19.08.2007 / 13:09

Стары спэктакль з новай бутафорыяй 8

Партыя Назарбаева "Нур Атан" набрала 88% галасоў. Ніводная іншая не перасягнула 7-адсоткавы бар'ер. Псэўдадэмакратычны антураж не перашкаджае ўмацоўваць аўтарытарызм. Так можа быць і ў нас. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Сёньня абвешчаны папярэднія вынікі парлямэнцкіх выбараў у Казахстане. Яны ўпершыню ладзіліся па прапарцыйнай сыстэме — паводле партыйных сьпісаў. "Элегантную перамогу" атрымала прэзыдэнцкая партыя "Нур Атан" — 88% галасоў.

Ніводная іншая партыя ня здолела перасягнуць 7-адсоткавы бар'ер. То бок апазыцыі ў іхнім мажылісе не дазволілі прысутнічаць нават сымбалічна.

Калі ў Беларусі некалькі месяцаў таму пачалі борзьдзенька ляпіць структуры "Белае Русі", палітызаваная публіка загаманіла, што і ў нас могуць зладзіць выбары паводле партыйных сьпісаў. Але гэта не падстава для эўфарыі. Казаскі прыклад яскрава сьведчыць: калі ўсё схоплена, псэўдадэмакратычная бутафорыя не перашкаджае захоўваць і нават ўмацоўваць аўтарытарызм. Назарбаеў пад маркай дэмакратычных рэформаў, як вядома, аформіў для сябе магчымасьць пажыцьцёвага прэзыдэнцтва.

Магчыма, каго-кольвек у Менску бярэ зайздрасьць. Астана спрытна пускае пыл у вочы Захаду. У прыватнасьці, з прыцэлам на старшынёўства ў АБСЭ. Дый факт тое, што Назарбаеў ня мае праблемаў зь візамі ў разьвітыя дэмакратыі.

Зь іншага боку, цэнтар Эўропы — гэта вам не Цэнтральная Азія. Беларускае грамадзтва, як ні трушчаць тут парасткі грамадзянскае супольнасьці, усё ж значна болей сасьпела для пераўтварэньняў. Хто ведае, мо' і гамэапатычныя дозы лібэралізацыі каталізуюць непажаданыя для ўладаў працэсы? Бадай, менавіта таму кіроўныя вярхі баяцца хай сабе касмэтычна, дзеля блізіру, перарабляць выбарчае заканадаўства. І ўвогуле ісьці на найменшыя саступкі што да дэмакратызацыі. Нават адпаведная лексыка, мусіць, лічыцца табуяванай:), у той час як казаскі правадыр любіць паразважаць пра палітычныя рэформы да разьвіцьцё плюралізму.

Заўважце: у Менску палічылі за лепшае страціць прэфэрэнцыі Эўразьвязу, чым даць трохі волі прафзьвязам. Бо палохае прывід польскай "Салідарнасьці". І слухаць ня хочуць пра лібэралізацыю мэдыйнай палітыкі — наадварот, маюць намер закруціць шрубы ў інтэрнэце. Дый партыяў да наступных выбараў, пэўна, паменее. Так што калі і вырашаць пусьціць Эўропе пыл у вочы выбарамі "а-ля Назарбаеў", дык электарат у сьпісах не заблытаецца:)

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Aleś Jurkaviec / Адказаць
20.08.2007 / 12:43
Што цікава, у нас баяцца нешта скрануць ня толькі што ў самой выбарчай сыстэме, але і ў чыста тэхнічных момантах іх правядзеньня. Вось глядзеў па тэлевізіі рэпартаж пра казахскія выбары, і заўважыў, што там ужываюцца празрыстыя скрыні для галасаваньня. Ды што там казаць пра Казахстан - у вядомым сваім дэмакратызмам Туркмэністане яны таксама празрыстыя. А ў нас усё з разу ў раз драўляныя скрынкі, аббітыя кумачом. Пры гэтым, як прыклад усіх ...станаў сьведчыць,матэрыял, з якога робіцца скрынка, ні на што ж асабліва не ўплывае. Затое ж фасад - куды дэмакратычнейшы. Проста і ня ведаю, чым такі кансэрватызм нашых уладаў тлумачыць. Магчыма, сапраўды боязьзю, што нават "гамэапатычныя дозы лібэралізацыі каталізуюць непажаданыя для ўладаў працэсы"?
0
Пра выбары / Адказаць
20.08.2007 / 13:12
Увосень 1994 г. праект Закону аб выбарах па партыйных сьпісах быў падрыхтаваны дэпутатамі БНФ, была праведзеная адпаведная праца з фракцыямі, і нават старшыня ВС Грыб яго падтрымаў. Аднак прадстаўнік Лукашэнкі ў ВС А. Лябедзька, палохаючы "нейтральных" дэпутатаў і дэпутатаў 0 "гаспадарнікаў", якія залежылі ад улады, зрабіў усё, каб закон ня быў прыняты.
0
Aleś Jurkaviec 2 Пра выбары / Адказаць
20.08.2007 / 14:05
Дык вось, аказваецца, хто вінаваты ў нашай цяперашняй сытуацыі. Распні яго, распні... Трэба ж - і з фракцыямі "адпаведная праца" была праведзеная, і Грыб падтрымаў - і на табе, усё кату пад хвост, адзін чалавек усё "пахерыў". Міжволі пачынаеш паважаць сп. Лябедзьку. Усемагутны чалавек.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру