У Ружанскім замку — радавым гняздзе ўплывовага роду Сапегаў (Пружанскі райн Брэсцкай вобласці) — завершана рэканструкцыя ўязной брамы, выкананай у выглядзе трыумфальнай аркі з двухпавярховымі флігелямі па баках.
Пасёлак Ружаны ў Беларусі мае старажытную гісторыю, упершыню ён згадваецца ў дакументах у 1490 годзе. У 1598 годзе тутэйшае мястэчка стала ўласнасцю роду Сапегаў, а ў 1637-м атрымала магдэбургскае права. Менавіта тут была рэзідэнцыя аднаго з магутных родаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Пачатак будаўніцтва замка ў Ружанах адносіцца да XVI стагоддзя, у наступныя стагоддзі ён не раз перабудоўваўся, разбураўся. У другой палове XVIII стагоддзя яго аднавілі ў выглядзе барочнага палаца. Тут былі свой тэатр, карцінная галерэя, жывапісны парк, аранжарэя. Дзве сусветныя вайны, гады Савецкай улады ператварылі велічны комплекс у руіны. Ужо ў незалежнай Беларусі была адноўленая і рэстаўраваная ўязная брама, у правым флігелі якой размясціўся краязнаўчы музей. А зусім нядаўна набыў першапачатковы выгляд і левы флігель. Работы праводзілі спецыялісты ААТ «Брэстрэстаўрацыя».