Шмат у чым яна падобная да сусветнай, але месцамі адметная, выключна беларуская. Адметнасці тычацца як матываў, так і лічбачак, якія ў нас бачацца «шыкам». Спачатку пра матывы.

У Літве «пакупныя» нумары звычайна набываюцца для ўшанавання асобы (кароткага імя ці мянушкі), якой належыць аўто.
Па Вільні гойсае рарытэтны кабрыялет з нумарам «Mike», ёсць і іншыя нумары-імёны. Едзе такі на сваім вінтажным ці, наадварот, суперсучасным аўто, знаёміцца з дзяўчынай, а тая адразу ведае, як завуць гэтага «мача». Здаецца, матыў такі.

У нечым гэта падобна на «чорную» plate-культуру, што распаўсюджана сярод музычных выканаўцаў у стылях gangsta-rap, trap, ghetto funk.

Тут усё завязана яшчэ і на назве «брыгадаў», да якіх належаць музыкі, з якіх выйшлі ў свет шоў-бізу (напрыклад, спалучэнне «CR» будзе значыць Crimson Raiders).

Прынцыпова іншы падыход да лічбаў на нумарных знаках — у Кітаі ды «чайна-таўнах». Тут не вешаюць свае імёны на нумары — гэта лічыцца безгустоўем у выкшталцоных азіятаў.

Але, праз сугучнасць пэўных лічбаў і слоў у мове, ва ўсходняй нумаралогіі стварылася нешта кшталту кітайскай гематрыі (гематрыя — адна з плыняў кабалістыкі, якая разглядае атрыбуцыю літар лічбамі).

Сапраўдны кітайскі «пацан» ніколі не павесіць сабе на тачку лічбу «5», бо яна азначае «нельга». Таксама «дрэннай» у Кітаі лічыцца лічба «7». Лічба «4» там значыць «смерць», таму мець яе на аўто — bad luck. Самы «казырны» кітайскі нумар — гэта нумар, дзе ўтрымліваецца паўтор васьмёркі. «8» значыць «квітнець», «быць паспяховым камерцыйна». Нумар з «88» у Малайзіі будзе каштаваць каля $10–30 тыс.

Самы дарагі для кітайца нумар — «288», бо ў кітайскай мове гэта сугучна выразу «лёгка разбагацець-разбагацець».

Дык вернемся ў Беларусь. Відавочна, сваёй гематрыі ў нас няма. Як няма і сваёй ізапсефіі (навукі аб складанні літар слова ў лічбавыя спалучэнні).

Калі беларус вешае сабе на тачку нумар «9999», ён гэта робіць не таму, што ён нейкі глыбінны містык.
Я б нават дадаў, што ён гэта робіць з чыстых пантоў, але не хачу абражаць пачуцці сяброў, сярод якіх ёсць уладальнікі тачак з набытымі «казырнымі» нумарамі.

Згодзімся з тым, што ніхто з беларусаў не бачыць у набыцці нумару «7770» шлях да пазбаўлення ад аварыі. Але нумары такія набывалі, набываюць і будуць набываць, нават калі ДАІ абмяжуе легальныя магчымасці для ўкладання грошай у матэматыку на бамперах. Бо ў нас не так шмат шляхоў паказаць, што ты — «першы хлопец на дзярэўне», а «казырныя нумары» — адзін з простых метадаў тое зрабіць.

Можна таксама канстатаваць наступнае: «казырныя нумары» ствараюць на дарогах Беларусі трэцюю сігнальную сістэму.

Першай сігнальнай сістэмай з’яўляецца свет аўтамабільных брэндаў. Усе кансенсусна разумеюць, што «Лада» — гэта нібыта «ганьба», «Бэха» — нібыта «круць».

Другой сігнальнай сістэмай з’яўляецца ўзрост ды памеры машыны. Усе болей-меней згодныя ў тым, што новая вялізарная «Лада», мабыць, меншая «ганьба», чым трыццацігадовая тройка BMW.

