20.08.2007 / 15:03

Палёт у благасфэру 7

Усеагульная інтэрнэтызацыя Беларусі — зусім не гарантыя духоўнага здароўя нацыі. Піша Віталь Тарас.

Усеагульная інтэрнэтызацыя Беларусі — зусім не гарантыя духоўнага здароўя нацыі.

Бяру свае словы назад

Зьяўленьне ў інтэрнэце відэароліка, на якім нейкія самазваныя расейскія нацысты адразаюць аднаму чалавеку голаў, а другому страляюць у патыліцу, выклікаў у некаторых расейскіх блогах радасьць (так ім і трэба, «панаехалітут»!), у іншых — абурэньне. Не бяруся сказаць, каго й чаго больш.

Я бачыў толькі некалькі кадраў і чытаў апісаньне сюжэту. Але нават агульнае апісаньне павінна нармальнага чалавека прывесьці ў стан шоку. Нешта падобнае (напрыклад, кадры павешаньня Садама Хусэйна) зьяўлялася ў сеціве й раней. Але паводле ўзроўню садызму й нянавісьці такога, выглядае, яшчэ не было. І нават калі гэта не забойства, а «ўсяго толькі» інсцэніроўка з дапамогай мантажу, сам «твор» ня можна не шакаваць. Ня так важна, хто й дзеля чаго рашыўся выкласьці яго ў інтэрнэт, але важна, што яго маглі бачыць у інтэрнэце тысячы, сотні тысяч карыстальнікаў. Блогеры й мадэратары форумаў не маглі ведаць, ці гэта інсцэніроўка, ці не. Але як у юрыспрудэнцыі ёсьць прэзумпцыя невінаватасьці, гэтак у інтэрнэт‑супольнасьці павінна існаваць прэзумпцыя адваротнага кшталту: усё, што антыгуманна, што зьнішчае або прыніжае чалавечую годнасьць, павінна адразу выдаляцца.

Напрыклад, пэдафілія ва ўсім сьвеце, у тым ліку ў інтэрнэце, перасьледуецца паводле закону й жорстка караецца. А чаму ж дэманстрацыя сьмяротнага пакараньня (хай сабе «падробленага»), якое могуць бачыць,сярод іншых, дзеці, выклікае запаволеную рэакцыю грамадзтва? Наколькі я ведаю, відэаролік быў даступны ў сеціве цягам 18 гадзінаў запар. І размову я вяду тут не пра «сысадмінаў» і не пра правахоўныя органы нават, а менавіта пра інтэрнэт‑супольнасьць у цэлым.

Гэты сюжэт прымусіў мяне перагледзець сваё ранейшае стаўленьне да інтэрнэту. Я казаў пра тое, што сеціва ёсьць усяго толькі інструмэнтам, з дапамогай якога можна ствараць цуды, а можна рабіць пошлыя надпісы, як на плоце, альбо выкарыстоўваць яго ў якасьці пымыйнай ямы.

Цяпер я бяру свае словы назад. Як і многія мае калегі, я ня здолеў ацаніць у поўнай меры значэньне інтэрнэту.

Інтэрнэт безь берагоў

Нябожчык Станіслаў Лем пісаў, што інтэрнэт — самая страшнае вынаходніцтва чалавецтва, страшнейшае нават за атамную бомбу. Бо наступствы яго ў будучым могуць пераўзысьці наступствы магчымага ядравага апакаліпсісу. Лем параўноўваў навукова‑тэхнічны прагрэс з мыліцамі. Чалавек прызвычайваецца хадзіць выключна зь іх дапамогаю — прыбяры іх, і здарыцца катастрофа. Што тычыцца інтэрнэту, мне здавалася, што пісьменьнік‑фантаст у чымсьці перабольшвае. Што кепскага ў тым, калі чалавек можа перапісвацца, не выходзячы з дому, зь дзясяткамі, сотнямі людзей на ўсёй плянэце? Што кепскага, калі можна выкласьці ў нэт ня толькі любую навіну, фатаграфію, але й адразу пракамэнтаваць прачытанае або ўбачанае? Што кепскага ў электронным подпісы, інтэрнэт‑банкінгу й г.д.?

Абсалютна нічога. Калі не лічыць, што інтэрнэт са сродку камунікацыі паміж людзьмі ўсё больш ператвараецца ў зброю масавай маніпуляцыі.

