Міністэрства адукацыі імкнецца да таго, каб кошт навучання ў ВНУ не мяняўся на працягу года, заявіў міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч. «Сёлета мы гэта вытрымалі. На працягу года кошт не мяняўся», — сказаў ён.

Нагадаем, у канцы лютага Маскевіч казаў, што да канца гэтага навучальнага семестра кошт навучання ў беларускіх ВНУ павялічыцца на 8—10%. Паводле яго слоў, гэта выклікана неабходнасцю павышэння зарплаты выкладчыцкаму складу ў сувязі з павелічэннем тарыфнай стаўкі першага разраду.

У сувязі з меркаваным ростам цэн на навучанне студэнты-платнікі арганізавалі ў Беларусі кампанію «За стабільную аплату навучання!», у якой прапанавалі з 2013 года прывязаць змяненне кошту платнага навучання ва ўсіх навучальных установах краіны выключна да фактычнай і планаванай інфляцыі ў краіне і ажыццяўляць павышэнне адзін раз у год.

У Мінадукацыі, у сваю чаргу, адзначаюць, што прывязка змянення кошту навучання да ўзроўню інфляцыі не можа быць рэалізавана, бо змяненне расходаў на навучанне знаходзіцца ў залежнасці не толькі ад змянення цэн і тарыфаў на тавары і паслугі, а напрамую звязана са змяненнем умоў аплаты працы выкладчыкаў і работнікаў ВНУ і ССНУ, у тым ліку змяненні тарыфнай стаўкі першага разраду.

Кошт навучання ў ВНУ, падведамасных Міністэрству адукацыі, у дзённай форме атрымання адукацыі з 1 верасня 2012 года складае ў сярэднім 9,8 млн. рублёў у год
і на працягу 2012/2013 навучальнага года не змянялася, хоць толькі ў 2013 годзе тарыфная стаўка першага разраду павялічылася на 11,1% у параўнанні з папярэдняй; прырост цэн і тарыфаў у сакавіку 2013 года ў параўнанні са снежнем 2012 года склаў 5,4%; сярэднямесячная заработная плата работнікаў у краіне павялічылася за ўказаны перыяд на 7,4%.

Пры гэтым у міністэрстве пакуль не ведаюць, ці будзе павялічвацца кошт навучання ў наступным навучальным годзе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?