Мінск разлічвае, што запрашэнне на ўдзел у саміце Усходняга партнёрства ў Вільні будзе накіравана на імя кіраўніка дзяржавы, а беларускі бок сам вырашыць, хто будзе ўдзельнічаць ад краіны на сустрэчы. Пра гэта заявіў пасол Беларусі ў Германіі Андрэй Гіро падчас дыскусіі ў Берліне 7 мая.

Дыскусія прайшла ў межах серыі мерапрыемстваў пад эгідай Мінскага форуму. Пасол Беларусі выступіў з прамовай пасля заканчэння выступленняў спікераў.

Ён нагадаў, што ў 2009 годзе кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэнберг прывёз у Мінск запрашэнне для Аляксандра Лукашэнкі на ўдзел у інаўгурацыйным саміце Усходняга партнёрства ў Празе. У той жа час, адзначыў Гіро, па дыпламатычных каналах паступалі просьбы накіраваць на саміт у Прагу іншага прадстаўніка Беларусі.

Мінск прыняў гэтае «дзіўнае запрашэнне», бо звязваў з новай палітыкай ЕС вялікія надзеі, растлумачыў пасол. Аднак, дадаў Гіро, гісторыя Усходняга партнёрства — гэта «чарада расчараванняў».

Дыпламат выказаў надзею на тое, што на саміце ў Вільні ў лістападзе гэтага года Беларусь не будзе дыскрымінавана. «Мы таксама спадзяемся, што заключныя дакументы будуць утрымліваць не набор палітычных дэкларацый, а пералік канкрэтных праектаў, якія павінны быць рэалізаваны ў агляднай будучыні», — заявіў Гіро.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Мінск і Брусель вядуць кансультацыі пра фармат удзелу Беларусі ў саміце. У прыватнасці, абмяркоўваецца магчымасць запрашэння на сустрэчу міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, які знаходзіцца ў спісе неўязных у ЕС. Гэтае пытанне звязваюць з вызваленнем і рэабілітацыяй беларускіх палітзняволеных.

Так, напрыклад, пытанне ўдзелу Беларусі ў саміце абмяркоўвалася ў канцы сакавіка на беларуска-літоўскіх кансультацыях у Мінску. «Бакі абмеркавалі <…> магчымасці больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў ініцыятыве „Усходняе партнёрства“ напярэдадні старшынства Літвы ў Савеце ЕС і саміту Усходняга партнёрства ў Вільні, — паведаміла паводле вынікаў кансультацый прэс-служба літоўскага МЗС. — Удзельнікі выказалі надзею, што ў найбліжэйшай будучыні атрымаецца нармалізаваць адносіны Беларусі і ЕС шляхам вызвалення і рэабілітацыі палітзняволеных».

Пытанне пра ўдзел Беларусі ў саміце Усходняга партнёрства абмяркоўвалася таксама на пасяджэнні міністраў замежных спраў краін ЕС 22 красавіка ў Люксембургу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0