«Living with Art»

Каталог карцін… на жаль, часцяком ён складаецца з бляклай перадачы арыгіналаў. Бо перадаць — гэта толькі прыблізна паўтарыць арыгінальную выяву. Кожны з нас зведваў пачуццё расчаравання пасля прагляду каталога: ці ж гэта тая карціна, якую я бачыў на выставе альбо ў музеі, у мастакоўскай майстэрні альбо на сцяне ў знаёмца? Знікае адчуванне самой карціны, яе энергетыкі. Зрэшты, і фатаграфія харызматычнага чалавека ніколі не паўторыць «арыгінал». Паўстае пытанне: як у поўнай меры можна паказаць чароўнасць і настрой карціны?

У межах праекту было рэалізаванае адно з магчымых рашэнняў таго, як расказаць пра карціну, перадаць яе аўру, данесці больш чым проста змярцвелую копію. Гэта рашэнне, якое дае дакументальная фатаграфія: яна паказвае не толькі сам прадмет, а таксама і месца, дзе ён знаходзіцца і ў нейкай ступені атмасферу вакол яго.

Праект паўстаў дзякуючы простай ідэі: прасачыць за лёсам карцін Аляксандра Уолтнера (Alexander Waltner) і з дапамогай дакументальнай фатаграфіі паказаць, як, з аднаго боку, карціны ўплываюць на сваіх уладальнікаў, а з іншага — расказаць пра іх уладальнікаў і іх стаўленне да карцін. Што атачае карціны (не калекцыянера), калі людзі чысцяць зубы, працуюць, гуляюць, засынаюць ці прачынаюцца ўранні. З дапамогай 15 калекцыянераў з Верхняй Аўстрыі, якія ўзялі ўдзел у праекце, аўтар паспрабаваў адказаць на гэтыя пытанні.

Гэтак карціны Аляксандра Уолтнера пачалі новае жыццё ў новым асяроддзі побач з сваімі ўладальнікамі. Напруга і рэлаксацыя, роздум, задавальненне ад мастацтва, спачын для вачэй, дэкарацыя, натхненне — існуе агромністая колькасць форм супольнага іх існавання.

Фатограф, які ў асноўным дакументуе жыццё людзей, гэтым разам Андрэй Лянкевіч стварае новае бачанне твораў мастацтва, робіць гэта пранікліва і творча. Вялізны досвед працы з людзьмі дапамог яму паставіцца да жывапісу Аляксандра Уолтнера як да жывога арганізма.

Андрэй змяшчае карціны ў свет людзей, надае ім іншае атачэнне і ў выніку атрымліваюцца зусім новыя творы. У іх — свежы погляд на жывапіс, які пачынае жыць сваім уласным жыццём, у месцах, зазвычай схаваных ад публікі — кватэрах, сядзібах і офісах, дзе знаходзяць прапіску працы мастака Аляксандра Уолтнера.

Выставу фатаграфій можна паглядзець у мінскай галерэі «Падземка», што месціцца на праспекце Незалежнасьці, 41 да 1 верасня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0