Але вось на тле гэтых зразумелых, бачных і перакладальных на культурную мову любой іншай краіны з’яваў на беларускіх дарогах ідзе яшчэ адно, не вельмі зразумелае, спаборніцтва, дзейнічае яшчэ адно сілавое поле.

Калі коратка, усе нашы казырныя нумары можна падзяліць на тры часткі.

Першая: спалучэнні з паўторамі «555», «777». Іх заўсёды было можна здабыць, яны дэманструюць, што за стырном — чалавек камерцыйна паспяховы, які мае шмат увагі да дробязяў. Асобна стаяць тыя, хто ў нашай — хай сабе зусім не фундаменталісцкай, але ўсё ж такі хрысціянскай — краіне мае на нумарных знаках лічбачку «666». Ці то хлопцы «Новы Запавет» не чыталі, ці адчуваюць сябе «аццкімі сатанамі»… Бо сказана ж проста і даходліва — пра «лічбу звера». Карацей, справа густу, але я б такі нумар не набываў…

Другую катэгорыю складаюць нумары з трыма нулямі перад лічбай. Іх таксама, здаецца, у тэорыі можна было б набыць, але яны, гм, не заўсёды ёсць у наяўнасці.

Усе жадаюць быць «першымі», «другімі» ці «пятымі» ў краіне. Таму, калі бачыш нумарок «0001» — трэба разумець, што тут чалавек не толькі камерцыйна паспяховы, не толькі з увагай да дробязяў, але і — з сувязямі.
Прычым сувязямі на такім узроўні, што лепей без патрэбы сярэдні палец яму не дэманстраваць (быў у мяне выпадак з паказаным пальцам і гонкамі па Партызанскім праспекце, але я неяк лепей напішу пра яго камедыйнае апавяданне).

Урэшце, трэцюю катэгорыю складаюць службовыя спецнумары.

Гэта лічбава-літарныя спалучэнні, якія чалавеку з вуліцы наогул нічога не скажуць, але шкло ў машын з такімі нумарамі будзе таніраваным, а сядзець унутры будзе ну вельмі сур’ёзны чалавек.
Пералічваць гэтыя спецыяльныя спалучэнні я не буду, калі ў вас ёсць знаёмы супрацоўнік ДАІ, ён можа вам гэта распавесці ў прыватнай гутарцы.

Дыскусія пра тое, ці варта набываць «прыгожы» нумар у краіне, дзе на той нумар усё роўна нельга вынесці ўласнае імя (літары ў лічбавай частцы — забароненыя), не мае канца. Не верыце — пачытайце тут. Але мяне ў гэтым усім цікавіць выключна культура.

«Казырны нумар» у нас — гэта не пратэкцыя ад злых духаў, не памагаты у камерцыйным поспеху, але — дэманстрацыя адметнасці ўладальніка як такой, набытая за немаленькія грошы.
У нейкім сэнсе беларускі «прыгожы нумар» — аналаг графіці ў тым сэнсе, у якім прыроду графіці разумеў французскі філосаф Жан Бадрыяр: «тату горада», якое не нясе ніякага сэнсу, ніякага мэсыджу, ніякага містычнага зараду. Графіці кажуць нам ад імя мастакоў: «Я ёсць, хаця мяне тут, на сценцы, быць не можа».
«Казырны нумар» нам дадае: «Я ёсць! І я круты».
Чым «круты» (акрамя таго, што тачку з «казырным нумарам» хутчэй застопіць ДАІ, хутчэй згадае сведка ДТЗ) — пытанне хутчэй для кабалістаў і нумаролагаў. Я ж тут хутчэй згаджуся з меркаваннем юзера Key са згаданага форуму: «Сапраўды прышпільна — „тачыла“ за EUR 100 тыс. з „2796“… Вось гэта — панты».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?