08.05.2013 / 12:35

Спартоўцы пра бел-чырвона-белы сцяг: пазітыўнае, негатыўнае, нейтральнае 13

На чэмпіянаце свету па хакеі ў Швецыі разгарэўся скандал адносна выкарыстання бел-чырвона-белага сцяга.
Выказваюцца заўзятары, прадстаўнікі міжнароднай і нацыянальнай федэрацый хакея, але толькі не самі спартсмены.

І гэта звычайная з’ява. Рэдка хто з беларускіх атлетаў адважваецца каментаваць нейкія актуальныя падзеі ў палітыцы ці эканоміцы. Мы сабралі рэдкія выпадкі, калі спартсмены ўсё ж узгадвалі бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню.

«Бел-чырвона-белы бліжэй эстэтычна»
Аляксандра Герасіменя, плыўчыха, двойчы медалістка Алімпіяды ў Лондане.

«З пункту гледжання эстэтыкі бел-чырвона-белы, вядома, больш сімпатычны. Ды і гісторыя ў яго куды больш багатая і насычаная — Вялікае княства Літоўскае, Наваградак, Мір, Нясвіж. Мне не хочацца думаць аб тым, што Беларусь вядзе адлік ад 1917 года і ганарыцца тым, што мы чэмпіёны свету па колькасці вуліц Леніна, Маркса, Энгельса і яшчэ бог ведае каго, хто ў нас ніколі не быў. У нашай гісторыі ёсць нямала слаўных дат, і давайце не будзем забываць, што ў свой час ВКЛ было адной з самых уплывовых дзяржаў Еўропы.

«Абараняю колеры чырвона-зялёнага сцяга»
Дар’я Домрачава, біятланістка, прызёрка Алімпіяды ў Ванкуверы, двухразовая чэмпіёнка свету.

На пытанне пра бел-чырвона-белыя сцягі на спаборніцтвах.

«Вельмі прыемна бачыць беларусаў на этапах Кубка свету. А што тычыцца колераў… Я абараняю колеры чырвона-зялёнага сцяга. І менавіта ён падымаецца, калі я выйграю. Лічу, спорт павінен быць далёкі ад палітыкі».

«Пагоня — гэта наша гісторыя»
Сяргей Рутэнка, адзін з найлепшых гандбалістаў свету

«Нармальна стаўлюся да герба „Пагоня“ і бел-чырвона-белага сцяга. Гэта геральдыка часоў Вялікага княства Літоўскага, адкуль ўсе мы родам».

«Чырвона-зялёны імпануе больш»
Анатоль Буяльскі, былы трэнер жаночай зборнай Беларусі па баскетболе.

«Што тычыцца нашай нацыянальнай сімволікі, то вельмі часта на буйных форумах нашы заўзятары вывешваюць бел-чырвона-белы сцяг. Але, ведаеце, на жаль, у кожнага чалавека сваё разуменне гісторыі. У мяне ўжо склалася свая пазіцыя. Не ведаю, добра гэта, ці дрэнна. Я ж не вінаваты, што выхоўваўся ў савецкі час, і таму мне цяперашні дзяржаўны сцяг імпануе больш, чым бел-чырвона-белы».

«Калі з фантазіяй падысці»
Андрэй Арамнаў, чэмпіён свету і Алімпіяды па цяжкай атлетыцы.

На пытанне, які сцяг яму эстэтычна бліжэй.

«Калі падысці з фантазіяй, то эстэтычна можа выглядаць любы варыянт».

«Пашыю сыну бел-чырвона-белы сцяг»
Павел Глеб, бацька вядомых футбалістаў Аляксандра і Вячаслава Глебаў.

Пасля перамогі сына Аляксандра ў Лізе чэмпіёнаў у складзе «Барселоны».

«Калі прыедзе, то запытаю, чаму сын не накінуў сабе на плечы сцяг сваёй краіны. Можа, у Іспаніі няма бел-чырвона-белых сцягоў? Калі так, то пашыю яму дома. Бо я прызнаю толькі бел-чырвона-белы сцяг… Чаго тут баяцца?»

Калі памятаеце іншыя выпадкі, то пішыце ў каментарах.

Зміцер Панкавец

0
бібліёграф / Адказаць
08.05.2013 / 12:54
А я шаную толькі тых спартоўцаў, якія за бел-чырвона-белы сцяг.Спрабаваў глядзець 1-ы перыяд гульні Беларусь-Швецыя, але зразумеў што да лёсу гэтай каманды я абыякавы. Чаго мы дасягнулі за часы незалежнасці так гэта падзелу грамадства, нават наконт пытання флага.
0
LMI / Адказаць
08.05.2013 / 13:04
Усе сапраўды залежыць ад выхаваньня і ведаў, а таксама вельмі многае залежыць ад таго кім ты лічыш сябе найперш - ці савецкім чалавекам, ці беларусам. Шкада што на Беларусі гэты падзел вельмі яскравы. Мы амаль адзіныя такія хто да сеньня спрабуе і перарабляе саміх сябе, суадносіць з кім заўгодна, але толькі не з самім сабой. А яшчэ ў нас вельмі моцны страх. Чалавек часта думае зусім ня так, альбо ўвогуле не думае нічога - аднак адказ яго на пытаньне павінен супадаць "з правільным курсам"
0
анон / Адказаць
08.05.2013 / 13:10
«Калі прыедзе, то запытаю, чаму сын не накінуў сабе на плечы сцяг сваёй краіны» Дык а чаму??
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру