Калі прыглядзецца, то можна заўважыць, што Дзень Перамогі даўно ўжо не з’яўляецца тым святам, якім ён быў спачатку. Вядома, можна сказаць, што папулярнасць, актуальнасць і народная да яго любоў гэта рэчы, якія і робяць свята жывым, а ўсё жывое мае тэндэнцыю да зменаў і развіцця. Але Дзень Перамогі — свята настолькі жывое, што за 68 гадоў існавання яно здолела нават троху эвалюцыянаваць.
З’явілася свята пасля Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1945 года, і было аб’яўлена выхадным днём. Аднак ненадоўга — у 1948 годзе гэты дзень абвяшчаюць працоўным.І толькі праз дваццаць гадоў, у 1965-м, Перамогу зноў святкуюць па поўнай праграме, і 9 мая ўжо надоўга робіцца выхадным днём. Таксама, упершыню з 45-га года праводзіцца парад на Краснай плошчы. Дарэчы, парады ў гонар Перамогі ў СССР пачалі праводзіцца менавіта з 1965 года.
Гэта ўсё змены «адміністрацыйнага» характару, цікавыя, напэўна, толькі тым, хто захапляецца гісторыяй. Але ж ёсць яшчэ змены зусім іншыя, якія адбыліся з самай важнай часткай любога свята — людзьмі, якія гэтае свята адзначаюць, і іх да гэтага свята стаўленнем.
Перамены адбыліся нетаропка, плаўна, амаль што незаўважна, такім жа чынам, якім сыходзілі на той свет ветэраны. Паціху. Пераемнасць пакаленняў як яна ёсць адбілася менавіта ў Дні Перамогі. Мы ўзялі гэтае свята, нібы камізэльку, і прымерылі на сябе. І нам спадабалася.
Гэта раней Дзень Перамогі быў іхнім, ветэранскім. Яны шпацыравалі па вуліцах, пабліскваючы ўзнагародамі, іх можна было сустрэць у парках, скверах, кафэ. Звычайныя на першы погляд старыя, пра якіх, каб не медалі, ніколі і не падумаў, што вось яны героі, перад тваімі вачыма.Выпіваюць, ядуць. Пасміхаюцца. Зрэдку плачуць. Нічым ад нас, акрамя ўзросту і не адрозніваюцца, такія ж людзі: рукі, ногі, галава. Але ж было ў гэтых людзях — ці можа не ў саміх нават людзях, а проста ў іх прысутнасці — нешта такое, ад чаго было зразумела, чыё сёння свята. Вялікае свята, сапраўды вялікае. Як і гэтыя людзі.
А зараз іх амаль што і не засталося.
І Дзень Перамогі нарэшце стаў нашым.
Нашым!
І мы паводзім сябе так, нібыта ён сапраўды нам належыць.
А чаму ж не? Дзень Перамогі — гэта весела, лічым мы. І ўсё навокал, пачынаючы ад аўтамабіляў і заканчваючы гарэлачнымі бутэлькамі, аздабляем бессэнсоўнымі георгіеўскімі стужкамі.А яшчэ можна наляпіць на машыну надпіс «На Берлін!», ці нешта больш пазітыўнае, накшталт: «Брудны танк у баі не бачны». А чаму ж не? Дзень Перамогі — гэта прыкольна! І-ха!
Ці што, не падабаецца? Дык можа ты не патрыёт?
,Гонар з цягам часу непрыкметна змяніўся ганарлівасцю, нярэдка гучнай, крыклівай.Менавіта ў Дзень Перамогі, мы, як ніколі, паважаем і шануем саміх сябе, і як нацыю, і як асобу. А як жа не шанаваць, калі, хоць і 70 гадоў таму, мы ўсё ж такі здолелі, змаглі, вытрывалі. Хіба ж мы сёння не маем права на гонар, парады і гучныя словы? Чаму ж не?
Бо гэта ж мы перамаглі! Мы! Мы!
Але ж гэта не мы. Гэта яны.
Дзякуй ім.