Аналёгія з атамнай зброяй тут будзе дарэчы. Ня дай Бог, калі ядравая дубіна трапіць у рукі вар’ята‑ дыктатара, альбо тэрарыста. Чамусьці ніхто з кіраўнікоў вялікіх дзяржаваў (у тым ліку й Расеі) не сумняецца ў тым, што нельга, скажам, Паўночнай Карэі ці Ірану даваць магчымасьць займець уласную атамную бомбу. Іншая справа, што й запабегчы гэтаму становіцца ўсё цяжэй. Цягнік навукова‑тэхнічнага прагрэсу даўно пайшоў і спыніць яго няма ніякай магчымасьці, як бы таго ні хацелася вялікім дзяржавам.

Гэтаксама і зь інтэрнэтам. Ад самага пачатку толькі невялікая частка людзей карысталася ім як дапаможнікам у навуковай працы, ці ў мэтах адукацыі, асьветы, журналістыкі. Сярод першых з’явіліся ў сеціве парнаграфічныя сайты і іх зона няўхільна расьце, як і зона азартных гульняў. Зьяўленьне блогаў адкрыла новую эпоху (і аўтар гэтых радкоў быў сярод першых, хто прасьпяваў ім асану). Але яны адкрылі новыя магчымасьці, у тым ліку, і для порнаіндустрыі, і для прапаганды гвалту.

У інтэрнэт праз жывыя журналы («дзёньнікі») і «камэнты», дзякуючы іх ананімнасьці, шырокім патокам паліліся агрэсія, невуцтва, ксэнафобія, культ нецярпімасьці да чужой думкі. Што ўжо казаць пра такую «бязьвінную» рэч як графаманія.

А калі гэты паток агрэсіўнай сьвядомасьці ськіраваць у патрэбны ўладам бок…

Каналізацыя агрэсіі

І хай мне ня кажуць, што гэта тычыцца толькі «рунэту» (расейскамоўнага інтэрнэту). Інтэрнэт таму й завецца глябальным сецівам, што ў яго сапраўды няма межаў. Вядома, што 80‑85 % усіх сайтаў на плянэце зарэгістраваныя ў ЗША. Вядома таксама, што хоць сам панятак уэб‑сайт (сёлета яму споўнілася 20 гадоў) зьявіўся ў эўрапейскім навукова‑дасьледчыцкім цэнтры Цэрн у Швайцарыі, інтэрнэт набыў сёньняшняе аблічча і маштаб дзякуючы Злучаным Штатам.

Але гэта нічога не мяняе. Правайдэры не нясуць адказнасьці за зьмесьціва сайтаў ці блогаў. (Прынамсі, на Захадзе). Праўда, амэрыканскія спэцслужбы цяпер маюць права кантраляваць і выдаляць асобныя паведамленьні ў інтэрнэце ў выпадку тэрарыстычнай пагрозы, ці патрабаваць ад правайдэра раскрыць канфідэнцыйныю інфармацыю датычна карыстальнікаў.

Але што тычыцца саміх карыстальнікаў — нават самы лепшы мадэратар ня ў стане апанаваць станам агрэсіўнасьці, часам на мяжы гістэрыі, які выплёскваецца штодня, дапусьцім, у камэнтарах. Дастакова паглядзець хаця б на камэнтары на сайце «Нашай Нівы». Нават у беларускамоўнай аўдыторыі, узровень культуры якой відавочна на парадак вышэй, чымся ў расейскамоўным сэктары белнэту, сустракаецца шмат абразьлівых, безапэляцыйных, правакацыйных водгукаў. Пра дзяжурных правакатараў‑»брыгаднікаў» я тут не кажу. Тут, хутчэй, бяда, а не віна людзей, якім няма куды каналізаваць сваю фрустрацыю, незадаволенасьць уласным жыцьцём у сёньняшнім грамадзтве.

Уся справа — у ананімнасьці «пастоў», аўтары якіх упэўненыя ва ўласнай беспакаранасьці і сваім праве гаварыць усё, што ўздумаецца. Тут усё дазволена. Тое, што ў грамадзкім або нават прыватным жыцьці культурнага чалавека лічыцца табу (напрыклад, мат) лёгка можна сабе дазволіць у інэце. Сярод вялікай часткі супольнасьці гэта нават лічыцца добрым тонам.

Інэт дае магчымасьць выхаду ўсім, у тым ліку самым нізкім жывёльным інстынктам.

