Са сваёй пасады пайшоў расейскі спэцыяліст Аляксандр Зачосаў, які прапрацаваў галоўным трэнэрам магілеўскага «Хімвалакна» крыху меней за два месяцы. Хутчэй за ўсё, прычынай сыходу стаў адкрыты ліст хакеістаў.

ХК «Хімвалакно» (Магілёў)Не пасьпеў яшчэ скончыцца Кубак Беларусі, а ўжо адбылася першая адстаўка. Са сваёй пасады пайшоў расейскі спэцыяліст Аляксандр Зачосаў, які прапрацаваў на пасадзе галоўнага трэнэра магілеўскага «Хімвалакна» крыху меней за два месяцы. Хутчэй за ўсё прычынай гэтага стаў адкрыты ліст хакеістаў. У лісьце гульцы казалі пра «непаразуменьне з настаўнікам», прынамсі так паведамляе шэраг інфармацыйных рэсурсаў.

Сам, цяпер ужо экс‑трэнэр «Хімвалакна», так пракамэнтаваў сытуацыю карэспандэнту «Прэсбола»:

«Для выкананьня пастаўленых сур’ёзных задач трэба было правесьці сур’ёзную працу. Прыйшлося, што называецца, узяць каманду ў абцугі. Хакеісты мабыць палічылі, што з такім падыходам я толькі сарву разьбу, накаталі адкрыты ліст на імя кіраўніцтва «Хімвалакна» з просьбай прыбраць мяне ад пасады. Што ж, яны дамагліся свайго. З такім падыходам у чэмпіянаце яны змогуць заняць у лепшым выпадку шостае месца…»

Па нашай інфармацыі, некаторыя з гульцоў «Хімвалакна» былі незадаволеныя прыходам у каманду новага‑старога трэнэра яшчэ з першых трэніровак. Па іх словах, настаўнік у зносінах з імі апусьціўся да прамых абразаў, што недапушчальна. Зачосаў вельмі нэгатыўна выказаўся наконт таго складу каманды, які быў сфармаваны яшчэ да ягонага прыходу ў каманду. Ня вельмі пахвальная ацэнка была дадзеная ім і тым гульцам, якія засталіся ў камандзе з 2003 году, калі Зачосаў прывёў магілёўскую дружыну да бронзавых мэдалёў. Маўляў, за час працы з іншымі трэнэрамі гэтыя гульцы не зрабілі аніводнага кроку наперад і нават страцілі былы ўзровень.

Зараз абавязкі галоўнага трэнэра «Хімвалакна» выконвае Сяргей Усанаў, які працаваў памочнікам Аляксандра Зачосава. Начальнік магілеўскай каманды Ўладзімер Рубанаў паведаміў карэспандэнту БелТА, што пытаньне пераемніка будзе вызначацца на наступным тыдні, пасьля вяртаньня з водпуску дырэктара клюбу Аляксея Мінкіна. Зараз жа клюб не вядзе пошукаў новага настаўніка.

Пад кіраўніцтвам Аляксандра Зачосава «Хімвалакно» згуляла шэсьць матчаў у трох з якіх дабілася перамогі, а ў трох — прайграла. Апошнюю перамогу з лікам 6:3 хакеісты заваявалі ў сераду ў гульні супраць гарадзенскага «Немана», калі пытаньне аб адстаўцы галоўнага трэнэра было ўжо вырашанае.

hockeyby.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0