Паўлу Вінаградаву нядаўна споўнілася 25 гадоў. Юбілейную дату лідар моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду» «Змена» сустрэў на «сутках» і адтуль жа з дапамогай сяброў звярнуўся да лідараў старой апазіцыі. Прасіў сустрэць яго з Акрэсціна. З дзесяці пакліканых прыйшлі толькі двое — Някляеў і Мацкевіч. Размаўляем з Паўлам аб тым, чаму гэтак сталася і што будзе далей.

Адкуль ідэя паклікаць лідараў апазіцыі да Акрэсціна? Навошта гэта ўвогуле?

Павел Вінаградаў: Як па мне, то ўсё зразумела. Заўважыў за апошнія два гады, што ў нас, у палітыкаў, мала агульнага — паміж кланамі, арганізацыямі. Ва ўсіх нейкая свая прынцыповая пазіцыя, і мы не можам дамовіцца. Мала гэтага, мы перасталі нават сустракаць палітвязняў, «сутачнікаў». У мяне склалася ўражанне, што ўсім на іх напляваць. Але раней салідарнасць была. І я захацеў праверыць, ці ёсць у нас нешта агульнае. Праверыць, ці можам мы нешта рабіць разам, жывы пацыент альбо мёртвы.

Калі ты вызваляўся, ля ізалятара з пакліканых табой былі толькі Някляеў і Мацкевіч…

Павел Вінаградаў: Так, гэта праўда. Былі яны. Лябедзька пазваніў мне, у нас з ім асабістая дамоўленасць, ён раней прыходзіў. Карач Вольга пазваніла таксама, папрасіла прабачэння, што не змагла. А іншыя — так… Але нічога страшнага. Вось зараз выйдзе Яроменак, мы ізноў рыхтуем сустрэчу, я ізноў раблю сёе-тое, каб данесці сваю пазіцыю. Мяркую, што ў мяне нешта, але атрымаецца. Хаця б больш людзей будзе прыходзіць сустракаць сядзельцаў з Акрэсціна.

Ну добра, яны прыйдуць. Прыйдзе Мілінкевіч, Лябедзька, Калякін. Іншыя. І што далей? Ёсць план?

Павел Вінаградаў: Ёсць у мяне хітры план, раскрыць які я па зразумелых прычынах не магу. Скажам так, зараз вы бачыце першую яго частку. Стварэнне нейкай агульнай пляцоўкі перад брамай турмы, дзе лідары могуць хаця б сустракацца, нешта абмяркоўваць.

А калі не прыйдуць?

Павел Вінаградаў:

Тады ў мяне застаецца два варыянты: забіць на гэта болт і прапусціць міма, альбо іншы — даволі жорсткі. У гэтым выпадку я прымушу лідараў па-іншаму гаварыць, кантактаваць паміж сабой.
Калі не атрымаецца і гэта, то будзе моцны ўдар па іміджы апазіцыянераў. Але я аптыміст. Думаю, што лідары не прыходзяць, бо вельмі занятыя. Але вось зараз, калі вызваляецца Яроменак, будзе выхадны (сябра «Маладога Фронту» Уладзь Яроменак вызваляецца 9 траўня). Паглядзім.

Лідары апазіцыі ўжо вельмі даўно на сваіх пасадах. Некаторыя амаль столькі ж, колькі Лукашэнка на пасадзе прэзідэнта. Ці ўзнік у апазіцыі канфлікт пакаленняў?

Павел Вінаградаў: Несумненна. У прынцыпе, ён заўсёды быў. Але зараз гэта адчуваецца асабліва востра. Зараз вельмі добра бачна, што партыйны актыў, актыў грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый старэе. Маладыя сыходзяць з партый і рухаў, на іх месца не прыходзіць новая моладзь. Застаюцца тыя, каго нехта называе «старымі пердунамі». Вось так.

Што рабіць, каб сышлі «старыя пердуны»?

Павел Вінаградаў:

Не трэба, каб яны сыходзілі. Трэба, каб яны працавалі. У прынцыпе, яны харошыя людзі ў сваёй большасці. І працаздольныя ў асноўным. Проста вось не падабаецца мне, як яны працуюць.
Не ведаю нават, з якой прычыны.

Што менавіта не падабаецца? Можаш нешта прапанаваць узамен?

Павел Вінаградаў:

Вяла неяк усё. Трэба смялей. Паўтаруся, у мяне ёсць ідэя. Хутка мясцовыя выбары. Павінна быць агульная пазіцыя, нешта адзінае для ўсіх.
Незалежна ад таго, удзельнічае тая альбо іншая сіла ў выбарах альбо не. Байкот, не байкот — павінна быць агульная пазіцыя. У мяне ёсць што прапанаваць лідарам.

Ці вынеслі лідары апазіцыі урокі з лета 2011-га, калі моладзь выйшла пратэставаць без іх, фактычна самаарганізавалася праз інтэрнэт? Апазіцыянеры будуць здольныя ўзначаліць новыя пратэсты моладзі альбо не?

Павел Вінаградаў: Не ведаю дакладна. Магу сказаць, што калі і зрабілі высновы, то не ўсе. Ды і адна справа зрабіць выснову, іншая — пачаць неяк варушыцца, нешта рабіць. Пакуль гэтага, шчыра кажучы, не бачна. Адны стараюцца, іншыя — не. Я хачу працаваць з тымі, хто стараецца. Паглядзім. Рэакцыя на мае звароты будзе моцным індыкатарам таго, з кім можна гаварыць і працаваць, а з кім — не.

Наступныя выбары кіраўніка Беларусі ўжо хутка. У мінулай кампаніі ты ўдзельнічаў даволі актыўна. Зараз таксама будзеш?

Павел Вінаградаў:

Я ўжо двойчы сабе абяцаў не ўдзельнічаць у палітычных справах і двойчы парушаў свае абяцанні. Але зараз я думаю, што кампанія 2015 года будзе для мяне апошняй.
Калі пераможам — малайцы. Калі прайграем — я тады напэўна з’еду з краіны.

Немагчыма зараз прадказаць, горш будзе праходзіць кампанія альбо лепш.

Індыкатарам стануць мясцовыя выбары. Калі большасць апазіцыйных сілаў будзе здольная працаваць на агульную стратэгію, не зважаючы на свае ўласныя інтарэсы, то мы маем шансы на гарачы 2015 год.
Калі не, то я моцна сумняваюся, што кампанія 2015 года будзе лепшай за кампанію 2010-га.

Ты сказаў, што ў выпадку паразы з’едзеш. Так ужо зрабіла вельмі шмат людзей. Як думаеш, ці магчыма з-за мяжы вынікова дзейнічаць? Ці патрэбныя ўсе гэтыя Беларускія дамы?

Павел Вінаградаў: Гэта залежыць ад асобы. Я вельмі добра разумею Радзіну, якая з’ехала і якая працуе. Як бы хто ні ставіўся да сайта «Хартыя’97», ён усё адно застаецца самым папулярным — не ведаю, ці незалежным, але апазіцыйным сайтам. Беларускія дамы — таксама выдатная ідэя. Калі я прыязджаю туды, маю магчымасць недзе сустрэцца, недзе папрацаваць. Пераначаваць у скрайнім выпадку. Не трэба называць іх палітычнымі цэнтрамі — гэта, хутчэй, цэнтры эміграцыйныя.

Але бывае і так, калі з’язджаюць людзі і працуюць там толькі языком.
Гэта, натуральна, дрэнна. Часам падаецца, што лепш бы чалавек маўчаў. Нават калі гаворыць правільныя рэчы — ён робіць гэта з эміграцыі. Шмат хто з такіх людзей не меў ніякіх прычын для ад’езду і для таго, каб выстаўляць сябе пакутнікамі і ахвярамі рэжыма. У Беларусі ўсё не так дрэнна. Тут не 37-ы год.

Ты адным з першых пачаў праводзіць «новыя» акцыі апазіцыі, якія прыцягваюць увагу, адрозніваюцца ад традыцыйных шэсцяў і мітынгаў. Што варта было б змяніць у фарматах Дня волі, «Чарнобыльскага шляху»?

Павел Вінаградаў: Задача палітыкаў — падабацца людзям. Нават не сабе, а людзям. Я лічу, што акцыі таксама павінны падабацца людзям. Для мяне важна, ці ёсць у акцыі пратэст. Калі гэта проста нейкі Першамай, то гэта ўжо не цікава.

Вось Дзень волі — яго пазіцыянуюць як проста свята, Дзень незалежнасці. Я лічу, што пакуль тут Лукашэнка, то ў гэтай акцыі павінен быць пратэст.
Гумар абавязкова павінен быць, нейкая забава. Такія рэчы, у якіх можа паўдзельнічаць любы жадаючы. Вось, напрыклад, на Дзень волі я прапаноўваў на Бангалоры збудаваць снежны замак і штурмаваць яго. Воіны вясны захопліваюць царства зімы. З адпаведнымі сцягамі. Такая весялуха, каб людзям цікава было. Каб журналістам было што здымаць. А то насамрэч глядзіш, што няма чаго паказаць іншым — непрыгожая карцінка.

Чаму ідэю не падтрымалі?

Павел Вінаградаў: Там шмат фактараў. Яна насамрэч была вельмі інавацыйнай. Была яшчэ ідэя назваць акцыю «Днём няволі». Ісці ў кайданках. Альбо проста ісці з рукамі за спіной, як вязні. Гэта была б фішка, знак пратэсту супраць разнастайных забаронаў. Але зноў жа ідэю не падтрымалі. Маўляў, Дзень волі — гэта свята, і мы адзначаем незалежнасць.

Наколькі цяжка прасоўваць свае ідэі ў асяродку сталых паплечнікаў? Ёсць супраціўленне?

Павел Вінаградаў: Вядома. Не тое каб мы людзі новыя — я ўжо сем гадоў усім гэтым займаюся. Але часам заўважаю, што пакуль табе не стукнула 30, цябе ўвогуле ніхто не слухае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?