Як казаў Зыгмунд Фройд, культура складае самы верхні і самы тонкі слой сьвядомасьці чалавека. Дасткова яго зьняць — і людзі ператвараюцца ў небясьпечных жывёлінаў, кшталту тых вырадкаў, што забіваюць «асобаў нярускай нацыянальнасьці», альбо зьмяшчаюць кадры забойства (ці яго інсцэніроўкі) у сеціве.

Прадажная дзеўка імпэрыялізму

Дык што, інтэрнэт ёсьць абсалютным злом? Як жа тады з гэтым злом змагацца? Можа быць, маюць рацыю тыя, хто, падобна Лукашэнку, заклікае навесьці парадак у інтэрнэце, ачысьціць яго ад «сьмецьця»? Можа, даўно насьпела пара прыняць закон, які забясьпечваў бы гэты парадак?

Пытаньне не такое простае, як можа падацца. Мы бачым, што ў той самай Расеі, дзе інтэрнэт ужо ў значнай ступені кантралюецца, дзе нават аўтара камэнтару (!) у блогу могуць прыцягнуць да судовай адказнасьці (чалавек ня надта добразычліва выказаўся пра міліцыю), пакуль не змаглі знайсьці аўтараў згаданага відэароліка з забойствам. Арыштавалі толькі аднаго з тых, хто яго выстаўляў у сеціве — ці то ён сам прыйшоў, ці яго злавілі…

Але характэрная рэакцыя грамадзтва, найперш — інтэрнэт‑супольнасьці, пра якую я гаварыў на самым пачатку. Калі ня браць шчырых «фашыкаў», якія альбо адкрыта радаваліся, альбо (разумнейшыя зь іх) сьцвярджалі, што гэта правакацыя супраць расейскіх нацыстаў, асноўная маса «камэнтатараў» цікавілася тым, ці ня ёсьць гэта часткай піяр‑кампаніі ўладаў у рамках падрыхтоўкі да выбараў? Ды яшчэ на тле паведамленьняў пра тэракт на чыгунцы Масква — Санкт‑Пецярбург.

То бок, вялікі сэгмэнт расейскага грамадзтва ўжо звыкся з думкай, што з дапамогай інтэрнэту можна маніпуляваць яго настроямі — як дагэтуль гэта робіцца з дапамогаю тэлебачаньня. Так што ў інтэрнэце парадаксальным чынам спалучаюцца як бязьмежная, нібыта, свабода ад цэнзуры, гэтак і калясальныя магчымасьці маніпуляцыі грамадзкай думкай. І гэтыя магчымасьці палягаюць, зноў ж, у ананімнасьці. Падобныя тэхналёгіі ў інтэрнэце (успомнім ананімныя лісты «патрыётаў КДБ») выкарыстоўваліся падчас выбарчых кампаніяў і ў Беларусі.

Так што ва ўладаў РБ ёсьць альтэрнатыва: поўная цэнзурная блякада інтэрнэт‑прасторы, як у Кітаі (але тады трэба мець такія гіганцкія рэсурсы, як у КНР, і такія тэмпы росту эканомікі, пры якіх страта пары мільярдаў даляраў ня маюць вялікага значэньня), альбо больш гнуткая палітыка, як у расейскіх уладаў, якія спрабуюць выкарыстаць інтэрнэт у якасьці дадатковага, вельмі эфэктыўнага прапагандысцкага рэсурсу.

Спробы цяперашняга кіраўніцтва РБ абясшкодзіць заразу інтэрнэту нагадваюць мне забарону кібэрнэтыкі ў СССР у канцы 40‑х гадоў — разам зь генэтыкай. Кібэрнэтыку тады называлі ў савецкім друку ня йначай як «прадажнай дзеўкай амэрыканскага імпэрыялізму». У выніку на ўсяе пастсавецкай прасторы займаюцца цяпер выключна зборкай кампутараў, а ня іх вытворчасьцю ці праграмным забесьпячэньнем.

Мінус савецкая ўлада

Не даводзіцца сумнявацца, што большая частка намэнклятуры ў Беларусі, якая вырасла ва ўмовах савецкай, а потым лукашэнкавай вэртыкалі, прывыкла думаць забараняльнымі катэгорыямі. Цяперашняя ўлада спрабуе змагацца са зьявай, якой яна ў поўнай меры яшчэ нават не разумее. Але посьпехаў у гэтым кірунку, думаю, будзе ня больш, чым у спробах змагацца з распаўзаньнем ядравай зброі ў трэцім сьвеце, альбо ў змаганьні са спадарожнікавымі талеркамі ў Іране.

