На Язмінавай дамы ўжо пабудаваныя.

На Язмінавай дамы ўжо пабудаваныя.

Рэндэры жыллёвага комплекса "Аквамарын"

Рэндэры жыллёвага комплекса "Аквамарын"

Рэканструкцыя на Рэвалюцыйнай працягваецца

Рэканструкцыя на Рэвалюцыйнай працягваецца

Гандлёвы цэнтр "Пасаж" на Камароўцы

Гандлёвы цэнтр "Пасаж" на Камароўцы

Жыллёвы комплекс "Дружны" пачыналі будаваць непальцы...

Жыллёвы комплекс "Дружны" пачыналі будаваць непальцы...

Аднак усю левую частку будзе ўзводзіць "Тапас".

Аднак усю левую частку будзе ўзводзіць "Тапас".

"Парк-Сіці".

"Парк-Сіці".


«Вось гэтых шарлатанаў на рынку будаўніцтва быць не павінна. Яны зусім нічога не разумеюць у будаўніцтве. Ён недзе там топчацца каля Ладуцькі ці Лукашэнкі, паказваючы, што ён самы родны і блізкі, пасля ідзе да нейкага міністра, і ён ужо пачынае вакол яго кругамі бегаць».
Пра каго былі гэтыя словы са звароту Аляксандра Лукашэнкі да нацыянальнага сходу?

Добрасумленныя забудоўшчыкі, — тлумачыў Лукашэнка, — гэта «не тыя, якія прыходзяць, бяруць рэсурсы нашых банкаў, як пасярэднікі наймаюць будаўнічую фірму — «Прамбуд» ці які трэст, — і яна ім будуе. Яны потым прадаюць кватэры і яшчэ трымаюць цэны на самым высокім узроўні на рынку, атрымліваюць звышпрыбытак. Гэта нармальна?!»

Іншымі словамі,

кіраўнік дзяржавы выступіў супраць забудоўшчыкаў, якія не маюць уласных будаўнічых магутнасцяў, а наймаюць дзяржаўныя трэсты.
У выніку прыбытак атрымлівае не дзяржава, а прыватнік.

Напрыклад, група кампаній «Тапас» летась здала ў эксплуатацыю жылы дом па вуліцы Кнорына ў Мінску. Генеральным падрадчыкам быў дзяржаўны МАПІД. Але ці распаўсюдзіцца гнеў Лукашэнкі на гэтага забудоўшчыка?

Кампанія «Тапас» атрымала пад забудову выгадныя ўчасткі не толькі на Кнорына, а і ў самых прэстыжных раёнах Мінска. У кіраўніцтве кампаніі 33-гадовы Павел Белы — сын Аляксандра Белага. Не, не таго Сашы Белага, якога праславіў тэлесерыял «Брыгада». Гэта наш, мінскі Белы — хакеіст, што памяняў сваё прозвішча з Левянштэйн на прыметнік колеру. Ягоны сын таксама стаў хакеістам. І не толькі.

Ад бібліятэкі да Камароўкі

Візітоўка «Тапаса» — пабудаваны малапавярховы жылы комплекс на вуліцы Язмінавай у Мінску. Гэты раён — за Нацыянальнай бібліятэкай, побач са Сляпянскай воднай сістэмай — па прэстыжнасці саступае толькі Драздам, дзе жывуць чыноўнікі і іншыя асобы, набліжаныя да Лукашэнкі.

Кватэры тут купляюць за паўмільёна даляраў, а суседнія катэджы — за $1—2 мільёны.

Спіс аб’ектаў «Тапаса» не надта доўгі. Кампанія яшчэ займалася рэканструкцыяй аднаго з гістарычных дамоў на сталічнай вуліцы Рэвалюцыйнай, а таксама адкрыла гандлёвы цэнтр «Пасаж» у прыбытковым месцы побач з Камароўскім рынкам.

«Для тых, хто варты найлепшага»

Інфармацыя на сайце «Тапаса» сведчыць, што на дадзены момант кампанія вядзе будаўніцтва яшчэ двух жылых комплексаў, таксама ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі.

Амаль дабудаваны «Парк­Сіці» ўяўляе сабой пяць жылых будынкаў вышынёй 5—6 паверхаў. У іх змяшчаюцца 88 прасторных кватэр. Плошча самых малых — амаль 80 м2. Жыллё называецца элітным, таму і каштуе ад $2300 за м2. «Гэта сапраўдны падарунак для тых, хто цэніць стыль, камфорт і высокую якасць жыцця. Жыллё для тых, хто варты найлепшага», — гаворыцца ў рэкламным буклеце.

«Аквамарын» — набор яшчэ з чатырох жылых дамоў. 192 кватэры і некалькі пентхаусаў з адкрытымі тэрасамі будуць знаходзіцца побач з сядзібай Ваньковіча.

Рост актываў

На штогадовай выставе «Нерухомасць» «Тапас» упершыню выставіў свой стэнд. Як аказалася, на тэрыторыі Мінска кампанія займела ўжо амаль дзясятак перспектыўных участкаў пад забудову!

