04.05.2013 / 20:47

У Мінску прайшла дыскусія «Кастусь Каліноўскі: канфлікт інтэрпрэтацый 150 гадоў пасля» 9

Няўтульным, залеўным вечарам 3 мая утульная зала раскошнага гатэля Crowne Plaza змясціла самую разнастайную публіку: выкладчыкі, юрысты, пенсіянеры і, галоўнае, шмат моладзі.

У дыскусіі бралі ўдзел выбітныя беларускія і літоўскія гісторыкі. Гэта Алесь Смалянчук — доктар гістарычных навук, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Дарус Сталюнас — намеснік дырэктара Інстытута літоўскай гісторыі; Андрэй Ціхаміраў і Ян Шумскі — абодва з Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук.

150 год таму на землях былой Рэчы Паспалітай распачалося паўстанне.

Дагэтуль не сціхаюць спрэчкі наконт Яські-гаспадара-з-пад-Вільні. Спроба разабрацца ў гэтым пытанні адбылася менавіта падчас публічнай дыскусіі «Кастусь Каліноўскі і паўстанне 1863-64 гадоў: канфлікт інтэрпрэтацый 150 гадоў пасля», арганізаванай Інстытутам палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», літоўскім Інстытутам ВКЛ і Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь» у рамках другой міжнароднай канферэнцыі «Аднаўленне Гісторыі: памяць і грамадства ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы».

Першым давялося выступаць спадару Смалянчуку. «Я лічу, што канфлікт інтэрпрэтацый вельмі карысны, — кажа спадар Смалянчук. — Ён дазваляе задумацца яшчэ раз пра постаць Кастуся Каліноўскага».

Смалянчук лічыць, што псеўданім Яська-гаспадар з-пад-Вільні – калектыўны псеўданім, абгрунтоўвае ён гэта лінгвістычнымі даследаваннямі польскай беларускі Ніны Баршчэўскай. Гэта дае падставу меркаваць, што, акрамя Каліноўскага, значны ўнёсак у развіццё паўстанцкага руху ўнеслі і іншыя людзі. Імёны тых, хто схаваўся за псеўданімам, яшчэ дагэтуль невядомыя, і давядзецца шмат папрацаваць, каб іх даведацца. На ягоную думку, акрамя асобы Каліноўскага, важна зразумець і іншых паўстанцаў.

Дарус Сталюнас працягнуў размову. «У Літве стаўленне да паўстання іншае. Аб гэтым гаворыць яго назва. У Польшчы ці Літве вы ніколі не пачуеце назвы «Паўстанне Кастуся Каліноўскага», — літоўскі гісторык падкрэслівае гэта. — У Літве гэта называюць проста «Паўстанне 1863-1864 гадоў». Са словаў Сталюнаса вынікае, што ў літоўскай гістарыяграфіі Каліноўскі «вядомая постаць, аднак далёка не цэнтральная ў паўстанні».

Прадстаўнік Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук Ян Шумскі адразу акрэслівае межы выступлення – роля і ўплыў ЦК КПСС на выпрацоўку інтэрпрэтацый паўстання.

У заключным выступе Андрэй Ціхаміраў адзначае важнае для яго «пытанне этыкі». Ахвяры сярод мірных жыхароў і паўстанцаў – пытанне, на якое зараз спрабуюць адказаць шматлікія гісторыкі, у тым ліку і Ціхаміраў. На думку Ціхамірава нельга аднабакова падыходзіць да падзей паўстання.

Яшчэ гадзіну гісторыкі адказвалі на пытанні з месцаў. Асаблівай дыскусіі не было. На сустрэчу сабраліся пераважна аднадумцы.

Даслаў чытач Васіль Пятніца

0
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць
04.05.2013 / 21:24
Пан Алесь Смалянчук ужо даўнавата не працуе ў ЕГУ. Цяпер ён супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук.
0
Франак Нырка / Адказаць
04.05.2013 / 22:32
Літоўцы, якія ўвогуле паўстання не падтрымалі яшчэ будуць тут дыктаваць сваё стаўленне да таго, хто ўзначальваў? Калі тады не было справы да гэтага, дык і зараз няма чаго нос суваць. Дастаткова, што назву Літва ўжо прыватызавалі. Добра, што захавалі. Але выключна для сябе.. Вось няхай і займаюцца далей сваім у сябе, а нашае не чапаюць. А тое праз некалькі стагоддзяў і Каліноўскі Калінаўскасам стане. як Амін Даўгавы (пазычаны).Міндаўгасам.
0
анон / Адказаць
04.05.2013 / 23:44
Імёны тых, хто схаваўся за псеўданімам, яшчэ дагэтуль невядомыя - Валеры Урублеўскі, Фелікс Ражанскі. Літоўцы, якія ўвогуле паўстання не падтрымалі - найбольшы працэнт сялян сярод паўстанцаў быў у Жамойці.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру