Глядач любога фільма асацыюе сябе з галоўным героем, звычайна — станоўчым. Так: гледачу падабаецца перамагаць войска прышэльцаў, па-майстэрску, сабраўшы ўсе сілы ў кулак, забіць боса мафіі або адсекчы галаву цмоку. І зусім не хочацца быць героем, якога акунаюць галавой у лайно.

Або такім героем, які губляе сваё каханне і ў канцы выпрабаванняў апынаецца ў аўтазаку. Іншыя станоўчыя героі «Жыве Беларусі», якіх прэсуе жыццё (Вера, стары чарнобылец) таксама не вабяць настолькі, што хацелася хаця б стаць побач з імі. Нават калі не яны самі вінаватыя ў пакручастасці свайго жыцця — які ж гэта кіношны герой, што не справіўся з сітуацыяй?

«Жыве Беларусь» — фільм пра спробы гераізма (вядзенне блога з войска, удзел у выбарах), гераізма, які быў задушаны.

Наш беларускі хлопец Мірон Захарка не выходзіць сухім з вады, а, наадварот, запіхвае сябе ў багну. Няма паратунку: у канцы фільма нават аўтазак не пасвяціў фарамі «на шчасце». Навокал — страх і несвабода. Але калі мы бачым і асэнсоўваем страх і несвабоду, ці не з’ўляецца гэта крокам да свабоды?

Думаю, некарэктна казаць пра Захарку, як пра адзінага галоўнага героя фільма. Ён не самотнік: галоўны герой у фільме — зборны. Гэта ўсе людзі, што супрацьстаяць сістэме, і асноўны чыннік іх гераізма ў тым, што яны бачаць амаральнасць, разлажэнне, заняпад — трагедыю, і не маўчаць пра гэта, прычым не маўчаць сабой.

Фільм «Жыве Беларусь» напісаны і зняты, падаецца, зусім без самацэнзуры. Мала таго, што аўтар не толькі не прыхарошвае рэчаіснасць: ён паказвае нам усю чарнату сваіх адчуванняў (як гэта зрабіў і Аляксей Балабанаў у фільме «Груз 200»).

Таму «Жыве Беларусь» цяжка прыняць: ён не ёсць адлюстраваннем беларускай паўсядзённасці, а тым унутраным светам, які сфармаваўся ў аўтара сцэнара падчас сталення ў Беларусі.

Але ці нашмат святлейшы досвед рэчаіснасці ў тых, хто прайшоў Плошчу, ці нават у тых, хто адмовіў сабе ў магчымасці яе прайсці?

«Жыве Беларусь» у асобна ўзятага чалавека адрозніваецца ад віватаў іншых людзей. Але чаму аўтар сцэнара, які вядомы сваім неўтаймаваным характарам, не заклікае да светлай будучыні праз рэвалюцыю? Думаецца мне таму, што шлях да светлага павінен ісці ад змрочнага, якога ў фільме хапае.

Ёсць рэжысёры, якія сваімі працамі рушаць грамадскую свядомасць. Французская рэвалюцыя 1968 г. сталася ў тым ліку дзякуючы рэжысёрам французскай новый хвалі.
Адзін з іх — Жан-Люк Гадар. Кшыштаф Лукашэвіч, рэжысёр фільма «Жыве Беларусь», і Гадар — не падобныя, але і Беларусь-2013 і Францыя-1968 — таксама розныя.
Тым не менш, што да буржуазнай Францыі ў кіно тады, што да постсавецкай Беларусі ў фільме 2013 года — ёсць адно агульнае: бессэнсоўнасць.
Але бессэнсоўнасць — асабістая. У гадараўскіх фільма прыбіральні прыгожыя, а людзі вакол — нават калі дрэнныя — выкшталцоныя. Але віхур забойстваў і крадзяжоў французы робяць без усялякіх планаў на будучыню — ад няма чаго рабіць.
У постапакаліптычным «Жыве Беларусь» застабілы намагаюцца паказаць героям бессэнсоўнасць іх высілкаў да барацьбы.
Французскія студэнты ад бессэнсоўнасці жыцця перайшлі да дзеянняў, і яны мелі поспех. А што рабіць Захарку, калі яго актыўнасць заўсёды прыводзіць у аўтазак? Думаю, і надалей адказваць для сябе на найважнейшае для беларусаў пытанне «хто мы ёсць?». Адказваць сваёй дзейнасцю, актыўнасцю, жыццём.
Зламаны чалавек, як галоўны герой у аўтазаку, пабіты маральна і фізічна, нічога не можа зрабіць, але гэта не азначае, што сітуацыя вакол застаецца той жа.
З кожным ударам дручка, з кожнай міні-заваёвай свайго права «людзьмі звацца» Беларусь становіцца іншай. І мяняюць яе канкрэтныя людзі: мяняюць на сваім досведзе, на сваёй скуры, на сабе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?