07.05.2013 / 12:07

«Смерць пацыенткі К.»: вынікі службовага расследавання — дакументы 12

«Наша Ніва» здабыла копіі рашэння Лячэбна-кантрольнай рады Міністэрства аховы здароўя «Аб правядзенні службовага расследавання смерці пацыенткі К.»

Менавіта на аснове гэтага дакумента Следчы камітэт прыняў рашэнне аб затрыманні некалькіх супрацоўнікаў цэнтра «Экамедсэрвіс». Следства мае высветліць, наколькі высновы, зробленыя Міністэрствам аховы здароўя, справядлівыя. Варта адзначыць, што ў рашэнні Міністэрства гаворыцца аб віне анестэзіёлага, між тым Следчы камітэт пастанавіў арыштаваць не толькі яго, але і медсястру, якая яму дапамагала, і саму дырэктарку цэнтра — а ў мінулым начальніцу аднаго з упраўленняў таго самага міністэрства Галіну Валжанкіну.

«Анестэзіялогія пацыентцы К. праводзілася на тэхнічна няспраўным апараце», — робіць выснову камісія Міністэрства аховы здароўя на чале з першым намеснікам міністра Піневічам.
Агульнае абязбольванне рабілася без газавага маніторынгу, насуперак інструкцыям. Пацыентку адправілі ў палату, нягледзячы на тое, што не было прыкметаў яе вяртання ў прытомнасць.

Арганізацыю меддапамог пацыентцы К. у «Экамедсэрвісе» прызналі не адпаведнай нарматыўным дакументам.

Адначасова публікуем іншы дакумент: вынікі праверкі дзейнасці анестэзіялагічных службаў у розных медцэнтрах.
На старонках 2 і 3 яго змешчана цікавая інфармацыя пра тое, наколькі нядбайна працуюць у прыватных клініках.

Міністэрства прыпыніла дзейнасць ліцэнзій цэнтрам, у якіх «правядзенне аперацый ва ўмовах агульнай анестэзіі з’яўляецца небяспечным для пацыента». Такімі былі прызнаныя не толькі «Экамедсэрвіс», але і «Грандмедыка», «Медэксперт», «Дзеля здароўя», «Валерэ», «Медарт», «ТрансЭнергаОйл».

Ёсць і шэраг медыцынскіх цэнтраў, у якіх Міністэрства ліцэнзіі не забрала, але забараніла правядзенне анестэзіі да выпраўлення хібаў. Гэта «Антэс Мед», «Белеўрамед-Уздым», «КМКМЕД», «Эдаран-медыкал», «Тэра Медыка», «Канфідэнс-Сэрвіс», «Медрэкпласт».

З поўным тэкстам дакументаў Міністэрства аховы здароўя можна пазнаёміцца вышэй.

Абвінавачванні траім медыкам «Экамедсэрвіса», да якіх ужыта мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, пакуль з іх не выстаўленыя, яны працягваюць заставацца падазраванымі, паведамілі ў Следчым камітэце ў аўторак.

Галоўны інжынер медыцынскага цэнтра быў таксама затрыманы 6 мая па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, кваліфікаванага як службовая халатнасць, і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Створана следчая група ў складзе дзесяці следчых. Следчыя дзеянні праводзяцца з удзелам спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя па двух кірунках: анестэзіялогія і хірургія.

У канцы сакавіка ў медыцынскім цэнтры была зроблена аперацыя па рынапластыцы 25-гадовай жыхарцы Гродна Юліі Кубаравай.
Пасля аперацыі пацыентка ўпала ў кому і не выходзіла з гэтага стану прыкладна месяц. Так і не прыйшоўшы ў прытомнасць, яна памерла 23 красавіка ў 4-й клінічнай бальніцы Мінска.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Мікола Бугай

0
Франак Нырка / Адказаць
07.05.2013 / 12:45
Зараз як і ад Канавалава, і ад Кавалёва не будзе аніякай прамой інфы ажно да суда. Як і тады, нават, імёны адвакатаў нікому не будуць вядомыя, а не тое што хаця б агучванне незалежнага погляду на адпаведнасць заканадаўству следчых дзеянняў.
0
КотКа / Адказаць
07.05.2013 / 13:22
А дзе ж былі ўсе правяраючыя органы, на чале з Мін. аховы здароўя, раней? На якой падставе яны наогул выдавалі папярэднія ліцэнзіі гэтаму і інш. медцэнтрам?! Вось там трэба капаць глыбей!
0
Вадим / Адказаць
07.05.2013 / 13:22
Хотят просто уничтожить Экомедсервис и вот нашли повод. Конечно же после всяких "громких дел" никто не поверит нынешней власти в объективности. Смерть девушки печальна и нельзя на этом торговаться теперь.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру