Прадстаўнікі беларускай апазіцыі запрошаны на трэцюю пленарную сесію Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест), якая пройдзе 28–29 мая ў Бруселі.

Запрашэнне ўзяць удзел у сесіі атрымалі Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», рух «За Свабоду», кампанія «Гавары праўду!» і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, у пытанні беларускага прадстаўніцтва ў Еўранесце дэмакратычныя сілы маюць «узгодненую і нязменную пазіцыю». Яна заключаецца ў тым, што «паўнавартасна ўдзельнічаць ад Беларусі ў Еўранесце могуць толькі дэпутаты, якія будуць выбраны на свабодных і празрыстых выбарах».

«Афіцыйны Мінск страціў чарговы шанц атрымаць такое паўнавартаснае прадстаўніцтва ў Еўранесце пасля правядзення парламенцкіх выбараў 2012 года паводле несвабоднага сцэнарыя.
Да наступных парламенцкіх выбараў паўнавартасны ўдзел Беларусі ў Еўранесце замарожаны», — зазначыў палітык.

Разам з тым, дадаў ён, прысутнасць прадстаўнікоў беларускай апазіцыі на сесіі Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства дазволіць наўпрост даносіць да еўрапарламентарыяў інфармацыю аб сітуацыі ў краіне.

«Мы будзем гаварыць пра развіццё палітычнай сітуацыі ў краіне, у тым ліку пра неабходнасць вызвалення палітзняволеных, а таксама пра тое, што Еўрасаюз можа зрабіць для Беларусі ўжо зараз у аднабаковым парадку.

Я маю на ўвазе спрашчэнне візавага рэжыму, інтэнсіфікацыю кантактаў паміж людзьмі. Наша прапанова Еўропе — не гуляць згодна з правіламі, устаноўленымі беларускімі ўладамі», — падкрэсліў старшыня Партыі БНФ.

Янукевіч мяркуе, што шукаць шляхі нармалізацыі адносінаў па лініі ЕС — Беларусь трэба «ў напрамку дэманстрацыі Беларусі перспектыў еўрапейскага шляху, прыцягальнасці еўрапейскай альтэрнатывы насуперак праекту еўразійскай інтэграцыі».

«Афіцыйны Мінск даводзіць да Бруселя, што чакае ад Еўрасаюза нейкіх крокаў. Насамрэч ключ да нармалізацыі адносінаў знаходзіцца ў Мінску, перадумовы для дыялогу акрэслены і застаюцца нязменныя», — дадаў палітык.

Нагадаем, год таму, выступаючы на сесіі Еўранеста ў Баку, еўракамісар Штэфан Фюле заявіў: у рэгіёне Усходняга партнёрства няма месца палітзняволеным. Ён выказаў шкадаванне наконт няўдзелу ў працы асамблеі дэпутатаў беларускага парламента. «Думаю, аднойчы яны далучацца да вашай асамблеі», — сказаў Фюле, падкрэсліўшы важнасць умацавання сувязяў Еўропы з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?