Хімічная зброя Асада і «чырвоная лінія» Абамы. Не пераходзіць. Сапраўды не пераходзіць. Сапраўды сапраўды не пераходзіць.

Хімічная зброя Асада і «чырвоная лінія» Абамы. Не пераходзіць. Сапраўды не пераходзіць. Сапраўды сапраўды не пераходзіць.

Некалькі ўступных заўвагаў. Па-першае, Захад ужо ўдзельнічае ў вайне ў Сірыі. Ён пастаўляе зброю і не хавае свайго намеру скончыць кіраванне Башара Асада. Па-другое, пад паняццем умяшальніцтва аўтар у дадзеным тэксце разумее перадусім інтервенцыю войскаў на тэрыторыю Сірыі. Па-трэцяе, кажам «Захад» — часта разумеем ЗША. Гэта ад Злучаных Штатаў залежыць, ці пачнуць краіны Захаду разам з некаторымі арабскімі краінамі наземную аперацыю ў Сірыі.

На мінулым тыдні Барак Абама абвесціў, што ўжыцце хімічнай зброі ў Сірыі «мяняе справу». Дагэтуль краіны Захаду не хавалі таго, што не будуць ўмешвацца да таго моманту, пакуль Асад не выпрабуе зарыну на сірыйскіх пастаўнцах. Аднак сірыйскія ўлады парушылі ўмоўнае паразуменне: няма ўжыцця газу (Асад не перакрочвае «чырвоную лінію») — няма заходніх войскаў у Сірыі. Газ ужо ёсць — дзе Захад?

Захад ужо атрымаў не адзін урок ад арабскага свету. Ірак застаўся месцам масавых забойстваў і пасля пачатку аперацыі Захаду, лівійскія фундаменталісты забілі амбасадара ЗША, пасля таго, як АПАД (NATO) дапамагло паўстанцам зрынуць Кадафі.
У Егіпце таксама не шмат чаго змянілася: ці Мурсі лепшы за Мубарака? Твар Арабскай Вясны аказаўся не настолькі прыемным, як гэта бачылася на пачатку. Зрынуўшы Асада, дэмакратыі не атрымаеш, і Захад гэта ведае.

Сірыйскія паўстанцы таксама пастараліся зрабіць усё, каб як мага больш заходніх decision makers успрымалі інсургентаў сваімі ворагамі.

Дзяленне апазіцыі (у беларускім стылі) на 20 групаў прывяло да таго, што «няма каму пазваніць, каб паразмаўляць з паўстанцамі». Да таго, частка інсургентаў моцна павязаная з Аль-Каідай. Падтрымліваць джыхад Захад неяк не вельмі хоча.

Да таго дадаюцца ўнутраныя праблемы: літаральна не стае грошаў. Еўрасаюз наўрад ці хутка выбярэцца з крызісу, а войны ў Іраку і Афганістане часта ўспрымаюцца, як галоўныя прычыны эканамічных праблемаў ЗША. (Варта дадаць, што нягледзячы на мантру, што ЗША пачалі аперацыю ў Іраку толькі дзеля эканамічных інтарэсаў — ЗША нашмат больш згубілі.)

У эканамічным сэнсе вялікую ролю можа адыграць багаты арабскі свет, які фінансава і ідэалагічна (праз Аль-Джазіру) падтрымлівае сірыйскіх паўстанцаў. Калі б Ліга арабскіх дзяржаваў была гатовая ўзяць галоўную адказнасць за наземную аперацыю, то і Захад быў бы больш ахвотны скончыць дні Асада.

І, магчыма, пераступіць праз «вета» Расіі і Кітая ў Радзе бяспекі ААН. Тут аднак можна чакаць зменаў. Расія не прадае ў Сірыю столькі зброі, каб так доўга трываць паводзіны Асада. Няздольнасць мілітарна вырашыць канфлікт ці знайсці палітычны кампраміс раздражняе азіяцкіх аўтарытарных партнёраў. Пасля ўжыцця хімічнай зброі падыход Кітая і Расіі мог змяніцца. Сірыйскія ўлады губляюць апошніх партнёраў.

Падсумоўваючы, варта сказаць, што Захад не зможа ўвесь час хаваць галаву ў пясок і будзе вымушаны калісьці зарэагаваць.
Сірыйская вайна не скончыцца сама сабой, а колькасць смерцяў будзе памнажацца — пакуль Захад не возьме справу ў свае рукі. Палітыкам ЕС і ЗША прыйдзецца з горычу ўсвядоміць, што каб спыніць гэтую вайну — прыйдзецца ўзяць у ёй удзел.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?