У свае 90-гадоў Соф’я Пятроўна — бадзёрая жанчына, якая сама робіць усе паўсядзённыя справы і не губляе аптымізму. Соф’я Пятроўна — ветэран Вялікай Айчыннай. Амаль усю вайну яна праслужыла дыспетчарам у авіядывізіі, удзельнічала ў вызваленні Беларусі і паловы Еўропы, дайшла да Берліна.

Зараз Соф’я Пятроўна ходзіць у краму, узлазіць на драбінкі, каб укруціць лямпачкі, — і даглядае 60-гадовагасына-інваліда, у якога быў інсульт. Жанчына спраўляецца з усімі клопатамі, нікога не просіць аб дапамозе і пазітыўна глядзіць на жыццё.

Аднак у гісторыі гэтай моцнай жанчыны адбыўся нечаканы паварот. Літаральна напярэдадні 9 Мая, пакуль мы працавалі над відэа, Соф’я Пятроўна атрымала позву ў суд.
Справа у тым, што яшчэ адзін яе сын патрабуе высяліць брата з кватэры і намагаецца стаць апекуном маці — на той падставе, што ёй ужо 90 гадоў.

Сярод іншых аргументаў сына — тое, што нібыта хворы брат турбуе суседзяў, што ў кватэры Соф’і Пятроўны антысанітарыя. Але ж суседзі ніколі не скардзіліся (адна з іх пры нас прыходзіла да Соф’і Пятроўны выказаць сваю падтрымку ў гэтай сітуацыі), а дома ў жанчыны ідэальны парадак.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што 9 гадоў таму Соф’я Пятроўна падпісала дарчую, паводле якой уладальнікам кватэры лічыцца сын, які зараз і выклікае маці ў суд. Мы плануем звязацца з ім бліжэйшым часам і будзем сачыць за развіццём гісторыі. Суд адбудзецца 17 мая.

Больш за ўсё Соф’я Пятроўна баіцца, што пасля суда хворы сын можа трапіць у псіханеўралагічны дыспансер. «Ён толькі пачаў папраўляцца, хто будзе даглядаць яго, калі не я? Ды і для мяне ён — стымул жыць далей. Калі яго не будзе, я хутка згасну,« — кажа Соф’я Пятроўна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?