Непадалёку ад Нацыянальнай бібліятэкі, насупраць праваслаўнага Дома міласэрнасці, «Тапас» праектуе комплекс таўнхаусаў «Францыска» «з абліччам у стылі заходнееўрапейскай класікі з элементамі мадэрна».
Нагадаем, таўнхаус — двух¬ ці трохпавярховы дом, які складаецца з некалькіх шматузроўневых кватэр з ізаляваным уваходам і агульнымі бакавымі сценамі. Ад непажаданых гасцей жыхары «Францыска» змогуць схавацца за кантрольна¬прапускным пунктам.

Тамсама, у раёне вуліцы Язмінавай, «Тапас» збіраецца пабудаваць 15 катэджаў. Пасёлак яшчэ не атрымаў назвы. Па жаданні замоўцы могуць быць узведзеныя як катэджы па індывідуальных праектах, так і таўнхаусы.

Іншыя аб’екты раскіданыя па ўсёй сталіцы. Напрыклад,

у мікрараёне «Ржавец» (непадалёк ад «Мінск­Арэны») «Тапас» праектуе жылы комплекс «Браслаўскі». Ад дамінанты — 23-павярховай вежы — у два бакі будуць разыходзіцца 15-павярховыя пад’езды.
З вокнаў будынка бачныя вадасховішча «Дразды», стаў Лебядзіны і першы сталічны аквапарк.

Каля станцыі метро «Інстытут культуры» на вуліцы Магілёўскай «Тапас» запланаваў ушчыльненне. На месцы ваенкамата, які будзе знесены, мае быць пабудаваны 10¬павярховы жылы дом. Жыхары раёна энтузіязму не выказваюць, але не ўсё залежыць ад іх.

Нарэшце,

жылы комплекс «Дружны», які адразу ж паўстае перад вачыма кожнага, хто заязджае ў Мінск з брэсцкай трасы, таксама перайшоў да «Тапаса».
Першы дом там амаль дабудавала беларуска­непальская кампанія «Сінтэз­Белнеп Буд». Дзеля справедлівасці адзначым, што такой колькасці прэтэнзій ад навасёлаў не было, бадай, ні ў аднаго са сталічных дамоў. Электрычнасці і гарачай вады не было на працягу года, праз шчыліны па кватэрах гуляў вецер, а адкрытыя лоджыі завальвала снегам… Будаваць наступныя пускавыя комплексы будзе «Тапас». Па словах супрацоўнікаў кампаніі, участак быў выкуплены ў будаўнікоў-папярэднікаў.

Выгадная пазіцыя

У чым сакрэт поспеху «Тапаса»? Як кампанія, якая яшчэ некалькі гадоў таму нічым не вылучалася на фоне канкурэнтаў, здолела атрымаць з дзясятак прэстыжных участкаў?

Многія небеспадстаўна звязваюць гэтыя факты з асобай намесніка дырэктара кампаніі. Ім працуе 33¬гадовы бізнэсмэн, а раней перспектыўны хакеіст Павел Белы.

Ягонага бацьку Аляксандра і двух дзядзькаў (Уладзіміра і Юрыя) могуць узгадаць спартовыя заўзятары са стажам. Трое братоў у савецкі час былі хакеістамі. Іх тагачаснае прозвішча — Левянштэйн.

З цягам часу Аляксандр Левянштэйн ператварыўся ў Аляксандра Белага. Пад новым імем ён паспеў папрацаваць генеральным дырэктарам Федэрацыі хакея Беларусі, а пасля — на такой самай пасадзе ў мінскім «Дынама».

Ягоны сын Павел тым часам падаваў надзеі. Яго паклікалі гуляць у Расію. Праўда, у складзе ні чарапавецкай «Северсталі», ні ўфімскага «Салавата Юлаева» ён так і не замацаваўся. Давялося вяртацца ў Беларусь, каб у 2007 закончыць прафесійную кар’еру праз траўму спіны. Але гэта быў толькі пачатак іншага хакейнага ўздыму.

Павел апынуўся ў складзе зборнай Аляксандра Лукашэнкі, прычым на пазіцыі нападаючага. Ягоным партнёрам па лініі атакі стаў сам кіраўнік дзяржавы.

Белы закідвае шайбы адну за адной, тым самым прыносячы далёка не аматарскай камандзе пераканаўчыя перамогі ў гульнях з хакейнымі непрафесіяналамі. А сам тым часам будуе прыбытковы бізнэс.

…Жылы комплекс «Аквамарын» мусіць быць дабудаваны ў трэцім квартале 2015 года. На той самы час у Беларусі запланаваныя прэзідэнцкія выбары.

«Для мяне галоўнае, каб яны ўсё паспелі зрабіць да выбараў, бо мала як там расклад потым зменіцца…» —
перажывае адзін з будучых жыльцоў «Аквамарына» на тэматычным форуме «Тапаса» ў інтэрнэце.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?