Напярэдадні Дня Перамогі здымачная група БелаПАН вырашыла пацікавіцца ў маладых грамадзян «партызанскай рэспублікі», як называюць Беларусь, пра тое, хто такія партызаны і чым яны займаліся?
Трэба сказаць, вялікая частка тых, каму адрасавалася пытанне, мелі ў той ці іншай ступені ўяўленне пра народных мсціўцаў Вялікай Айчыннай: «Нашу Радзіму абаранялі. Жылі ў лагерах ваенных, спецыяльна адведзеных. Падчас вайны яны жылі амаль усюды, а зараз, напэўна, у часцях рыхтуюцца».

«Гэта асаблівы рух — яны дзейнічаюць тайна, каб па магчымасці пранікнуць у лагер праціўніка і даведацца нейкую інфармацыю пра яго планы».
«Гэта падпольная арганізацыя, якая, не знаходзячыся ў радах дзейнай арміі, вядзе барацьбу супраць галоўнага ворага дзяржавы». «Гэта воіны ад народа, якія не знаходзіліся ў арміі, але вялі ваенныя дзеянні. Фішка партызан у тым, што яны вялі атакі адзінкавыя і тайныя». «Яны ладзілі дыверсіі на чыгунцы, падрывалі масты».
«Гэта людзі рознага ўзросту, якія самастойна і добраахвотна, па закліку сэрца абаранялі Радзіму».
«Гэта смелыя людзі. Яны стваралі ў лясах свае атрады, здабывалі ўзбраенне, снарады, сачылі за фашысцкімі перамяшчэннямі. Мясцовае насельніцтва падтрымлівала іх прадуктамі». Некаторыя суразмоўцы акцэнтавалі ўвагу на іншых дэталях: «Радзіму нашу бясплатна абаранялі». «Прабіраліся ў тыл ворага і нейкія там гадасці рабілі».
«Яны капалі зямлянкі маленькімі рыдлёўкамі».
І толькі адна юная асоба выказала меркаванне, што партызаны — гэта… немцы. Увогуле, будзем лічыць, нашчадкі салдат лясной арміі не забыліся пра баявыя дзеянні сваіх дзедаў і прадзедаў. Якіх мы ад душы віншуем з Днём Перамогі і кланяемся за стойкасць і мужнасць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?