Магчыма, мы ўбачым некалькі судовых працэсаў над правайдэрамі (адзін такі ўжо ідзе), ці нават над аўтарамі асобных сайтаў. Прыкладна тое, што можна назіраць сёньня ў Расеі.

Але ж інтэрнэт‑тэхналёгіі разьвіваюцца нагэтулькі імкліва, што ўлады заўсёды будуць спазьняцца ў сваіх паліцэйскіх памкненьнях паставіць плаціну на шляху патокаў інфармацыі. Пагаджуся з Натальляй Радзінай, якая сказала ў інтэрвью «НН», што ў выпадку ўвядзеньня цэнзуры й блякаваньня апазыцыйных сайтаў інтэрнэт‑актыўнасьць перасунецца ў благасфэру. Але ў гэтым выпадку, трэба ўсведамляць, адбудзецца яшчэ большая маргіналізацыя і атамізацыя тае часткі грамадзтва, якая пакуль выяўляе палітычную актыўнасьць. І акрамя таго, безумоўна, яшчэ больш вырасьце ўплыў рунэту (зь якім уладам будзе справіцца куды больш складана, чым зь белнэтам) на беларускую аўдыторыю. Гэтую небясьпеку цяперашнняя ўладная эліта, думаю, хутка ўсьвядоміць.

Але варта памятаць і пра тое, што інтэрнэт, пры ўсім яго сапраўды глябальным значэньні, сам па сабе ня ёсьць вырашэньнем ніводнай праблемы. Ён і сам ёсьць праблемай. Асабліва ў сёньняшняй Беларусі зь яе станам разьвіцьця грамадзтва. Спадзяваньні, быццам спадарожнікавае тэлебачаньне, глябальнае сеціва альбо іншыя найноўшыя дасягненьні тэхнічнай думкі аўтаматычна дапамогуць усталяваньню дэмакратыі ў Беларусі нагадваюць вядомы лёзунг: «камунізм ёсьць савецкая ўлада плюс электрыфікацыя ўсёй краіны». (Нейкі вастраслоў слушна заўважыў: а капіталізм ёсьць электрыфікацыя ўсёй краіны мінус савецкая ўлада.)

Усеагульная інтэрнэтызацыя Беларусі — зусім не гарантыя духоўнага здароўя нацыі. Трэба было б у інтэрнэце выстаўляць папярэджаньне, як на пачках цыгарэтаў: карыстаньне сецівам можа прычыніць урон вашаму здароўю і маралі.

