны ў вайсковай сферы», а заадно «выключыць магчымасць далучэння Беларусі да НАТА».

Праўда, быў для Расіі і мінус: «павелічэнне фінансавага ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі».

Расія пазбегла гэтага «мінуса». Аж да таго, што 26 красавіка ніводзін дзяржаўны расійскі тэлеканал не згадаў пра трагічную гадавіну!

Але што ні год, здабывае плюсы: да двух існуючых базаў — плюс дваццаць знішчальнікаў, плюс авіяполк, плюс авіябаза...

...Быў у мяне знаёмы расеец Фёдар. Пасля войска ажаніўся, застаўся ў Беларусі і працаваў на ракетнай базе, схаванай у дрысенскіх лясах. Быў задаволены працай, бо яна давала неблагі прыбытак і дазваляла трымаць ці не самую заможную ў вёсцы гаспадарку.

Фёдар першым памёр ад пухліны ў галаве. За ім — жонка. А пасля пухліна прайшлася па ўсёй вёсцы. Уратаваліся толькі тыя, што з'ехалі.

Хто куды...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?