У Токіо накладам 1 тыс. асобнікаў выдадзена кніга вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ў перакладзе на японскую мову «Малітва ветру».

Як паведаміла БелаПАН дацэнт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта, кандыдат філалагічных навук Ала Сакалоўская, у 166‑старонкавае выданне ўвайшлі вершы паэта з яго беларускамоўных зборнікаў «Ксты» і «Быць», раней выдадзеных у Мінску рымска‑каталіцкай абшчынай святых Сымона і Алены. Нагадаем, што за кнігу духоўнай паэзіі «Ксты» Рыгор Барадулін намінаваны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры 2007 года.

Аўтар перакладу — Кашына Гоу — нарадзіўся ў 1972 г. на востраве Хакайда, дзе ў мясцовым універсітэце скончыў філалагічны факультэт і аспірантуру пры ім. З 2001 па 2003 гады працаваў у Мінску ў пасольстве Японіі ў Беларусі.

«На думку японскіх спецыялістаў, Кашына Гоу прадэманстраваў высокае майстэрства перакладу як буйных вершаваных форм, у тым ліку «Рымскага дыпціха. Узрушэнне», прысвечанага папу рымскаму Яну Паўлу II, так і паэтычных мініяцюр, у тым ліку акраверша», — зазначыла А.Сакалоўская.

Кашына Гоу мае вопыт работы з беларускім словам — ён перакладаў творы Алеся Адамовіча і Уладзіміра Караткевіча.

«Малітва ветру» выдадзена намаганнямі прафесара Нагасакскага універсітэта Шунічы Ямашыты, які займаецца вывучэннем праблем радыяцыйнага апрамянення чалавека.

9 жніўня, у 62‑ю гадавіну атамнай бамбардзіроўкі Нагасакі, кніга вершаў Барадуліна была прадстаўлена мэру горада і мясцоваму каталіцкамй архібіскупу. У прэзентацыях удзельнічалі японскія журналісты і беларускія дыпламаты, у тым ліку часовы павераны ў справах Беларусі ў Японіі Леанід Бацяноўскі — аўтар прадмовы да зборніка.

«Трагедыя Хірасімы, Нагасакі і Чарнобыля зблізіла японцаў з беларусамі. У зборніку па‑японску гучыць усхваляванае беларускае слова і малітва ветру, які нясе не чорныя хмары смерці ўсяму жывому, а светыя аблокі для таго, каб зелянелі палі і рунела душа», — зазначыла А.Сакалоўская.

Паводле яе слоў, у канцы верасня ў Мінску запланавана прэзентацыя паэтычнага зборніка Р.Барадуліна, творы якога перакладзены больш чым на 30 моваў свету.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0