Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін на мінулым тыдні заявіў, што ў адказ на «стратэгічныя пагрозы з боку іншых ваенных дзяржаў» расейскія стратэгічныя бамбардавальнікі ўзновяць свае сталыя палёты па ўсім сьвеце, як гэта было ў часы «халоднай вайны». Расейская авіяцыя таксама пачала правяраць абарону NATO, пікіруючы на аб’екты паблізу амэрыканскіх і брытанскіх вайсковых баз.

Расея асабліва раздражнёная плянамі ЗША па разгортваньні сыстэмы супрацьракетнай абароны, якая будзе забясьпечвацца аб’ектамі на тэрыторыі краін былога ўсходняга блёку. Масква ня верыць заявам Вашынгтона пра тое, што гэты шчыт прызначаны для прадухіленьня магчымых нападаў з боку Ірана й Паўночнай Карэі.

Непакой Расеі можна зразумець. З распадам Савецкага Саюзу Расея страціла сваю міжнародную гандлёвую сыстэму, вайсковы альянс у Эўропе, а таксама вялізарную частку сваёй тэрыторыі й расейскага насельніцтва, якое жыве сёньня ў суседніх дзяржавах. Любая краіна, якая перажыла такую траўму, магла ў адказ абрынуцца ў абражаны й рэваншысцкі ультранацыяналізм. Менавіта гэтак сталася зь Нямеччынай пасьля Першай сусьветнай вайны.

Магчыма, такое параўнаньне ёсьць перабольшваньнем. Савецкі Саюз у 1991 годзе не пацярпеў вайсковай паразы, а Захад не накладаў на яго рэпарацыі ў якасьці пакараньня. Але дзіўна тое, як вайсковай істэрыі, якую распальвае Пуцін на міжнароднай арэне, спадарожнічаюць аўтарытарныя тэндэнцыі ўсярэдзіне краіны. Палітычнаму іншадумству нанесены сакрушальны ўдар, а дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі рэклямуюць культ прэзыдэнта.

Патруляваньне ў небе састарэлых бамбардавльнікаў, якія сабралі з усяе Расеі, ёсьць адчайнай спробай прыцягнуць да сябе міжнародную ўвагу й заслужыць аплядысмэнты ўсярэдзіне краіны. Такое пазіраваньне — гэта прыкмета слабасьці. У Расеі недаразьвітая эканоміка, якая залежыць ад сусьветных цэнаў на газ, якія, праўда, растуць. Пуціну ад Захаду ў большай ступені патрэбныя прызнаньне й павага, чымсьці канфлікты. Брытанія можа супакоіць Расею й запэўніць яе ў тым, што яна хоча супрацоўніцтва й партнэрства. Але гісторыя засьцерагае нас ад небясьпечных наступстваў супакаеньня агрэсіўнага нацыяналізму.

The Observer via Cursor News Agency

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0