У красавіку гэтага года ад укусаў кляшчоў у Беларусі пацярпелі 346 чалавек, у тым ліку 136 дзяцей, што ў 4,8 разу менш, чым у красавіку мінулага года,
паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Найбольшая колькасць укушаных адзначана ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях.
Пры гэтым з-за халоднага надвор’я актыўнасць кляшчоў гэтай вясной пачалася на месяц пазней.
У красавіку ў прыродных біятопах колькасць кляшчоў па рэспубліцы павялічылася ў два разы, нягледзячы на тое, што актыўныя яны толькі з другой дэкады месяца. У маі рызыка ўкусаў кляшчоў можа рэзка ўзрасці, бо людзі часцей выязджаюць на прыроду, на дачныя ўчасткі, зазначаюць спецыялісты.

Таксама медыкі паведамляюць, што «эпідэмічная сітуацыя па інфекцыях, што перадаюцца праз укусы кляшчоў, у апошнія гады застаецца напружанай, аб чым сведчыць штогадовая рэгістрацыя клешчавых захворванняў, шырокае распаўсюджанне спецыфічных пераносчыкаў трансмісіўных інфекцый, павелічэнне інфікаванасці іксодавых кляшчоў, выяўленне новых узбуджальнікаў хвароб у кляшчах».

У связі з гэтым спецыялісты нагадваюць, што пры наведванні лясоў неабходна належным чынам апранацца:

штаны павінны быць запраўленыя ў боты, верхняе адзенне — у штаны, гольфы ці шкарпэткі лепш надзяваць са шчыльнай рызінкай, манжэты рукавоў павінны шчыльна прылягаць да рукі. Пажадана, каб каўнер кашулі і штаны былі без засцежак ці мелі засцежку-маланку. Валасы павінны быць запраўленыя пад шапку ці хустку.

Для стаянкі, начоўкі ў лесе лепш выбіраць сухія сасновыя лясы з пясчанай глебай ці ўчасткі, пазбаўленыя травяністай расліннасці.

Падчас паходаў неабходна кожныя гадзіну-дзве праводзіць сама-і ўзаемаагляды для выяўлення кляшчоў, якія прычапіліся да адзення.

Спецыялісты таксама раяць прымяняць акарыцыдна-рэпелентныя сродкі. Агляд цела і адзення неабходна правесці і пасля вяртання з лесу, таксама варта агледзець пасля прагулкі свойскіх жывёл.

Кляшча, які прысмактаўся да цела, трэба тут жа выдаліць (пінцэтам, з дапамогай ніткі ці спецыяльным прыстасаваннем), ранку — прадэзінфіцыраваць растворам ёду, а потым звярнуцца ў медыцынскую ўстанову для вырашэння пытання аб неабходнасці правядзення прафілактыкі. Знятага кляшча захоўваюць у шчыльна закрытым флаконе для вызначэння яго інфікаванасці.

Заражэнне чалавека клешчавым энцэфалітам магчымае таксама пры ўжыванні ў ежу сырога казінага малака, таму перад ужываннем яго трэба кіпяціць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?