Віталь Тарас

0
Лёнік_з-пад_Дабучына / Адказаць
20.08.2007 / 16:40
Цікавы артыкул. Цікава выкладзены стан няўпэўнасці і разгубленнаці выкліканы забабонамі інжынераў чалавечых душ ХХ-ХХІ стагодззяў. Пераклікаецца з назвай кніжкі Суворава "Бяру словы назад". "зусім не гарантыя духоўнага здароўя нацыі" - а хто б спрачаўся б? Калі вынайшлі паперу і друкарскую справу, то не разлічвалі на маркіза де-Сада. "Нябожчык Станіслаў Лем пісаў, што інтэрнэт ..." дык ён жа не змог прадбачыць ні Subject: ні персаналкі. Таму яму і стала крыўдна. Гляньце яго "Summa ...". Падаецца, што друкарства - вынаходніцтва страшнейшае за Інтернет. Чалавек рухаецца наперад, тое што было мылыцай, стало ім самім. Паважаны Віталь чамусьці не назаве мыліцай сваю адзёжу і абутак. Але без гэтых мыліц сканае на Кастрычніцкай ў сакавіку за гадзіну. "Што кепскага ў тым, калі чалавек можа перапісвацца, не выходзячы з дому,....?" Уінстан Сміт у 1984 не задаваўся такім пытаннем. Што кепскага, калі ты можаш нешта адасобіць ад сябе і адправіць у самастойнае дзеяньне ў свет ? Нельга ставіць пытанне аб кепскасці і добрасці. Як толькі хто надрукуе, нашіша, скажа, падумае ,так ён - другі чалавек. І ўжо нельга вярнуцца да першабытнага стану. "нельга, скажам, Паўночнай Карэі ці Ірану даваць магчымасьць займець уласную атамную бомбу" . Дык даваць нельга, яны самі возьмуць. Нейкія дурныя гэты Карэя і Іран. Хай бяруць прыклад з Ізраілю. Не прызнаваць і не адмаўляць уладаньне бомбай. І ўсё будзе ОК! Суседзі паасцярагуцца чапляць цябе, калі у кішэні можа быць завостраная адкрутка. Стагодзе таму Херберт Уэлс спадзяваўся, што будзе братэрства паветраплавальнікаў, якое пасля наступнай вайны выратуе чалавецтва. Сам прачытаў у газеце яшчэ ў часы застою, што дзесь на поўдні Саюза на полі спусціўся гелікоптар, гаспадара поля пабілі, загрузілі машыну арбузамі і адляцелі. "шырокім патокам паліліся агрэсія, невуцтва, ксэнафобія, культ нецярпімасьці да чужой думкі" . Каб спраўдзіць адпаведнасць рэчаіснасці нейкаму ўяўленьню карысна ў нейкія месцы слоўнага ўвасабленьня ўяўленьня уставіць адмову. Такім чынам са з'яўленьням Інтернету хацелася б каб "шырокім патокам паліліся талеранцыя, навучанасць, адкрытасць, культ шанаваньня да чужой думкі". Падобна на тое, што рэчаіснасць аднолькава не стасуецца як з аднім сцьвяржэньням/спадзеваньнем, так і з другім. Выснова - яны аднолькава адбіваюць не тое, што ёсць, а тое, што сабой ўявляюць стваральнікі гэтых выказваньнеў. Падобна на тое, што паважаны Віталь люстэрка павярнуў так, што спачатку ўбачыў ў ім свой, вельмі прыстойны, інтэлігентны твар. На а потым: "Wake ...." "А калі гэты паток агрэсіўнай сьвядомасьці ськіраваць у патрэбны ўладам бок…" Прапаную: "А калі гэты паток сьвядомасьці ськіраваць у патрэбны адраджэньню бок…" Чаму працесс скіраваньня клічацца то маніпуляваннем, то выказваннем свабоднай думкі? "інтэрнэт‑тэхналёгіі разьвіваюцца нагэтулькі імкліва, што ўлады заўсёды будуць спазьняцца ў сваіх паліцэйскіх памкненьнях паставіць плаціну на шляху патокаў інфармацыі" можна сказаць, што "інтэрнэт‑тэхналёгіі разьвіваюцца нагэтулькі імкліва, што ўладары чалавечых думак заўсёды будут спазьняцца реагаваць на землятрусы ў самым верхнім і самым тонкім слаі сьвядомасьці чалавека". Інжанеры чалавечых душ заўсёды будуць лямантаваць што: " Дасткова яго зьняць — і людзі ператвараюцца ў небясьпечных жывёлінаў". Шкада, што нельга спытаць самаго Фрэйда, пра гэтыя страхі. Хоць аўтар артыкулу і думае, што выкарыстоўвае набытое Зігмундам Фрэйдам, паслядоўнасцю і мужнасцю Фрэйда і не пахне.
0
Сяргей / Адказаць
20.08.2007 / 17:03
А паважаны спадар Тарас усё вучыць нас, як малых дзяцей, як трэба карыстацца iнтэрнэтам. Даражэнькi, ды мы самi з розумам, разбярэмся як-небудзь..
0
Аўтар / Адказаць
20.08.2007 / 17:44
2Лёнік. Усё слушна, спадар Лёнік. Маеце рацыю. Толькі паспрабуйце ўлічыць адзін момант. Гэты артыкул -- не запіс у блогу ці ў форуме. Ён пабудаваны паводле пэўных законаў журналістыкі. Зусім не хачу сказаць, што я ім дасканала авалодаў. У гэтым артыкуле могуць (і напэўна ёсьць) свае хібы. Толькі ў мяне ёсьць сьціплае жаданьне, каб яго (як і ўсе артыкулы ці эсэ ў прынцыпу) ацэньваліся паводле законаў жанру, што называецца. Няўжо Вы думаеце, што я ня бачу тых унутраных супярэчнасьцяў, пра якія Вы кажаце? Але я не прапаную іх вырашэньня -- інакш, давялося б разьвітвацца з прафэсііяй. Я прапаную сваё ўласнае бачаньне праблемы. І на большае не прэтэндую. І тым больш нікому нічога не навязваю і не нікога не вучу, як піша Сяргей. А вось ягоны камэнт -- яскравы прыклада таго, пра што я пішу. Таму і не рэагую на камэнты, як правіла. А вашыя заўвагі падаліся сур'ёзнымі. За што я Вам удзячны.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру