Незалежныя журналісты распавялі прэс-службе ГА «БАЖ», што падалі касацыйныя скаргі ў Мінскі гарадскі суд на рашэнне пра свой арышт.

У скаргах Генадзь Барбарыч і Аляксандр Ярашэвіч звяртаюць увагу на шматлікія разыходжанні ў паказаннях сведак з ліку супрацоўнікаў міліцыі, а таксама на тое, што сведкі з боку абароны наогул не былі выслуханыя ў судзе.

Апроч гэтага, у матэрыялах справы супраць Генадзя Барбарыча прысутнічалі ксеракопіі рапартаў супрацоўнікаў міліцыі са справы Ярашэвіча, не завераныя ў належным парадку. Таму, на думку журналіста, яны не могуць з’яўляцца доказамі ягонай віны.

Нагадаем, што незалежныя журналісты былі затрыманыя ў Мінску 26 красавіка пасля дазволенага ўладамі Чарнобыльскага шляху, які асвятлялі. Супраць журналістаў былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы, а суд Савецкага раёна прызнаў іх вінаватымі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і пакараў трыма суткамі арышту кожнага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?