Арган Канцэртнай залы БДФ.

Арган Канцэртнай залы БДФ.

Канцэртная зала «Парыж» (пачатак ХХ ст.)

Канцэртная зала «Парыж» (пачатак ХХ ст.)

Канцэртная зала БДФ сёння. Фота karta-minska.nemiga.info.

Канцэртная зала БДФ сёння. Фота karta-minska.nemiga.info.

1955 г. За высокім плотам будзе закладзены фундамент будучай Канцэртнай залы.

1955 г. За высокім плотам будзе закладзены фундамент будучай Канцэртнай залы.

У 1960 г. Белдзяржфілармонію аб’ядналі з Белдзяржэстрадай, і новаствораны калектыў з опернага тэатра пераехаў у былое памяшканне палітасветы (побач з Домам афіцэраў). Раней гэта быў архірэйскі дом, цяпер Дом работнікаў мастацтва. Для філармоніі памяшканне аказалася цеснаватым. Увесь другі паверх «акупіравалі» сімфанічны і цымбальны аркестры, на першым размясцілася адміністрацыя з бухгалтэрыяй, а для рэпітыцый астатніх артыстаў і ансамбляў дастаўся адзін невялічкі клас.

Канцэрты сімфанічнага аркестра праходзілі ў клубе імя Дзяржынскага. Тым часам забудоўвалася Камароўка (плошча Якуба Коласа), дзе яшчэ ў 1955 г. заклалі фундамент Палаца культуры Прамкааперацыі (архітэктар Г. Бенедзіктаў), але будынак дастаўся Белдзяржфілармоніі. Паяўленне Канцэртнай залы з арганам стала важнай падзеяй у культурным жыцці беларускай сталіцы.

Акустыку Канцэртнай залы і мантаж аргана, створанага па праекту вядомага спецыяліста ў галіне арганабудавання, прафесара Пражскай акадэміі музыкі Іржы Рэйнбергера, ладзіла вядомая чэшская фірма «Rieger-Kloss». За эфектным карагодам разнастайных драўляных і металічных труб аргана-гіганта (усіх іх 6325) хаваецца складаны тонка вывераны механізм вышынёй з чатырохпавярховы дом.

Папярэдніцай аргана з’яўляюцца валынка і флейта пана. Па прыгажосці і багаццю тэмбраў, разнастайнасці дынамічнай шкалы (ад пяшчотнага pianissimo да магутнага, громападобнага fortissimo) арган не мае сабе роўных сярод музычных інструментаў.
Ужо ў ІІІ-ІV ст. н. э. рымляне і візантыйцы выкарыстоўвалі яго ў свецкім музыцыраванні, а ў 660 годзе папа рымскі Віталіан паставіў арган на службу каталіцкай царкве.

Сучасны выгляд арган набыў у XVІ ст. Росквіт арганнага мастацтва прыпадае на 1550–1750 гады, калі сфарміраваліся галоўныя еўрапейскія нацыянальныя арганныя школы, даўшыя свету вялікіх майстроў-выканаўцаў і кампазітараў.

З 1871 г. у Менску пачало дзейнічаць вучылішча арганістаў, якое рыхтавала кадры для шматлікіх касцёлаў. Праграма навучання складала пяць гадоў. Выкладалі на рускай мове — царскі ўрад разлічваў на паступовае ўкараненне яе і ў каталіцкае богаслужэнне.
Аднак такая перспектыва не вабіла навучэнцаў, і ў хуткім часе з-за адсутнасці абітурыентаў вучылішча расфарміравалі.

Дарэвалюцыйны Менск меў канцэртную залу «Парыж», праўда, без аргана. (На месцы «Парыжа» цяпер знаходзіцца офіс кампаніі «Лукойл» па вуліцы Няміга).

Нарэшце 3 мая 1963 г. у Канцэртнай зале адбылася арганная прэм’ера. У складанай рознапланавай праграме Іржы Рэйнбергер бліскуча прадэманстраваў багатыя мастацкія і тэхнічныя магчымасці свайго дзецішча.
Прэзентацыя беларускага «караля музычных інструментаў» доўжылася пяць незабыўных вечароў, распачаўшы яго слаўную гісторыю. Як пісаў тады прафесар маскоўскай кансерваторыі Л. Ройзман: «Мінскі арган — магутны волат! Ён выклікае моцнае ўражанне сілай і энэргіяй, што струменяць з яго труб».
Першым салістам Белдзяржфілармоніі стаў выбітны арганіст і кампазітар, лаўрэат міжнародных конкурсаў Алег Янчанка, а з 1975 г. яго эстафету дастойна падхапіў Александр Фісейскі (абодва выпускнікі Маскоўскай кансерваторыі, клас прафесара Л. Ройзмана).

Ад 1983 г. і да цяперашняга часу салістам-арганістам БДФ з’яўляецца выпускнік Беларускай і Латвійскай кансерваторый Канстанцін Шараў — Лаўрэат міжнароднага конкурса «Musika Sacra» (Лодзь, Польшча). Значную частку яго рэпертуара складаюць маштабныя палотны Букстэхудэ, Баха, Гендэля, грандыёзныя арганныя сімфоніі французскіх майстроў, рамантычныя паэмы Франка, Рэгера, Янчанкі і інш.

Аўдыторыя аматараў арганнай музыкі штогод пашыраецца, і з 1980-х гадоў канцэрты праходзяць яшчэ і ў Сафійскім саборы (Полацк), і касцёле Святога Роха (Мінск).

Вось ужо пяцьдзесят гадоў арган Канцэртнай залы Беларускай філармоніі прыцягвае ўвагу лепшых выканаўцаў. Незабыўныя ўражанні пакінулі карыфеі арганнага мастацтва, знакамітыя майстры Ф. Петэрс (Бельгія), І. Геферт (Германія), Х. Лепнурм (Эстонія), А. Сакеці (Італія), І. Браўда, Л. Ройзман, Г. Гродберг (усе Расея) і іншыя.

Выдатнымі творчымі дасягненнямі адзначана канцэртная дзейнасць прадстаўнікоў беларускай арганнай школы К. Шарава, І. Алоўнікава, К. Пагарэлай.
Плённыя вынікі дае педагагічная праца дацэнта Беларускай акадэміі музыкі У. Неўдаха — галоўнага арганіста архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Яго вучні дэманструюць высокі прафесійны ўзровень у самастойнай канцэртнай і педагагічнай практыцы.

Арган Канцэртнай залы святкуе сваё 50-годдзе. Аматараў музыкі чакаюць сустрэчы з выбітнымі айчынымі і замежнымі майстрамі, разнастайныя канцэртныя праграмы і непаўторны голас галоўнага аргана Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?