7 мая Следчы камітэт пацвердзіў факт знаходкі на месцы будаўніцтва гатэля «Пекін» костак, якія нагадваюць чалавечыя парэшткі. Але каму яны могуць належаць? «Наша Ніва» звярнулася з гэтым пытаннем да гісторыка Ігара Кузняцова.

«Наколькі мне вядома, тэрыторыя сучаснага парка 40-годдзя Кастрычніка не была месцам масавых расстрэлаў ці захаванняў людзей. Наўрад ці гэта і парэшткі вайскоўцаў часоў вайны — у Мінску баявых дзеянняў амаль не вялося. Таксама малаверагодна, што косткі належаць ахвярам акупацыі, бо нацысты не хавалі іх у горадзе.

Я мяркую, што гэта пахаванне даваеннага ці пасляваеннага перыяду. Уся надзея на экспертызу, якая ўстановіць, да якога часу адносіцца пахаванне і, мабыць, каму належаць парэшткі.

Аднак, я на яе не надта разлічваю, бо ў дзяржаве існуе тэндэнцыя прызнаваць падобныя захаванні могілкамі ахвяраў акупацыі і спыняць на гэтым справу. Нават у тых выпадках, калі вядома пра расстрэлы — такое было ў адной з віцебскіх цэркваў, якая была месцам катаванняў. У Беларусі толькі Курапаты прызнаныя месцам расстрэлаў і пахаванняў ахвяраў сталінізму, хоць насамрэч такіх месцаў сотні.

Хутчэй за ўсё пра парэшткі з парка 40-годдзя Кастрычніка скажуць, што па прашэсці 60 ці 70 гадоў ідэнтыфікаваць іх прыналежнасць немагчыма», — сказаў Кузняцоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?