Што вы думаеце пра сітуацыю вакол смерці гродзенскай дзяўчыны Юліі Кубаравай? Ці магло такое адбыцца не ў прыватным медцэнтры, а ў дзяржаўнай бальніцы? На гэтыя пытанні адказваюць жыхары Гродна.
«Канечне, вінаватыя дактары, якія працуюць у «Экамедсэрвісе», я лічу. Яны не павінны былі дапусціць такога. І тым больш бацькі бачылі, у якім дзяўчына стане. Дактары маглі больш увагі ёй удзяліць, а не аднеквацца… Я ведаю яшчэ такі выпадак. У нашым доме жыве жанчына, у якой дачцэ паўтара года. У бальніцу паклалі, паставілі кропельніцу да галавы. Мозг пачаў ацякаць, але доктар не надаў гэтаму значэння, і дзяўчынка стала інвалідам. Калі аб такіх выпадках пачуеш, то вельмі страшна».
«Думаю, такое магло здарыцца з кожным чалавекам. Гэта воля выпадку і не залежыць ад таго — у добрай клініцы будзеш ці ў дрэннай».
«Я думаю, што трэба цаніць сябе такім, які ты ёсць, і не марнаваць жыццё і час на ўсякія аперацыі такія».
«Магло такое быць у любой бальніцы. Гэта яшчэ залежыць ад дактароў: як яны вывучыліся, кампетэнтныя яны ці не».
«А ў звычайных бальніцах кожны дзень людзі паміраюць. А зараз «бацька» гэты цэнтр прыватызуе, як «Спартак», як «Камунарку». Падстава такая з`явілася ў нашага прэзідэнта — адабраць прыватныя клінікі».
«Мне здаецца, што гэта можа быць у любой бальніцы. Адно толькі, што тут анестэзіёлаг пайшоў… Гэта ж залежыць ад доктара. Не пачакаў, пакуль дзяўчына выйшла з наркозу».
«Мне здаецца, усюды можа здарыцца такое, ніхто ж не застрахаваны».
«У нас у Беларусі такое магло здарыцца ўсюды, нават у дзяржаўнай бальніцы. Таму што, мне здаецца, беларуская медыцына — абсалютна ніякая, ні на якім яна не на ўзроўні».
«Магло здарыцца ў любой клініцы. Але асабіста я супраць таго, каб змяняць нешта ў сваім твары. Гэта ўвогуле непажадана рабіць, таму што шкодзіць арганізму свайму чалавек. Чалавек зроблены так, як трэба. Уся гэтая хімія — гэта жахліва. Калі напампоўваюць бюст свой ці рукі, потым могуць быць ускладненні. Пры кармленні мамай дзіцяці малако ў яе можа быць не такім, якім павінна».