Пытанне гатоўнасці сельгасарганізацый да нарыхтоўкі кармоў і правядзення ўборкі ўраджаю 2013 года абмяркоўвалася 8 мая на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў Беларусі.

Як паведаміла прэс-служба Саўміна, прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч даручыў забяспечыць своечасовую і якасную нарыхтоўку кармоў у гэтым годзе. У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі, не менш як траціна травяных кармоў у краіне павінна нарыхтоўвацца па сучасных тэхналогіях. Міністэрству прамысловасці сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук даручана прыняць рашэнні, неабходныя для забеспячэння належнай якасці кормаўборачнай і корманарыхтоўчай тэхнікі айчыннай вытворчасці.

«Уборка і нарыхтоўка кармоў павінны ажыццяўляцца ў строга ўстаноўленыя тэрміны, — падкрэсліў Мясніковіч.
— Другое — гэта выкананне тэхналогій. Там, дзе іх выконваюць, ёсць вынік. Для гэтага найперш трэба выбудаваць эфектыўную працу з кадрамі». Як праінфармаваў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, для вытворчасці запланаваных аб’ёмаў прадукцыі жывёлагадоўлі, у адпаведнасці са стратэгіяй развіцця кормавытворчасці, сёлета неабходна нарыхтаваць не менш як 700 тыс. тон сена, 13,1 млн. тон сенажу і 14,3 млн. тон сіласу. «Для нарыхтоўкі запланаванага аб’ёму травяністых кармоў з улікам страхавога запасу спатрэбіцца 36 млн. тон зяленіўнай масы траў і практычна 20 млн. тон зялёнай масы кукурузы», — прадоўжыў ён. Для гэтага ўкосную плошчу шматгадовых траў сёлета неабходна павялічыць на 120 тыс. га — пераважна ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Паводле слоў міністра, пасяўная плошча кукурузы ў 650 тыс. га забяспечыць у поўным аб’ёме патрэбу ў зяленіўнай масе для нарыхтоўкі кукурузнага сіласу на гэты год.
«Выканаўшы гэтыя работы і павялічыўшы прадуктыўнасць кармавых угоддзяў, можам цалкам забяспечыць патрэбу абласцей у зялёнай масе і пры гэтым нарыхтаваць сянаж і сілас толькі вышэйшага і першага класа», — дадаў ён.

Для паляпшэння якасці травяных кармоў акрамя выканання тэхналагічных рэгламентаў нарыхтоўкі неабходны належныя ўмовы захоўвання. Цяпер у сельгасарганізацыях краіны ёсць 16,6 тыс. сянажна-сіласных сховішчаў. Аб’ём закладкі травяных кармоў у іх — 24 млн.тон.

Па стане на 1 мая гатоўнасць кормаўборачных камбайнаў краіны да палявых работ складае 89%, трактарных касілак — 86%, прэс-падборшчыкаў — 87%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?